У ЕГУ адкрылася выстава, прысвечаная палітзняволеным актывістам рабочага руху і студэнтам універсітэту


Выстава – гэта 52 лаканічныя плакаты. Фотаздымак палітвязня, прысуд і QR-код, дзе можна прачытаць больш інфармацыі пра зняволенага. Наведаць выставу можна ў Вільні, у працоўныя дні ад 9 да 18:00 у галоўным корпусе ЕГУ, які знаходзіцца па адрасе Savičiaus g. 17. Выстава знаходзіцца ў калідоры на 2-ім паверсе вучэльні.

Выстава ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні, Літва. 20 лістапада 2023 года.
Фота: КТ

«Выстава была зробленая з дапамогай студэнтаў і студэнтак ЕГУ. Канешне, на ёй не ўсе палітзняволеныя, а толькі маленькая частка, найбольш вядомыя з іх. Мы ў ЕГУ, як у куточку Беларусі ў Вільні, лічыць неабходным памятаць і нагадваць пра палітзняволеных, асабліва з рабочага руху. Бо яны зараз за кратамі за нас», – кажа Марыя Жарылоўская, юрыстка-праваабаронца, каардынатарка акадэмічнага дэпартаменту сацыяльных навук ЕГУ, якая займалася куратарствам выставы.

Марыя кажа, што такія праявы салідарнасці важныя не толькі для палітзняволеных і іхных сем’яў. Таксама гэта напамін для студэнтаў ЕГУ – трэба рабіць добрыя рэчы і для палітзняволеных, і для будучыні Беларусі.

Марыя зазначае, што ў ЕГУ ёсць сістэма фінансавай падтрымкі для рэпрэсаваных студэнтаў і сваякоў прафсаюзных актывістаў. І ўжо ёсць студэнты, якія карыстаюцца гэтым падтрыманнем.

Апроч актывістаў рабочага руху на выставе прадстаўленыя палітзняволеныя студэнты і выкладчыкі ЕГУ. Сярод іх вядомыя беларускія дзеячы: праваабаронца Наста Лойка, даследчыца Таццяна Кузіна, актывіст Мікола Дзядок, праваабаронца Марфа Рабкова.

Выстава ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні, Літва. 20 лістапада 2023 года.
Фота: КТ

Родная аднаго з герояў выставы выступіла з прамовай падчас адкрыцця: «З беларускімі прафсаюзамі заўжды змагаліся. І рэжым думаў, што яму ўдалося вырваць незалежных рабочы рух з каранямі. Але гэтая канферэнцыя паказвае, што яны не выйгралі. І якія б не былі жудасныя прысуду і жудасныя ўмовы ўтрымання, праца працягваецца. Рух працягваецца. Я ўдзячная за памяць і магчымасць нешта рабіць».

Нягледзячы на тое, што былі ліквідаваныя ўсе незалежныя прафсаюзы, іхныя лідары трапілі за краты, а «Рабочы рух»быў прызнаны экстрэмісцкім фармаваннем, праца працягваецца і з-за мяжы.

Юрысты арганізацыі штодня кансультуюць удзельнікаў арганізацыі, актывісты збіраюць інфармацыю пра парушэнне правоў чалавека для ўвядзення персанальных санкцыяў, робяць гуманітарную дапамогу для семʼяў і вырашаюць візавыя пытанні.

«Насамрэч, праца не спынілася. Ёсць людзі і ў Беларусі, у падполлі. Яны перадаюць інфармацыю калегам, якія цяпер у Еўразвязе», – кажа Марыя Жарылоўская.

Выстава ў Еўрапейскім гуманітарным універсітэце ў Вільні, Літва. 20 лістапада 2023 года.
Фота: КТ

На дадзены момант у зняволенні знаходзіцца 51 актывіст рабочага руху Беларусі. Сярод іх – асуджаныя на вялікія тэрміны кіраўнікі руху. Лідара Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандра Ярашука асудзілі на 4 гады зняволення. Кіраўнік незалежнага прафсаюзу РЭП Генадзь Фядыніч атрымаў вырак у 9 гадоў зняволення ва ўмовах узмоцненага рэжыму. У яго пачаліся праблемы з ныркамі, а таксама ўзмацніўся цукровы дыябет. Актывіст Вацлаў Арэшка, асуджаны на 8 гадоў, амаль страціў зрок у калоніі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў