«Салідарнасць – гэта адзінае, што цяпер у нас засталося». Правілы жыцця Паўла Шарамета


Сем гадоў таму, 20 ліпеня 2016 года, у Кіеве ва ўзросце 44 гадоў быў забіты адзін з самых яркіх, смелых і прынцыповых журналістаў у гісторыі сучаснай Беларусі – Павел Шарамет. Аўтамабіль, у якім ён выехаў з дому на працу, узарваўся, паспеўшы праехаць толькі некалькі дзясяткаў метраў. Журналіст памёр на месцы ад атрыманых траўмаў.

Людзі нясуць труну з целам нарадзінца Беларусі Паўла Шарамета, які загінуў у выніку выбуху аўтамабіля ў цэнтры Кіева 20 ліпеня, падчас цырымоніі развітання з журналістам ва Украінскім доме. Кіеў, Украіна. 22 ліпеня 2016 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

Хоць з моманту гэтага жорсткага злачынства мінула сем гадоў, следчыя дасюль не ўстанавілі праўды і не аднавілі справядлівасці. Афіцыйнае следства ўсё яшчэ не можа даць адказу на пытанне, хто забіў Паўла.

У пачатку 1990-х Павел Шарамет змяніў банкаўскі офіс на працу ў тэлевізійнай студыі Беларускага тэлебачання. За амаль 20-гадовую карʼеру Павел стаўся адным з самых знаных журналістаў трох краінаў – Беларусі, Расеі і Украіны. Тыя, хто блізка ведаў загінулага журналіста, згадваюць яго як чалавека, які карыстаўся аўтарытэтам у калегаў і займаў прынцыповую палітычную ды грамадзянскую пазіцыю.

Павел Шарамет жорстка выказваўся на адрас уладаў у праграмах, кнігах і інтэрвʼю. Праз гэта журналісту даводзілася аказвацца ў турме, мяняць месца працы, а ў 2010 годзе яго нават пазбавілі беларускага грамадзянства. Адмовіўшыся ад працы на Першым канале, а пазней і ад працы на АТР, апошнія некалькі гадоў журналіст жыў і працаваў ва Украіне.

За сем гадоў з дня забойства Шарамета і ў жыцці Украіны, і ў жыцці ягонай роднай Беларусі адбылося шмат драматычных падзеяў. Павел Шарамет дакладна не застаўся б у баку ад іх – і як журналіст, і як грамадзянін. Сабралі ягоныя самыя яркія цытаты.

«Я марыў, што Беларусь будзе свабоднай еўрапейскаю дзяржавай. Я хацеў працаваць на тэлебачанні і рабіць штотыднёвую праграму. Я думаў, што з часам у мяне будзе вялікі дом дзе-небудзь у раёне Раўбічаў ці на Менскім моры, вялікая сямʼя, верныя сябры, цікавая праца… Я сабе і ўявіць не мог у 20 гадоў, што стану беларускім партызанам і бясконца буду трымаць кругавую абарону».

«Я скончыў вельмі блатны факультэт міжнародных эканамічных стасункаў, першы набор у незалежнай Беларусі. Усе мае аднагрупнікі – хто алігарх, хто міністр, хто амбасадар, кагосьці, праўда, пасадзілі ў турму. Я ніводнага дня не пашкадаваў, што не стаў банкірам, хоць мне ўсе казалі, калі я пайшоў з банку на тэлебачанне, што я варʼят».

Жанчына паклала кветкі ля мемарыялу журналісту Паўлу Шарамету ў Кіеве, Украіна. 20 ліпеня 2021 года.
Фота: Sergei Supinsky / AFP / East News

«Беларусы – няшчасны народ, раскіданы па ўсім свеце. Шмат хто з нас у Маскве, Кіеве, Варшаве, мы акружаем сваю радзіму, мабыць, каб яна ад нас далёка не сышла».

«Мы ўсе вінаватыя ў тым, што людзі вакол нас здаюцца, здраджваюць сабе ды іншым, паводзяць сябе, як прыніжаныя і абражаныя рабы. З кожным такім чалавекам, які здаўся, мы ўсе становімся слабейшымі. Сябры, будзьце пільныя, будзьце ўважлівыя да тых, хто побач з вамі, каб не знікнуць паасобку. Салідарнасць – гэта адзінае, што цяпер у нас засталося».

«Можна быць рамантыкам у маладосці і верыць у хімеры, галоўнае – не быць ідыётам і з часам навучыцца адрозніваць ілжывыя міфы ад светлых ідэалаў. Але дакладна не варта аддаць сваё жыццё і сваю памяць на водкуп нягоднікам, якія прымушаюць усіх насіць рознага роду стужкі, прыкрываючы прыгожымі лозунгі свае меркантыльныя і нізінныя інтарэсы».

«Падышоў да нейкай рысы і зразумеў, што жыццё такое кароткае, а рэпутацыя – такая далікатная рэч, што ўсё гэта падпарадкоўваць волі некалькіх палітыкаў – бязглузда і бессэнсоўна».

«Самае страшнае расчараванне – гэта расчараванне ў людзях. Здрада і подласць – гэта самы страшны вірус, бо ён разбурае веру ў людзей, робіць нас падазронымі, недаверлівымі і жорсткімі».

«Галоўнае, што хачу данесці, – гэта місію нашай прафесіі. Што журналістыка – гэта адзін з ключавых грамадскіх інстытутаў. Мы – люстэрка гэтага жыцця. Што без моцных медыяў немагчымая моцная дзяржава».

«Кожны дзень – унікальны, кожны рэпартаж – як апошні».

«Сумленнае імя – наш капітал і наш рэсурс. Нельга звязваць сябе цеснаю сувяззю з якімі-небудзь палітычнымі ці іншымі групамі, бо гэта абмяжуе вашу прафесійную прастору».

«Ёсць сайт, які я стварыў, «Беларускі партызан». Але ад фуа-гра давядзецца адмовіцца. Праблема шмат якіх расейскіх журналістаў у тым, што нейкая частка прадала свабоду за фуа-гра. Нічога, сітуацыя адфільтруе сапраўдных журналістаў ад тых, хто гуляў у ролевыя гульні і паказваў журналіста».

«Калі я толькі прыехаў ва Украіну і спрабаваў размаўляць на ўкраінскай мове, то ўвесь час ужываў польскія і беларускія словы. А цяпер, нават у эфіры, чытаю хвілінаў дзесяць на ўкраінскай. Я не размаўляў па-беларуску, але мне сорамна за такое варварскае стаўленне да роднай мовы. Гэта трагедыя, у Менску вы практычна не пачуеце беларускую мову».

«Я шчаслівы, што лёс прывёў мяне ў Кіеў. Украіна – гэта праект свабоды. Я ўдзячны лёсу, што ён даў мне магчымасць жыць ва Украіне ў гэты час – вельмі цяжкі і фантастычна цікавы час».

Саша Гоман belsat.eu

Стужка навінаў