Выцек з чыноўніцкіх кабінетаў: улады задумалі ўтрымаць гадавую інфляцыю ў 3,5 %


Напрыканцы 2023 года ўлады планавалі, што сёлета інфляцыя ў Беларусі не перавысіць 3,5 %. Гэта вынікае з дакументу «для службовага карыстання», які арганізацыя «BELPOL» перадала «Белсату». Як улады захацелі ўтаймаваць рост цэнаў?

спажывецкія прадукты
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аляксандр Побат / 1prof.by

Летась, паводле Белстату, цэны выраслі на 5,8 % пры прагнозе 7–8 %. 19 лютага на калегіі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю кіраўнік ведамства Аляксей Багданаў заявіў, што вынікі 2023 года «паказалі слушнасць абранай стратэгіі зніжэння інфляцыі».

«Абраная стратэгія» – гэта, найперш, дзяржаўнае рэгуляванне цэнаў. «Белсат» ужо пісаў пра небяспеку такога штучнага стрымлівання: наўпрост кажучы, цэны працягваюць расці, толькі нябачна. Рана ці позна іх давядзецца адпускаць, і тое, што эканамісты называюць інфляцыйным навесам, абрынецца на нас з усяе моцы.

Мэты на сёлета міністр Багданаў акрэсліў так: «Галоўная задача – не дапусціць росту цэнаў на ўнутраным рынку». Улады плануюць і надалей утаймоўваць цэны ў ручным рэжыме.

«Вядзём шчыльны дыялог з бізнес-асяроддзем і дзяржорганамі, каб своечасова рэагаваць і карэктаваць пастанову № 713 аб сістэме рэгулявання цэнаў, бо тыя ўмовы, што прывялі нас да цэнавага рэгулявання, нікуды не зніклі: санкцыі і праблемы ў лагістыцы ўсё яшчэ прысутнічаюць. Таму расслабляцца ні ў якім разе не варта. Трэба, наадварот, яшчэ больш напружана працаваць, каб выканаць усе пастаўленыя задачы», – загадаў чыноўнік.

Аналітыка
Эканоміка Беларусі больш не можа хутка расці, а цэны могуць – прагноз на 2024 год
2023.12.21 15:48

Пры гэтым інфляцыя ў Беларусі разганяецца: калі ў верасні год да года была 2 %, то ў кастрычніку – ужо 3,7 %, у лістападзе – 5,4 %, у снежні – 5,8 %, а ў студзені сёлета год да года – 5,9 %.

Паводле афіцыйнага прагнозу, у 2024 годзе цэны мусяць вырасці не больш чым на 6 %. Аднак з дакументу, які «Белсат» атрымаў ад ініцыятывы «BELPOL», вынікае, што ўлады плануюць (або планавалі) дасягнуць паказніка ў 3,5 %.

Эканамістка даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна ў каментары «Белсату» адзначыла, што дакумент выглядае блізкім да сапраўднага:

«Новае рэгуляванне цэнаў акурат прадугледжвае, каб упісацца ў межы 3,5 %. Гэты дакумент можа быць для ўнутранага карыстання як мэтавы арыенцір. Пры гэтым калі мэта не будзе выкананая, – нічога страшнага, бо афіцыйны парог інфляцыі – 6 %».

Адмыслоўца звярнула ўвагу, што галоўную надзею чыноўнікі ўскладаюць на ўлюбёны спосаб: штучнае жорсткае стрымліванне цэнаў. Аднак яшчэ прапанавана замарозіць тарыфы на камунальныя паслугі, на паслугі транспарту, цэны на паліва, сувязь, лекі. Планавалася, што будзе дазволена павышаць толькі базавую велічыню і стаўкі акцызаў.

«Калі так будзе адбывацца, то дзяржава, натуральна, будзе вымушаная дадаткова падтрымліваць гэтыя галіны за кошт бюджэтных сродкаў – субсідый, альбо гэта будуць нейкія ільготныя крэдыты. Імаверна, будзе пераразмеркаванне артыкулаў бюджэту, напрыклад, могуць знізіць выдаткі на інвестыцыйныя мэты», – разважае Лузгіна.

Ці быў у выніку ўхвалены гэты дакумент – невядома. Эканамістка не выключае, што ад прапісанага там сцэнару не адмовіліся: «Гэта такі аптымістычны сцэнар, якога было б пажадана дасягнуць, а калі не атрымаецца, то будуць арыентавацца на базавы сцэнар з інфляцыяй у 6 %».

Суразмоўніца «Белсату» падсумавала, што дасягнуць паказніка гадавой інфляцыі ў 3,5 % будзе цяжка:

«Мы не бачым, якую эканамічную палітыку дзяржава плануе праводзіць у астатнім, напрыклад, у стымуляванні вытворчасці, субсідавання, што датычыць крэдытнай палітыкі. Калі будзе захоўвацца стымулюючая ў астатнім эканамічная палітыка, то нават стрымліванне цэнаў не дазволіць выйсці на ўзровень у 3,5 %. Таму гэты дакумент не для агульнага карыстання, а для абмежаванага кола асобаў».

Hавiны
Высокі попыт і Расея. ЕАБР патлумачыў прычыны росту інфляцыі ў Беларусі
2024.02.19 11:04

У арганізацыі «BELPOL» кажуць, што атрымалі гэты службовы дакумент ад крыніцаў з Беларусі. Выглядае, што ён быў падрыхтаваны і абмяркоўваўся ў лістападзе – снежні, бо ў аналітычных заўвагах даюцца звесткі за студзень – кастрычнік 2023 года.

Сярод прапанаваных захадаў у справе ўтаймоўвання цэнаў – стымуляванне попыту на зробленае ў Беларусі, прапісанае даручэнне Нацбанку «павысіць даступнасць крэдытаў пры набыцці айчынных тавараў». 29 снежня ўрад прыняў адпаведную пастанову, і «Беларусбанк» пачаў пазычаць грошы на пакупку прадукцыі шмат якіх беларускіх прадпрыемстваў пад 4 % гадавыя.

Hавiны
«Беларусбанк» будзе выдаваць крэдыты пад 4% гадавых. На што іх можна будзе ўзяць?
2023.12.30 11:44

Акрамя таго, Мінфіну і МАРГу даручана «разгледзець магчымасць» зніжэння на гэты год падатку на дадатковую вартасць «на асобныя катэгорыі харчовых тавараў».

Таксама некалькі ведамстваў і дзяржаўных органаў атрымалі загад абмежаваць падвышэнне максімальна на 3,5 % цэнаў вытворцаў сельскагаспадарчай прадукцыі і розных тарыфаў. Прадугледжваецца захаваць дырэктыўныя цэны на «баршчавы набор» (бульбу, буракі, капусту, моркву, цыбулю) і яблыкі, гуркі ды памідоры, калі ў кастрычніку – снежні сёлета яны падаражэюць болей чым на 3,5 % год да года.

У дакуменце чыноўнікі пазначылі плюсы і мінусы прапанаваных захадаў. Станоўчыя – такія:

  • рост рэальных прыбыткаў беларусаў;
  • фармаванне нізкіх інфляцыйных чаканняў у грамадзянаў;
  • сігнал вытворцам аб неабходнасці скарачаць выдаткі і павялічваць экспарт, каб кампенсаваць недаатрыманую выручку;
  • павышэнне цікавасці да беларускіх тавараў дзякуючы танным крэдытам.

Негатыўныя наступствы чакаюцца такія:

  • зніжэнне прыбыткаў у рэальным сектары, адсюль – менш магчымасцяў падвышаць заробкі і павялічваць інвестыцыі, вынік – сцісканне ВУП;
  • рост зваротных крэдытаў пры змяншэнні інвестыцыйных;
  • змяншэнне паступленняў у бюджэт грошай ад падатку на дадатковую вартасць;
  • выдаткоўванне дадатковых грошай на субсідыі асобным галінам эканомікі, якія ў выніку стрымлівання цэнаў недаатрымаюць выручку (на ЖКГ – 30 млн, транспарт – 70 млн);
  • зніжэнне інвестыцыйнай прывабнасці праз працяглае рэгуляванне цэнаў.

Гэты выцек з чыноўніцкіх кабінетаў сведчыць, што ўлады бачаць рэальную сітуацыю ў эканоміцы і разумеюць, што яна супярэчыць наратывам, якія прасоўваюцца праз прапагандысцкія медыі. Напрыклад, афіцыйна сцвярджаецца, што Беларусь не страчвае суверэнітэту, а супраца з Расеяй не азначае амаль татальнай залежнасці. У гэты ж час у аналітычных заўвагах у службовым дакуменце напісана:

«Услед за дэвальвацыяй расейскага рубля да долара адбываецца дэвальвацыя беларускага рубля, акрамя 2011 года. Дынаміка інфляцыі ў Беларусі амаль ідэнтычная дынаміцы інфляцыйных працэсаў у Расеі, за выняткам 2011 года». Залежнасць ад Расеі настолькі моцная, што, як адзначаецца ў дакуменце, «сувязь з сусветнай інфляцыяй практычна адсутнічае, за выключэннем 2020–2022 гг.».

Таксама чыноўнікі прызнаюцца, што прычынаю росту цэнаў з’яўляюцца і дзеянні самой улады, бо тыя цэны, якія яны рэгулююць, растуць хутчэй, чым базавая інфляцыя. «За апошнія 20 гадоў рост рэгуляваных цэнаў у сярэднім у 1,3 разы большы за рост базавай інфляцыі», – адзначаецца ў дакуменце. Пры росце базавай інфляцыі на ўзроўні 9 % (за апошнія 10 гадоў) штогадовы прырост цэнаў (тарыфаў) на жыллёва-камунальныя паслугі склаў 19,6 %, тытунёвыя вырабы – 17,7 %, праезд у пасажырскім транспарце – 14 %, бензін – 12,8 %, вышэйшую адукацыю– 12,5 %, лекі – 11 %.

Калі ў мінулым годзе спажывецкія цэны выраслі на 5,8 %, то тыя, што рэгулюе дзяржава, – на 8,1 %. Згодна з аналітычнай даведкай, рэгулюемыя цэны далі 2,1 % гадавой інфляцыі, ці 36 %.

Акрамя таго, аўтары даведкі «для службовага карыстання» прызнаюць праблему дэфіцыту працоўных рук. Аналітыкі папярэджваюць пра рызыку працоўнай міграцыі ў Расею, дзе таксама бракуе працаўнікоў:

«У Расейскай Федэрацыі на асобных рынках адзначаецца дэфіцыт працоўнай сілы. Пры існаванні разрыву і пры павелічэнні попыту на работнікаў імавернасць адтоку кадраў з Беларусі істотна ўзрастае». Згодна з прыведзенымі там звесткамі, найбольш істотныя страты працоўных рэсурсаў адзначаюцца ў галіне інфармацыі і сувязі (на 17,2 % паводле вынікаў 10 месяцаў 2023 года), у тым ліку камп’ютарнае праграмаванне – на 29,9 %. Страты ў астатніх галінах значна меншыя. Напрыклад, у вытворчасці мэблі адток кадраў склаў 13,3 %, у дрэваапрацоўцы – 11,4 %, а грузаперавозках – 8,5 %.

Hавiны
У Беларусі ў 2023 годзе больш звальнялі, чым прымалі на працу
2024.02.01 11:27

Адзін са спосабаў утрымаць кадры – павышэнне заробкаў. Аднак, калі разам з выплатамі не расце прадукцыйнасць працы, узнікае «неабходнасць карэктавання, найперш – за кошт дэвальвацыі», адзначаецца ў аналітычнай даведцы.

Апошнія звесткі, што маюцца на сёння (за студзень – лістапад мінулага года), сведчаць, што розніца паміж ростам заробкаў і індэксам прадукцыйнасці працы павялічваецца. Нагадаем, што ў студзені – лістападзе 2023 года прадукцыйнасць працы павялічылася на 5,5 %, да ўзроўню студзеня – лістапада 2022 года, тады як рэальныя заробкі – на 10,8 %. Таму перад уладамі стаіць складаная задача – адначасова ўтрымаць людзей на працоўных месцах (а для гэтага трэба падвышаць заробкі) і стрымаць інфляцыю (а для гэтага падвышаць заробкі нельга).

Агляд
Крызіс і стагнацыя: эксперты распавялі, як змянілася Беларусь за 2023 год
2024.01.11 15:20

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў