Паўночная Карэя заявіла, што праз дзеянні ЗША і Паўднёвай Карэі можа ўжыць ядравую зброю


Падставаю для выкарыстання ядравай зброі можа стаць размяшчэнне ля берагоў Паўднёвай Карэі амерыканскай атамнай субмарыны, заявіў міністр абароны Паўночнай Карэі Канг Сун Нам.

Паўночная Карэя.
Фота: Getty Images

Паводле міністра, размяшчэнне ў Паўднёвай Карэі амерыканскай зброі, такой, як авіяносцы, бамбавікоў ці ракетных субмарынаў, можа адпавядаць умовам для выкарыстання КНДР ядравай зброі.

«Заўважнае нарошчванне стратэгічных сродкаў, уключаючы стратэгічны ядравы падводны човен, можа адпавядаць крытэрам ужывання ядравай зброі, вызначаным у нашым заканадаўстве», – сказаў Канг Сун Нам.

Падставаю для заяваў сталася субмарына ЗША класу «Ohio» з балістычнымі ракетамі, якая ў пачатку гэтага тыдня ўпершыню з 1980-х гадоў прыбыла ў порт паўднёвакарэйскага гораду Пусан.

У КНДР заявілі, што пасля прыбыцця субмарыны «перспектывы вайсковага сутыкнення на Карэйскім паўвостраве ператварыліся ў небяспечную рэчаіснасць», бо ЗША і Паўднёвая Карэя нібыта спрыяюць эскалацыі напружанасці ў рэгіёне. Таксама ўлады КНДР крытыкуюць першую сустрэчу Кансультатыўнай групы ў ядравых пытаннях.

Міністэрства нацыянальнай абароны Паўднёвай Карэі ў адказ заявіла, што прыбыццё амерыканскай субмарыны і сустрэча Кансультатыўнай групы – гэта «проста абарончыя захады супрацьдзеяння» ядравым і ракетным пагрозам КНДР.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў