Калі дзікія жывёлы масава пачнуць выбягаць на дарогі і якія аўтатрасы самыя небяспечныя


Па статыстыцы красавік – самы папулярны месяц для ДТЗ з удзелам жывёлаў. А хто, дзе і часцей за ўсё правакуе інцыдэнты на дарозе?

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Kirill Kukhmar / TASS / Forum

У параўнанні з 2022 годам, у 2023 годзе колькасць такіх ДТЗ павялічылася на 11,7 працэнта. Усяго за 365 дзён мінулага года загінула 3439 жывёлін па ўсёй краіне, з іх:

  • 8 ланяў;
  • 2 плямістых аленя;
  • 4 бабра;
  • 96 высакародных аленяў;
  • 150 кабаноў;
  • 915 ласёў;
  • 2264 казулі.

Такім чынам, паводле статыстыкі, часцей за ўсё кідаюцца пад колы аўтамабіля ласі і казулі. Акрамя таго, першыя з іх найболей небяспечныя і для чалавека: з-за памераў і масы цела ў ДТЗ пры ўдзеле ласёў часцей за ўсё гінуць людзі.

Найбольш няўдалымі ў дачыненні да такіх дарожных інцыдэнтаў па-ранейшаму застаюцца рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі з індэксам «М» – М2, М4, М6, М1 і М5, расказалі ў Бярозаўскай міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету.

«Дзікія жывёлы найбольш актыўныя ў цёмны час сутак, таму з надыходам змяркання трэба праяўляць павышаную пільнасць і выбіраць адпаведны хуткасны рэжым», – адзначылі ў Дзяржінспекцыі.

У ведамстве звярнулі ўвагу, што павышаную небяспеку ўяўляюць сабой участкі дарог з «блізкаразмешчанай драўняна-хмызняковай расліннасцю».

Таксама ў МУС распавялі, у якія з дзён тыдня адбываецца больш за ўсё падобных дарожных здарэнняў. Так, напрыклад, летась часцей за ўсё пад колы жывёлы траплялі ў панядзелак, чацвер і пятніцу, а вось на працягу 2021-2022 гадоў – у пятніцу, суботу і нядзелю. З чым гэта звязана, супрацоўнікі ведамства не патлумачылі.

Больш за ўсё загінуўшых жывёлаў у мінулым годзе зафіксавалі ў:

  • Менскай вобласці (984 выпадкі);
  • Гарадзенскай вобласці (585 выпадкаў);
  • Віцебскай вобласці (538 выпадкаў).

На Магілёўшчыне ў 2023 годзе загінула 487 жывёлаў, на Гомельшчыне – 448, а ў Берасцейскай вобласці гэтая колькасць была найменшай – 390.

У краінах Еўрапейскага звязу паказчыкі таксама вялікія. Так, напрыклад, у Германіі ў 2022 годзе ў выніку сутыкненняў з аўтамабілямі загінула 240388 дзікіх жывёлаў, у Швецыі – 65660.

«Дарожна-транспартныя здарэнні з удзелам дзікіх жывёлаў – праблема складаная і шматгранная, якая патрабуе адначасовага прымянення цэлага комплексу ўзаемадапаўняльных мерапрыемстваў», – адзначылі ў Дзяржінспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету Беларусі.

Пры гэтым супрацоўнікі ведамства дадалі, што ўстаноўка загараджальных збудаванняў уздоўж аўтамабільных дарог і пераходы для дзікіх жывёлаў «з’яўляюцца дастаткова дарагімі мерапрыемствамі».

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў