Ганяць, але ездзяць. Прапагандысты працягваюць вандроўкі ў «ненавісны» ЕЗ


У час, калі простым беларусам складана атрымаць шэнгенскую візу, звязаныя з беларускімі ўладамі асобы бесперашкодна ездзяць у ЕЗ. «Белсат» заўважыў, што ў краіны «загніваючага» Захаду любяць падарожнічаць пісьменнік і прапагандыст Вячаслаў Бандарэнка, вядоўца тэлеканалу СТВ Вольга Бурлакова і супрацоўніца Вярхоўнага суда Таццяна Брысіна.

Вядоўца СТВ Вольга Бурлакова на Канарах, Іспанія. 2 чэрвеня 2023 года.
Фота: olga.burlakova.official / Instagram

Пад заходнімі санкцыямі цяпер шмат якія асобы, звязаныя з рэжымам, створаным Аляксандрам Лукашэнкам: чыноўнікі, суддзі, супрацоўнікі і кіраўнікі дзяржаўных медыяў. Некаторыя, як, напрыклад, першы намеснік старшыні Белтэлерадыёкампаніі Сяргей Гусачэнка, намагаліся аспрэчыць у судзе абмежавальныя захады, аднак беспаспяхова.

Неаднойчы ўзнікалі скандалы, калі адыёзных асобаў, якія не трапілі пад санкцыі, бачылі ў краінах Еўразвязу. Так было з Уладзімірам Базанавым, колішнім старшынём Беларускай федэрацыі футбола, які цяпер намеснік старшыні асацыяцыі. Яго заўважалі каля гандлёвых цэнтраў у Польшчы, функцыянер ездзіў у Чэхію ў 2021 годзе (праўда, адтуль яго «папрасілі», ануляваўшы тады візу), аднак летась ён нанова пабываў у ЕЗ – у Фінляндыі. Нарэшце, у лістападзе сёлета, калі Базанаў чарговы раз ехаў у Еўразвяз, на польскай мяжы яму адмовілі ва ўездзе і зноў анулявалі візу.

Hавiны
«Палітык» Васкрасенскі застаўся без візы, але збіраецца абмяркоўваць абмен Пачобута
2023.04.14 12:51

Падобная гісторыя адбылася з палітычным дзеячам Юрыем Васкрасенскім, якога ў сёлетнім студзені заўважылі ў Кракаве. Праз некалькі месяцаў ён паскардзіўся, што яго прызналі «пагрозаю нацыянальнай бяспекі ўсяго Еўразвязу», адпаведны дакумент выдалі польскія памежнікі, ануляваўшы ягоную візу. Васкрасенскі сцвярджаў, што гэта было зроблена пасля «даносу Латушкі».

«Мэта Еўропы – разбурыць дзяржаўную мадэль “Белоруссии”»

Гэта словы Вячаслава Бандарэнкі з каментара выданню «Baltnews», што належыць расейскаму агенцтву «Россия сегодня» на чале з Маргарытай Сіманьян і Дзмітрыем Кісялёвым.

Бандарэнка – нарадзінец Рыгі, ён пісьменнік, грамадскі дзеяч, тэле- і радыёвядоўца. Стаўся вядомым дзякуючы працы ў легендарнай камандзе Сяргея Кузіна на FM-станцыях «Бі-Эй» і «Альфа Радыё». Потым у ягонай кар’еры з’явіўся тэлеканал ОНТ, там вёў некалькі перадач, цяпер ён шэф-рэдактар «палітычнага шоу» «ОбъективНО».

Бандарэнка захапляецца гісторыяй Першай сусветнай вайны, цікавіцца тэмаю Грамадзянскай вайны ў Расеі, Белым рухам і агулам Расейскай імперыяй. Ён аўтар кніг пра герояў Першай сусветнай і Вялікай Айчыннай вайны, пра кадэтаў, праваслаўных святароў. У серыі «100 вялікіх» выдаў выданні кшталту «100 вялікіх подзвігаў Расеі», «100 вялікіх айчынных самалётаў» і «100 вялікіх караблёў айчыннага ВМФ».

Вячаслаў Бандарэнка разам з кіраўніком РПЦ на ўручэнні патрыяршай літаратурнай прэміі. Масква, Расея. 31 траўня 2023 года.
Фота: Ігар Палкін / patriarchia.ru

Свята-Елісавецінскі манастыр выдаў некалькі ягоных кніг, у тым ліку кнігу для дзяцей – яна называецца «Будьте солнышками!» і апавядае пра «святога праведнага Алексія Мячова».

У Вячаслава Бандарэнкі багата ўзнагародаў, атрыманых як у Беларусі, гэтак і ў суседняй краіне, у тым ліку медаль Пушкіна ад Уладзіміра Пуціна, ганаровы знак расейскага МЗС «За сяброўства і супрацу», прэмія Лукашэнкі «За духоўнае адраджэнне», патрыяршы знак «За ўклад у развіццё расейскай літаратуры» ад кіраўніка РПЦ.

У інтэрв’ю прапагандысцкаму выданню «Baltnews» у разгар міграцыйнага крызісу ў 2021 годзе Бандарэнка абвінаваціў «калектыўны Захад» у планах «разбурыць існыя ў Беларусі і Расеі дзяржаўныя мадэлі і стварыць там прынцыпова новыя, “нармальныя” у еўрапейскім разуменні дзяржавы»:

«Няма сумневу, што Беларусь у яе цяперашнім выглядзе ім глыбока ненавісная – проста як прынцыпова іншы тып дзяржавы. У сучасным свеце ўсё павінна быць стандартна, прыгладжана, гендэрна справядліва, «дэмакратычна», міла і прыемна. Той, хто выбіваецца за гэтыя рамкі, павінен быць знішчаны, хоць услых гэтага, вядома, ніхто сцвярджаць не стане».

У гэтым артыкуле нашую краіну называюць «Белоруссией».

Але ж такія падступныя і шкодныя планы не замінаюць спадару Вячаславу ездзіць да «еўрапейскіх ворагаў». І, гледзячы на допісы ў ягоным Facebook, гэтыя вандроўкі прыносяць спрэс задавальненне.

Вось Бандарэнка ў жніўні сёлета захапляецца Вільняй: «Кожны раз як у першы».

Вячаслаў Бандарэнка ў Вільні, Літва.
Фота: Вячеслав Бондаренко / Facebook

А вось разам з жонкаю Кацярынай Частновай насалоджваецца напоямі на пляжы ў Паланзе.

Вячаслаў Бандарэнка з жонкаю Кацярынай Частновай у Паланзе, Літва.
Фота: Вячеслав Бондаренко / Facebook

Ён таксама публікаваў нататкі з Талліну і Клайпеды.

Вячаслаў Бандарэнка ацэньвае архітэктуру ў Талліне, Эстонія.
Фота: Вячеслав Бондаренко / Facebook
Замалёўкі Вячаслава Бандарэнкі з Клайпеды, Літва.
Фота: Вячеслав Бондаренко / Facebook

Бандарэнка ахвочы да падарожжаў. У базе, якую «Белсату» перадалі кіберпартызаны, з 2007 па 2020 год зафіксавана амаль 50 яго выездаў за мяжу.

«На Тэнэрыфэ +27. Зайздрошчу сябрам з Беларусі, дзе выпаў снег»

Нарадзінка Баранавічаў Вольга Бурлакова свой другі дом у Іспаніі не хавае. «Жыву на дзве краіны», – напісана ў ейных акаўнтах у сацсетках. Пры гэтым месцам жыхарства пазначана «Adeje, Canarias, Spain».

Бурлакова – актрыса, служыла ў Тэатры-студыі кінаактора, Новым драматычным тэатры. З 2006 года працуе на тэлеканале СТВ, вядзе ранішнюю перадачу «Новое утро», што выходзіць на «РТР-Беларусь». Акрамя таго, з леташняга жніўня, як пазначана ў профілі ў Facebook, працуе ў кінакампаніі «Белроскино».

Вольга Бурлакова ў студыі перадачы «Новое утро», што выходзіць на «РТР-Беларусь».
Фота: olga.burlakova.official / Instagram

У 2021 годзе, паводле звестак, што далі «Белсату» кіберпартызаны, яна змяніла прозвішча на Эйсвальд, калі выйшла замуж.

У акаўнтах Бурлаковай-Эйсвальд у Facebook і Instagram багата фотаздымкаў з Тэнэрыфэ – самага вялікага з Канарскіх астравоў. 24 лістапада яна паведаміла сваёй аўдыторыі, што там 27 градусаў цяпла, але не грэе ёй душу такое надвор’е.

«Хочацца ўжо ў -7. З зайздрасцю гартаю фоты сяброў з Беларусі, дзе ўжо выпаў снег», – напісала калега Рыгора Азаронка.

Праўда, праз тыдзень ужо хвалілася, як у гэтую пару года ходзіць басанож па зялёнай траве. Відэа суправаджае гэштэг #зимовканаканарах.

Пры гэтым спадарыня Вольга не грэбуе іншымі еўрапейскімі лакацыямі: тут і Венецыя, і Парыж, яна піша, што багата вандруе, але больш за ўсё ў стужках сацсетак – Канараў.

У адным з допісаў Бурлакова перад ад’ездам з Менску на Тэнэрыфэ напісала: «Жывучы ў Іспаніі і багата вандруючы па розных краінах, я з кожным вяртаннем усё больш улюбляюся ў Менск. Я і раней лічыла гэтае месца лепшым горадам на Зямлі, а цяпер – пагатоў. Усё-усё-усё ў ім цудоўна, і беларусы ўмеюць гэта цаніць і берагчы».

Можна зрабіць здагадку, што ў Бурлаковай не проста шматгадовая шэнгенская віза, а від на жыхарства ў Іспаніі. «Белсат» звярнуўся па каментары ў міністэрства ўнутраных справаў краіны, а таксама ў міністэрства інклюзіі, сацыяльнага забеспячэння і міграцыі, аднак на нашыя пытанні ведамствы не адказалі. У МУС адзначылі толькі, што «іспанскае заканадаўства не дазваляе даваць такія звесткі на любую асобу».

«skyshaj_menia_nezhno»

Працуе ў Вярхоўным судзе Беларусі – зараз тут: Іспанія. Гэта першае, што кідаецца ў вочы ў акаўнце 33-гадовай Таццяны Брысінай у Facebook.

Скрыншот акаўнту Таццяны Брысінай у Facebook. Крыніца: Татьяна Брысина / Facebook

Пра яе вядома няшмат. Нарадзінка Воршы, працоўную кар’еру пачала ў Аршанскай дыстанцыі цывільных збудаванняў Менскага аддзялення чыгункі. Вышэйшую адукацыю атрымала ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце, і пасля ўладкавалася ў галоўнае ўпраўленне юстыцыі Менгарвыканкаму, а затым – у суд Заводскага раённага суда Менску. Там працавала прэс-сакратаркай. Цяпер яна ў Вярхоўным судзе, аднак якую пасаду займае, высветліць не ўдалося.

Старонка Брысінай у сацсетцы «ВКонтакте» закрытая, мае нікнэйм «skyshaj_menia_nezhno». Акаўнт у Instagram яна нядаўна схавала ад чужых вачэй, але некалькі допісаў «Белсат» паспеў захаваць. Гэта сёлетнія фотаздымкі з геалакацыяй у Іспаніі, Партугаліі, Літве.

Супрацоўніца Вярхоўнага суда Беларусі Таццяна Брысіна на адпачынку ў Іспаніі.
Фота: Zestik2009 / Instagram
Супрацоўніца Вярхоўнага суда Беларусі Таццяна Брысіна ў Паланзе, Літва.
Фота: Zestik2009 / Instagram
Супрацоўніца Вярхоўнага суда Беларусі Таццяна Брысіна на пляжы ў Партугаліі.
Фота: Zestik2009 / Instagram

А на старонцы Брысінай у Facebook апублікаваныя фота з леташніх паездак у Іспанію ў ліпені–жніўні і снежні.

«Белсат» спытаў Еўракамісію, чаму асобы, звязаныя з прапагандысцкімі дзяржаўнымі медыямі, а таксама супрацоўніца карнага органа, Вярхоўнага суда, атрымалі магчымасць вандраваць па краінах ЕЗ, а ў выпадку з Бурлаковай – і жыць там. Некалькі запытаў у аддзел, што адказвае за палітыку ў галіне міграцыі і ўнутраных справаў, засталіся без адказу.

«А як амбасада спраўдзіць?»

У візавай анкеце неабходна пазначыць месца працы, але запіс «Вярхоўны суд» або «Другі нацыянальны тэлеканал» чамусьці не сталі для амбасадаў нагодаю да адмовы. Кіраўнік «BYPOL» Аляксандр Азараў у каментары «Белсату» тлумачыць: заяўнікі, імаверна, хлусяць у анкетах, каб візу ўсё-ткі атрымаць:

«Мяркую, яны пішуць, што нідзе не працуюць, ці падаюць ілжывыя звесткі. А як амбасада спраўдзіць?»

Пры гэтым прапагандыстам не будуць рабіць пашпарты на іншую асобу, каб яны не мелі праблемаў з атрыманнем візы.

«Калі асобу накіроўваюць на заданне, агента якога ці шпіёна, тады могуць выдаць іншы дакумент на іншае прозвішча – супрацоўнікам КДБ, ГРУ, а гэтым прапагандыстам ніхто іншы пашпарт не дасць», – упэўнены Азараў.

Ён заклікаў беларусаў звяртацца да «BYPOL», калі яны заўважаць дзе-небудзь у ЕЗ непажаданую асобу.

«У нас маецца механізм, мы ўжо дасылалі інфармацыю, і людзям візы не давалі», – адзначыў кіраўнік арганізацыі.

«Служкам рэжыму візы дае Вугоршчына»

«Візавы бан» для некаторых асобаў намагаецца ладзіць і «BELPOL», апавёў у размове з «Белсатам» прадстаўнік арганізацыі Уладзімір Жыгар:

«Мы просім беларусаў звяртацца да нас у бота. Чалавек можа паведаміць, што ён кагосьці бачыў, нешта ведае. Далей мы пачынаем спраўджваць, таму што бываюць сітуацыі, калі людзі нам кажуць, што гэта адназначна “ябацька”, а пачынаеш спраўджваць – ніякіх рэальных пацверджанняў няма».

Цяпер «BELPOL» спраўджвае звесткі пра больш чым 20 асобаў, якія могуць быць датычныя да ўладаў у Беларусі.

Hавiны
Алігарх беларускага паходжання Мазепін не змог пераканаць суд Еўразвязу зняць санкцыі
2023.11.08 14:47

«У арганізацыі «BELPOL» маюцца пэўныя магчымасці, што дазваляюць нам інфармаваць дзяржаўныя органы краінаў ЕЗ аб тым, што ў іх знаходзяцца людзі, якія маюць дачыненне да прапаганды, працы на рэжым. Мы збіраем пэўны кейс – доказную базу і перадаём гэтыя матэрыялы», – сказаў Жыгар.

Ён адзначыў, што візы адыёзным асобам любіць даваць Вугоршчына:

«Вельмі шмат прапагандыстаў і служак рэжыму прыязджала ў ЕЗ па шэнгенскіх візах, што адкрываліся праз амбасаду Вугоршчыны. І на Вугоршчыну ў гэтым плане, на жаль, паўплываць немагчыма».

Некаторым такім візіцёрам візы анулявалі памежнікі Польшчы, Літвы і Латвіі, сцвярджае суразмоўца «Белсату». Каб гэтага пазбегнуць, маецца магчымасць трапіць у ЕЗ самалётам – а гэта дорага і доўга, бо наўпроставых рэйсаў няма і трэба ляцець транзітам праз, напрыклад, Грузію ці Турцыю.

«Мы не спецслужба, перад намі не даюць справаздачу дзяржаўныя органы краінаў ЕЗ, але ёсць некалькі ўдалых кейсаў, калі нам дакладна вядома, што людзей выправадзілі з краіны. Мы не можам казаць пра гэтыя выпадкі: такія ўмовы супрацы з дзяржаўнымі органамі краінаў ЕЗ», – падсумаваў прадстаўнік «BELPOL».

Hавiны
БРЦ: «нафтавы гаманец» Лукашэнкі пазбег санкцыяў, схаваўшы сувязь са сваімі кампаніямі
2023.11.15 22:25

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў