Эканоміка Беларусі больш не можа хутка расці, а цэны могуць – прагноз на 2024 год


Нягледзячы на поспехі беларускай эканомікі ў бягучым годзе, у 2024 годзе яе рост будзе паблізу нуля, а інфляцыя ўжо пачынае разганяцца, лічаць эксперты BEROC. Даведаліся, чаму так адбываецца і чаго чакаць беларусам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Рост на 0 %, калі не будзе шокаў

За 11 месяцаў 2023 года ВУП Беларусі вырас на 3,8 %. Аднак магчымасці для далейшага высокага росту скарачаюцца з-за дэфіцыту работнікаў, недахопу вытворчых магутнасцяў і ўскладнення лагістыкі.

«Працяг экспансіянісцкай эканамічнай палітыкі [накіраванай на дасягненне паказнікаў без якаснага паляпшэння эканомікі. – Рэд.] будзе весці не столькі да нарошчвання выпуску хуткімі тэмпамі, колькі да паскарэння інфляцыі і пашырэння дэфіцыту замежнага гандлю», – піша BEROC.

Таму, калі па выніках года эксперты чакаюць рост ВУП каля 3,8–4 %, то ў 2024 годзе толькі 0–2 % пры ўмове, што не будзе моцных шокаў.

BEROC ужо папярэджваў, што эканоміка перагрэтая і яе рост вядзе да назапашвання дысбалансаў. Цяпер атрымліваецца, што эканоміка і расці асабліва не будзе, і застанецца разбалансаваная.

«Прыярытэты ва ўнутранай палітыцы зрушаныя з падтрымання макраэканамічнай стабільнасці на стымуляванне эканамічнай актыўнасці. Выбраныя ўладамі метады стымулявання (залішне мяккая грашова-крэдытная палітыка, нарошчванне дырэктыўнага крэдытавання і бюджэтных расходаў, адміністрацыйны ўплыў) здольныя ўздзейнічаць на выпуск толькі ў кароткатэрміновым перыядзе. Іх працяглае ўжыванне абумоўлівае дысбаланс попыту і прапановы – перагрэў эканомікі, маштаб якога папярэдне ацэньваецца ў 2–3 % патэнцыйнага ВУП у IV квартале 2023 года.

Следствам гэтага, а таксама пагаршэння цэнавых умоваў гандлю, сталі вяртанне сальда вонкавага гандлю таварамі да дэфіцыту, павышэнне пагрозы далейшага пагаршэння стану вонкавай пазіцыі і актуалізацыя інфляцыйнай пагрозы», – лічаць эканамісты.

Рэпартаж
Вялікі сыход: чаму пусцеюць беларускія гандлёвыя цэнтры
2023.12.11 07:16

Рост цэнаў па выніках года да 6 %, а далей – больш

Гадавая інфляцыя паскорылася з 3,7 % у кастрычніку да 5,4 % у лістападзе. Цэны сталі расці хутчэй, як на рэгуляваныя тавары і паслугі, так і на плодаагароднінную прадукцыю.

«Падаражэнне гародніны і садавіны можа быць звязана з пагаршэннем якасці ўраджаю ў бягучым годзе, пераносам на цэны паслаблення рубля да долара і еўра і, магчыма, прыярытэтам экспарту перад продажамі на ўнутраны рынак. Паскоранае павышэнне рэгуляваных цэнаў можа сігналізаваць аб нарастальным ціску выдаткаў у асяроддзі перагрэву эканомікі», – працягвае BEROC.

У лістападзе моцна знізіліся цэны на турыстычныя паслугі, але яны няўстойлівыя і могуць хутка мяняцца, адпаведна, падштурхнуць інфляцыю ўверх. А цэны на паслугі, дзе высокая доля выдаткаў прыпадае на заробкі, моцна расла. Маюцца на ўвазе бытавыя  паслугі, медычныя, нерэгуляваныя камунальныя, навучальныя курсы, паслугі у сферы культуры і спорту.

«Гэта ўказвае на праінфляцыйны ціск з боку рынку працы (дэфіцыт работнікаў) і залішняга попыту ў эканоміцы», – піша BEROC.

Па выніках года эксперты прагназуюць 5,5–6 % інфляцыі.

«Рост цэнаў мае перадумовы да павышэння ў першай палове 2024 года з-за выдаткаў, якія ўзрастаюць у асяроддзі перагрэтай эканомікі. Разам з тым абмяжоўваць і запавольваць працэс пераносу выдаткаў у спажывецкія цэны будзе захаванне строгага кантролю цэнаў», – адзначае BEROC.

Шмат будзе залежаць ад палітыкі Нацбанку. Ён, падобна, бачыць праблему інфляцыі і спрабуе рэагаваць на яе. Напрыклад, са студзеня 2024 года павысіць патрабаванні да рэзервовых адлічэнняў банкаў у валюце. І справа тут не толькі ў дэдаларызацыі, лічаць эксперты.

«Павышэнне нормы рэзервавання па валютных абавязках банкаў на 2 працэнтныя пункты дазволіць выключыць парадку 0,6 млрд рублёў залішняй ліквіднасці», – піша BEROC.

Гэта значыць Нацбанк спрабуе забраць у банкаў лішнія грошы, якія могуць выліцца ў новыя крэдыты, а затым у павышэнне попыту і рост цэн. Аднак у банкаў усё роўна застанецца занадта шмат грошай. У апошнія месяцы прафіцыт вагаецца паблізу 2–3 млрд рублёў.

Як будзе далей складвацца сітуацыя з цэнамі і ростам ВУП будзе залежаць ад таго, якую палітыку выберуць улады: спрабаваць стымуляваць рост эканомікі ці імкнуцца да макраэканамічнай стабільнасці. «Здаровым працэсам» было б запаволенне росту ВУП да 1 %, лічаць эксперты.

Hавiны
Стаўкі па крэдытах вырастуць: Нацбанк павысіў велічыні стандартнай рызыкі на снежань
2023.11.27 12:40

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў