«Трэба вырашаць канкрэтныя пытанні, а не спрачацца, хто галоўны». У Кіеве прайшоў закрыты сход беларускіх ваяроў


Падраздзяленні беларускіх добраахвотнікаў, якія ваююць ва Украіне, 19-20 жніўня правялі закрытую канферэнцыю, у якой удзельнічалі толькі байцы, што непасрэдна ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях. Гэта быў першы такі сход за ўвесь час з пачатку поўнамаштабнай вайны. Прадстаўнікам штабоў і палітыкам прыняць удзел у канферэнцыі не дазволілі. Пра што атрымалася дамовіцца за два дні, распавёў былы баец батальёну «Волат», сузаснавальнік Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў Андрэй Кушняроў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

Прадстаўнікоў штабоў і палітыкаў не пусцілі на канферэнцыю

У канферэнцыі прынялі ўдзел прадстаўнікі 79-й асобнай дэсантна-штурмавой брыгады, атраду «Атам», байцы з Беларускага добраахвотніцкага корпусу, батальёнаў «Волат» і «Ліцвін», якія ўваходзяць у полк імя Кастуся Каліноўскага, Другога Інтэрнацыянальнага легіёну.

Таксама на сход запрасілі грамадзянскія і парамілітарныя арганізацыі – фонд «Вольная Беларусь», ГА «Пагоня», «Паспалітае рушэнне», добраахвотніцкае аб’яднанне беларусаў у Літве «Ліцвіны», арганізацыю дапамогі беларускім добраахвотнікам «Крайт», рэабілітацыйны цэнтр «Ланка».

На сустрэчы не было прадстаўнікоў штабоў, у тым ліку, палка ім. Кастуся Каліноўскага. Таксама не было палітыкаў, не запрасілі і прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага кабінету Валера Сахашчыка. Як зазначыў Андрэй Кушняроў, некаторыя з гэтых асобаў хацелі трапіць на канферэнцыю, але ім не дазволілі.

«Мы ўпершыню за ўвесь час поўнамаштабнай вайны селі за адзін стол перамоваў, каб абмеркаваць пытанні, актуальныя для кожнага баявога падраздзялення, і не для штабоў, а менавіта для людзей, якія ваююць на лініі баявога сутыкнення, – кажа Андрэй Кушняроў. – Мы прынялі рашэнне, што такая платформа для размоваў неабходная, і што яна буде развівацца ў далейшым».

Сярод пытанняў, якія абмяркоўваліся падчас канферэнцыі – вызваленне беларускіх байцоў з расейскага палону, правядзенне дабрачыннага медыйнага марафону для дапамогі сем’ям загінулых беларусаў, а таксама цяжка параненым і іхным сем’ям, супраца з прадстаўнікам парамалітарных арганізацыяў з шэрагу краінаў Еўразвязу.

«Беларусы ваююць на перадавой і не могуць атрымаць пасведчанне ўдзельніка баявых дзеянняў»

Патрэба ў сустрэчы наспела за апошнія паўтара года, бо з’явілася шмат новых беларускіх падраздзяленняў, якія ці аддзяляліся ад Палка Каліноўскага, ці паўставалі з нуля. Яшчэ адной нагодай сталі часта нацягнутыя адносіны паміж штабамі і праз гэта складанасці з арганізацыяй дыялогу.

«Людзі, якім мы далі магчымасць выказацца, большую частку часу праводзяць на перадавой, у іх няма свайго прэс-цэнтру, медыяпрадстаўнікоў. У большасці з гэтых байцоў у Беларусі засталіся сем’і, і яны не могуць паказваць свае твары. Таму мы сёння распавядаем замест іх – яны паставілі свой подпіс, дэлегавалі нам такое права, – распавядае Андрэй Кушняроў. – Сёння нават байцы Палку Каліноўскага, якія прадстаўленыя ў медыйнай прасторы, не заўсёды могуць данесці свае патрэбы да беларускага і ўкраінскага грамадства, што ўжо казаць пра больш дробныя фармаванні. Агулам, найчасцей да грамадскасці даносяцца нейкія дзіўныя палітычныя патрабаванні, але не тое, што патрэбна непасрэдна байцам».

Hавiны
Полк Каліноўскага восенню збіраецца правесці канферэнцыю ва Украіне
2023.08.06 16:05

Сярод патрэбаў, якія хвалююць байцоў, што прымаюць удзел у баявых дзеяннях, былы ваяр «Волату» вылучае юрыдычную і медыную дапамогу, пытанні з легалізацыяй ва Украіне.

«На жаль, не ўсе законы працуюць так, як яны павінны працаваць. Напрыклад, ёсць закон аб атрыманні пасведчання ўдзельніка баявых дзеянняў. Але ў нас амаль няма людзей, якія ваююць на перадавой і ўжо атрымалі б гэтае пасведчанне, – зазначае Андрэй. – Таксама шмат пытанняў, як працаваць з медычным бокам, аказваць дапамогу цяжка параненым. Вельмі слабае месца ў нас – праца з сем’ямі байцоў. Ёсць вялізная дзіра патрэбаў у квадракоптэрах, транспарце, матэрыяльна-тэхнічнай базе на перадавой. Ёсць праблемы з рэкрутынгам байцоў. І адно з самых важных пытанняў – пытанне палонных».

«Батальёны не выбіраюць сваіх палітычных прадстаўнікоў, але тыя нейкім чынам з’яўляюцца»

Паводле сузаснавальніка Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў, частая з’ява сёння – калі байцы з перадавой і «штабныя» не знаходзяць узаемапаразуменне.

«Таму нашым свядомым рашэннем было не запрашаць прадстаўнікоў штабоў на канферэнцыю, бо нам трэба вырашаць канкрэтныя пытанні, а не вырашаць, хто тут галоўны. І ў нас атрымалася не пасварыцца. Калі мы цягам двух дзён сядзелі за адным сталом, гэта быў момант найбольшага адзінства, які ў нас увогуле некалі быў. Мы прыйшлі да цэлага шэрагу рашэнняў. Штабы так не могуць, ва ўсялякім выпадку за ўвесь гэты час яны так і не селі за стол перамоваў», – кажа Андрэй Кушняроў.

Паводле былога ваяра, даўно ідуць размовы аб патрэбе перафарматавання добраахвотніцкіх фармаванняў.

«Ёсць наратыў, што добраахвотніцкія батальёны – гэта выключна вайсковыя падраздзяленні. Насамрэч гэта не так. Добраахвотніцкі батальён – гэта палітычнае ваенізаванае фармаванне. Пры гэтым вайсковыя пытанні вырашаюцца ў парадку іерархіі, а палітычныя павінны вырашацца дэмакратычным шляхам. У нас у батальёнах ніхто не выбірае дэмакратычным шляхам сваіх палітычных прадстаўнікоў, але тыя нейкім чынам з’яўляюцца», – зазначае былы баец.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Полк Каліноўскага / Telegram

Асноўнае палітычнае пытанне, якое вымушаныя вырашаць добраахвотнікі ва Украіне – абарона сваіх правоў, кажа Андрэй Кушняроў. Сярод іх – выплаты сем’ям загінулых, параненым, легалізацыя, умовы кантрактаў.

«Беларусы ў складзе ЗСУ актыўна выкарыстоўваюцца медыйна як беларускімі палітыкамі, так і ўкраінскім бокам, а шмат якія пытанні застаюцца без вырашэння, – кажа былы добраахвотнік. – У прыватнасці, цяпер у нас шмат пытанняў да законапраекту пра замежных добраахвотнікаў, і салдаты, якія ваююць, і якіх датычыць гэты закон, хацелі б сказаць сваё слова і паказаць, што ім насамрэч патрэбна».

«Добраахвотнікі сканчаюцца. Украіна павінна быць зацікаўлена ў прыцягненні байцоў»

Андрэй Кушняроў таксама прыводзіць прыклад прыняцця пастановы аб адмене выплатаў сем’ям загінулых ва Украіне беларусаў. Былы ваяр кажа, што былі спробы некаторых прадстаўнікоў штабоў развязаць гэтую праблему, аднак пакуль беспаспяхова, таму цяпер самі байцы ў тым ліку праз такія канферэнцыі, як адбылася, пастанавілі знайсці шляхі вырашэння.

«Мы сядзім у акопах і паміраем за Украіну, і ў нас загінулі ўжо больш за 50 чалавек. Некалькі байцоў узнагароджаныя вышэйшымі ўзнагародамі – атрымалі званне Героя Украіны ў тым ліку, не кажу ўжо пра вялізную колькасць іншых узнагародаў. Як ваяры мы, беларусы, на вельмі добрым рахунку. Мы найчасцей ваюем не ў шараговых мотастралковых частках, а ў частках, якія знаходзяцца на самых актыўных участках фронту – Данецк, Бахмут. Гэта заўсёды вастрыё атакі ці абароны. І мне падаецца, што людзі цалкам заслужылі тут свае свае правы, яны іх аплочваюць крывёю», – кажа былы баец.

Абарона беларускіх добраахвотнікаў на заканадаўчым узроўні знаходзіцца ў тым ліку ў інтарэсах Украіны, перакананы Андрэй Кушняроў.

«Вайна становіцца зацяжной. Па ацэнках байцоў, яна будзе працягвацца мінімум год, магчыма, больш. Таму ўстае пытанне пра чалавечыя рэсурсы – хто будзе ваяваць. Ёсць вялізная колькасць ахвочых сядзець на 2, 3, 5 лініях, але добраахвотнікі, якія гатовыя быць наперадзе, сканчаюцца. Адпаведна, Украіна зацікаўлена ў прыцягненні людзей, якія гатовыя рызыкаваць сваімі жыццямі дзеля яе. На мой погляд, павінны быць ствараныя ўсе ўмовы, каб не толькі беларусы, але і іншыя замежнікі прыязджалі».

Былы баец зазначае, што цяперашняя неабароненасць беларусаў ва Украіне часам адштурхоўвае патэнцыйных ваяроў.

«Мы часам чуем – куды ехаць, Украіна так да нас ставіцца, а мы паедзем за яе ваяваць – маўляў, не, дзякуй. Калі чалавеку кажуць, што ён паўгода будзе чакаць ваенны білет, чалавек не разумее, як ён будзе жыць тут гэтыя паўгода, хадзіць на баявыя заданні без ваеннага білету, і значыць, без нейкіх гарантыяў, фактычна, незаконна. На такія ўмовы людзі не хочуць. Гэта на пачатку вайны мы не асабліва думалі пра гэтую бюракратыю, потым сутыкнуліся і зразумелі, што гэтыя праблемы трэба вырашаць».

На сённяшні дзень, паводле сузаснавальніка Асацыяцыі беларускіх добраахвотнікаў, ва Украіне ваююць парадку 500 чалавек. Непасрэдна на лініі баявога сутыкнення знаходзяцца прыкладна 300 чалавек ва ўсіх падраздзяленнях. Каля 50 ваяроў загінулі. Двое больш за год знаходзяцца ў расейскім палоне, пра іх няма ніякіх звестак, і адно з пытанняў, якое абмяркоўвалася падчас канферэнцыі – шляхі атрымання інфармацыі пра іх, каб можна было сказаць сваякам, ці яны ўвогуле яшчэ жывыя.

Hавiны
Ва Украіне загінуў яшчэ адзін беларускі добраахвотнік
2023.08.06 14:04

Ганна Ганчар belsat.eu

Стужка навінаў