КНДР два дні вучылася нанасіць ядравы ўдар «па галоўным аб'екце ворагаў»


18 і 19 сакавіка ў КНДР прайшлі комплексныя тактычныя вучэнні, скіраваныя на практычнае ўмацаванне сілаў стрымлівання вайны і здольнасці краіны да ядравай контратакі, на адпрацоўванне парадку і працэсаў выканання адпаведнымі часткамі задання тактычнай ядравай атакі. Пра гэта паведамляе дзяржаўнае агенцтва Паўночнай Карэі ЦКАН.

Ядравыя вучэнні КНДР. 19 сакавіка 2023 года.
Фота: kcna.kp

Як заяўляюць, вучэнні сталі адказам на палітыку ЗША і Паўднёвай Карэі ў рэгіёне, «каб выказаць найцвярдзейшую волю да рэагавання на рэальную вайну і зрабіць папярэджанне супернікам».

Двухдзённыя вучэнні ўлучалі вучэнні для кіравання сістэмаю камандавання ядравым ударам, рэальныя вучэнні пераходу на боегатовасць да ядравай контратакі і вучэнні запуску тактычнай балістычнай ракеты з імітаванай ядраваю боегалоўкаю «па галоўным абʼекце ворагаў».

ЦКАН адзначае: вучэнні пацвердзілі, што «ўсе працэсы рыхтавання да ядравай контратакі працуюць у тэрміновым, строгім і бяспечным рэжыме з высокаю надзейнасцю».

Кім Чэн Ын з дачкою на ядравых вучэннях.
Фота: kcna.kp

Кіраўнік КНДР Кім Чэн Ын адзначыў, што праведзеныя вучэнні значна палепшылі «здольнасці частак і падраздзяленняў да рэальнага бою, якія бяруць на сябе выкананне важнага задання ў агнявым налёце, і ўсе падраздзяленні ўмацавалі ўпэўненасць у сабе». Паводле яго, было важна, каб паўночнакарэйскія вайскоўцы «абвыклі да нечаканай сітуацыі і старанна падрыхтаваліся да неадкладнай, пераважнай і актыўнай ядравай зваротнай гатовасці ў любы час».

Кім Чэн Ын таксама адзначыў неабходнасць нарошчваць «сілы стрымлівання ядравай вайны ў геаметрычнай прагрэсіі».

Hавiны
КНДР падтрымала анексію ўкраінскіх тэрыторыяў і запусціла балістычную ракету над Японіяй
2022.10.04 09:21

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў