Пяць краінаў Еўразвязу заклікаюць забараніць імпарт збожжа з Беларусі і Расеі


Міністры сельскай гаспадаркі Латвіі, Літвы, Польшчы, Чэхіі і Латвіі звярнуліся да Еўракамісіі з просьбаю забараніць імпарт збожжа з Расеі і Беларусі ў краіны Еўрапейскага Звязу. Зварот ініцыявала Літва. Падпісанты звароту заклікаюць краіны ЕЗ да супрацы для рэалізацыі абмежавання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Як адзначыў міністр сельскай гаспадаркі Літвы Кястуціс Навіцкас, санкцыі ЕЗ супраць Расеі недастатковыя, і неабходна дадаткова абмежаваць паступленне расейскіх тавараў у Еўразвяз.

«У той час як Расея вядзе жорсткую, незаконную вайну супраць Украіны, яе збожжа працягвае паступаць на рынак ЕЗ. Напрыклад, у 2023 годзе ЕЗ імпартаваў 1,53 мільёна тонаў расейскага збожжа на суму 437,5 мільёна еўраў», – сказаў міністр.

Міністры падкрэсліваюць, што Расея з дапамогай прыбытку ад экспарту збожжа ў ЕЗ фінансуе вайну з Украінай. Акрамя таго, такім чынам яны хочуць змагацца з канкурэнцыяй.

«Як краіны – сябры ЕЗ, мы лічым неабходным выканаць наш маральны абавязак і спыніць любую гандлёвую дзейнасць, што можа ўмацаваць магчымасці Расеі і Беларусі, якая яе падтрымлівае, працягваць канфлікт ва Украіне, тым больш што расейскі імпарт можа ўключаць скрадзенае збожжа з акупаваных украінскіх тэрыторыяў», – гаворыцца ў звароце.

Рада Еўразвязу на ўзроўні міністраў сельскай гаспадаркі і рыбалоўства плануе абмеркаваць гэтае пытанне 26 сакавіка. Тым часам Еўракамісія замест забароны рыхтуецца ўвесці мыты на імпарт збожжа з Беларусі і Расеі.

Каментар
Еўрадэпутат: лепш забараніць, а не абмяжоўваць імпарт збожжа з Беларусі і Расеі ў ЕЗ
2024.03.19 20:54

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў