Затрыманне, ператрусы, ціск КДБ і параноя. Алесь Крот апавёў пра свой ад’езд з Беларусі


Беларусь сучасная – затрыманні, ператрусы, вобшукі, турма… Чацвёрты год трываюць масавыя катаванні, да якіх падключаныя абсалютна ўсе сілавыя структуры. Праўда, розніца паміж імі ўсё ж ёсць: кожны мусіць дзеяць у межах сваіх першасных абавязкаў. ГУБАЗіК збівае, КДБ – вярбуе. Пра адно з такіх вербаванняў нам расказаў грамадскі актывіст Алесь Крот.

Алесь Крот.
Фота: Social Weekend

Актывізм і жыццё пасля 2020-га

Алесь Крот збольшага вядомы сваёй дзейнасцю ў абароне правоў студэнтаў і моладзі. Доўгі час узначальваў прафсаюзную групу «Студэнцкая рада», Беларускі нацыянальны моладзевы савет «Рада», а таксама некаторы час быў прадстаўніком моладзевага крыла Беларусі ў ААН.

«Я доўгі час займаўся грамадскаю дзейнасцю, працаваў у розных студэнцкіх, моладзевых і апошнім часам ва ўрбаністычных ініцыятывах і арганізацыях.  Больш за 10 гадоў мяне не затрымлівалі. Апошні раз гэта было хіба ў 2013–2014-м, пасля чаго ніякіх адміністратыўных ці крымінальных спагнанняў да мяне не было», – адзначае Алесь.

Мужчына, не зважаючы на зачыстку НДА ў краіне яшчэ ў 2021 годзе і масавы ад’езд калегаў і сяброў, працягваў жыць у Беларусі ажно да канца 2023-га. Актывіст тлумачыць гэты крок тым, што не хацеў з’язджаць і не бачыў прычыны для гэтага, бо нічога супрацьзаконнага ў ягоных дзеяннях не было:

«Нідзе ніякіх каментароў я не пакідаў і фотаздымкаў не вывешваў, за якія на мяне маглі б завесці якую-небудзь крымінальную справу».

Затрыманне

Да мінулага года ў жыцці актывіста быццам усё было даволі спакойна: АМАП не прыходзіў, на размовы не выклікалі. Ажно да 19 кастрычніка 2023-га. Менавіта ў той чацвер сілавыя структуры згадалі пра ягонае існаванне:

«Прыйшлі да мяне па месцы рэгістрацыі. Чакалі маіх родных, калі тыя выйдуць з дому, каб з іхнаю дапамогаю трапіць у кватэру. Я ў гэты момант спаў. Забеглі чацвёра супрацоўнікаў у масках са зброяй і крыкам “На падлогу!”. Разам з імі былі яшчэ тры чалавекі ў цывільным. Пакуль я ляжаў на падлозе, на мяне надзелі кайданкі, паднялі і далі прачытаць пастанову на ператрус у кватэры ў справе нумар… – і вельмі доўгая лічба справы. Я спытаўся, што гэта за такі нумар, на што мне адказалі, што гэта агульная крымінальная справа аб экстрэмізме за 2020 год».

Пастанова была падпісаная КДБ па Менску і Менскай вобласці. Паўтары – дзве гадзіны ў кватэры адбываўся ператрус, падчас якога сілавікі знайшлі налепкі «экстрэмісцкага» характару з выяваю Пагоні, нацыянальнага сцяга, а таксама з надпісамі на падтрыманне Украіны і супраць гвалту.

Алесь Крот. Фота з архіва суразмоўцы

Але на гэтым супрацоўнікі сілавых ведамстваў пастанавілі не спыняцца. Яны спраўдзілі, ці ёсць яшчэ нейкая нерухомасць на тым жа прозвішчы, і знайшлі лецішча за 15 кіламетраў ад Менску. Праўда, актывісту яно не належала – і ператрус па гэтым адрасе ніякага плёну не даў.

Што ж да паводзінаў сілавікоў, прэтэнзіяў Алесь не мае, бо тыя дзеялі досыць далікатна, улічваючы ўсю сітуацыю:

«Затрымлівалі мяне вельмі інтэлігентна, ніякага фізічнага гвалту ў дачыненні мяне не было. Калі ў мяне запатрабавалі пароль ад тэлефона і лэптопа, не было нейкага сэнсу іх хаваць, можа, гэта таксама адлюстравалася на адносінах да мяне. У масках (група захопу) былі амапаўцы, але нават з іхнага боку ўжывання фізічнай сілы не адбылося. Працавалі са мною больш псіхалагічна, запалохваючы наяўнасцю нейкай тэчкі, праз якую можна сесці вельмі надоўга».

Паводле актывіста, ужо постфактум ён зразумеў, што хутчэй за ўсё такая спецаперацыя адразу мела на мэце прымус да супрацы.

Допыт

Пасля ператрусаў Алеся павезлі ў аддзел КДБ на вуліцы Казлова і завялі ў невялікі пакойчык перад асноўнаю прахадною. Там ужо чакаў супрацоўнік, які праводзіў ператрус па месцы рэгістрацыі. Пазней да яго далучыўся яшчэ адзін сілавік, падобна, больш высокага звання. Акурат ён і праводзіў далейшую размову-допыт.

«Збольшага іх цікавіла мая грамадская дзейнасць, чым я займаўся, з кім я знаёмы, куды ездзіў, ці знаёмы з тымі, хто цяпер бярэ ўдзел у розных беларускіх дэмакратычных арганізацыях за мяжой. Я чуў ад іх: “Мы і так усё ведаем”, і не хацелася іншы раз спраўджваць, а што дакладна яны ведаюць. Праз гадзіну – паўтары гэтай размовы мне далі на выбар дзве опцыі: ехаць у турму альбо падпісаць паперу аб супрацы. Хвілінаў 15 я вагаўся, але зразумеў, што цяпер і за меншыя хібы могуць завесці рэальны крымінальны артыкул, таму пастанавіў пагадзіцца на другі варыянт, каб выйсці і мінімізаваць наступствы для сябе».

Толькі ў гэты момант актывісту далі падпісаць пратакол ператрусу, які ўсё яшчэ не быў запоўнены. Тэхніку (тэлефон і лэптоп), а таксама дакументы Алесю аддалі, яго адпусцілі, папярэдзіўшы, што праз некаторы час з ім скантактуюцца. Але на гэтым прыгоды таго дня не скончыліся:

«Прыкладна праз чатыры гадзіны мой акаўнт у “Тэлеграме” заблакавалі. А паколькі ўвесь дзень мой тэлефон быў у іх, яны здолелі падключыць свой акаўнт да майго. І калі ўбачылі гэтае блакаванне, палічылі яго падазроным. Увечары таго ж дня яны сустрэлі мяне побач з домам і забралі пашпарт, каб я не здолеў уцячы за мяжу».

Алесь Крот.
Фота: newbelarus.vision

Больш ніякіх артыкулаў маладзёну не інкрымінавалі, толькі той першапачатковы, запісаны ў пастанове на ператрус. Не было вядома і ў якім статусе цяпер Алесь:

«У той пастанове, як я памятаю, а я на той момант стаяў у кайданках распрануты і мог ад нечаканасці ўсяго не запомніць, не было напісана, у якім я статусе – сведкі ці падазраванага».

Супраца

Супрацоўнік КДБ не прымусіў сябе чакаць доўга і цягам некалькіх дзён патэлефанаваў з прапановаю сустрэцца і абмеркаваць далейшую супрацу. На сустрэчы было дамоўлена стварыць новы тэлеграм-акаўнт, бо стары ўсё яшчэ быў заблакаваны, і даслаць свой новы нік-нэйм куратару, каб той мог падтрымліваць сувязь з Алесем праз «Тэлеграм».

Яшчэ адная сустрэча, а іх усяго былі дзве, адбылася ў «KFC»:

«Размовы вяліся тыя ж, як і на допыце, але з большаю канкрэтыкаю пра тое, куды я ездзіў, каго ведаю, якія кантакты засталіся, а таксама пра тое, як мяне можна выкарыстоўваць і куды адправіць. Моцнага псіхалагічнага ціску пры гэтым я не адчуваў. Як разумею, усё ж першасна яны выкарыстоўваюць такі сродак супрацы, як подкуп і сяброўства, хаця ніхто не застрахаваны ад альтэрнатывы ў выглядзе застрашвання і пагрозаў».

Гісторыі
«Гляджу на фота 2020 года і думаю: калі я зноў буду так усміхацца?» Размова з былой палітзняволенай
2024.02.21 08:14

Выявілася, што КДБ цікавіла ў першую чаргу магчымасць удзелу ў імпрэзах рознага грамадскага і палітычнага характару, стажыяваннях, сустрэчах такіх арганізацыяў, як КР, Офіс Ціханоўскай, Офіс Латушкі, Беларускі дом правоў чалавека, ПЦ «Вясна». Ім была патрэбная інфармацыя пра тое, хто бярэ ўдзел у гэтых імпрэзах, адкуль ідзе іх фінансаванне.

«Я так разумею, ім трэба цяпер шчыльна працаваць у справе замежных арганізацыяў, бо тыя занадта актыўна сябе паводзяць, таму іх і хочуць тэрмінова “прыструніць”».

Псіхічны стан

Такія сустрэчы моцна выбівалі Алеся з каляіны, бо галоўнаю мэтай у яго было захаваць годнасць, каб не нашкодзіць у першую чаргу тым, хто яшчэ застаецца ў Беларусі. Але і ствараць выгляд супрацы было неабходна:

«Калі ты ўжо пад кіраўніцтвам КДБ, то ніякага спакою і пачуцця бяспекі ўжо не адчуваеш.

Ты не можаш быць упэўнены ў тым, наколькі гэтыя дамоўленасці будуць працаваць у доўгатэрміновай перспектыве, бо ніхто не ведае, праз які час ты станеш ім непатрэбны. Таксама ніхто не выключае таго факту, што, пакуль з табою працуюць супрацоўнікі КДБ, табою не зацікавяцца іншыя структуры».

Алесь Крот. Фота з архіва суразмоўцы

Алесь перастаў нармальна спаць, чакаў, калі па яго зноў прыйдуць, увесь час прыслухоўваўся да таго, што адбываецца звонку кватэры. Маладзён адзначае: ад гэтай параноі пачынаеш запамінаць людзей на вуліцы і адносіцца да ўсіх з падазрэннем, таксама пачынаюць палохаць машыны, асабліва тыя, што з запаленымі фарамі стаяць каля твайго пад’езду.

«Псіхалагічна гэта вельмі складана перажываць, бо ты ў пастаянным стрэсе, пастаяннай напрузе. З другога боку, проста падстаўляць іншых людзей, быць агентам, які можа патэнцыйна паламаць лёс іншых людзей… Таксама вельмі не хацелася, бо адчуваеш сваю вялізарную адказнасць. І каб не падстаўляць сябе і іншых, я нікому не казаў, што адбываецца».

Зварот

Больш як праз месяц з пачатку гэтай гісторыі Алесь усё ж здолеў пакінуць Беларусь. Цяпер ён у бяспецы і пастанавіў апублічыць інфармацыю пра ўсё, што з ім адбывалася апошні час удома:

«Найперш дзеля сваёй бяспекі, каб да мяне не ўзніклі пытанні, што я, магчыма, працягваю супрацу з КДБ, а таксама каб ім не было цікава надалей мяне выкарыстоўваць, бо я ўжо засвечаны».

Алесь падкрэслівае, што ніхто цяпер у Беларусі не застрахаваны ад падобнага, ціск на грамадзянаў працягваецца незалежна ад таго, ці актыўныя яны цяпер:

«Я б параіў першасна быць рацыянальнымі ў сваіх дзеяннях, першапачаткова ацаніце свае шанцы і наступствы. Пастарайцеся не агаворваць іншых людзей і годна трымацца нават пры неспрыяльных абставінах, нават перад магчымым рэальным тэрмінам у турме, бо тое, што з вамі здарылася, ужо адбылося, але нават у такіх абставінах трэба заставацца чалавекам».

Актывіст падкрэслівае: не трэба недаацэньваць магчымасцяў супрацоўнікаў сілавых ведамстваў, але і пераацэньваць іх таксама не варта. Таму, калі ў вас ёсць магчымасць зрабіць сітуацыю больш бяспечнаю, варта гэта рабіць, нават пры варыянце выглядаць дзіўнавата. Асабліва гэта датычыць бяспекі перадачы нейкай інфармацыі. І здаровая параноя пры гэтым мае захоўвацца, але не больш за тое, колькі патрабуе сітуацыя, каб з часам канчаткова не паехаў дах:

«Спрабуйце пераключацца і не задумвайцеся пра перспектывы адседзець ад двух да сямі гадоў, бо гэта можа вас у выніку з’есці. Калі вы маеце хаця б невялікі шанец паўплываць на свой лёс, абавязкова выкарыстайце яго, гэта ўсяляк лепей – мець нейкае сваё значэнне, а не проста аддаваць сябе ў рукі іншых людзей. Сёння вы можаце быць сябрамі-супрацоўнікамі, як вы раней дамовіліся, а заўтра вы непатрэбныя і вас могуць перадаць іншым структурам».

Таксама Алесь раіць запамінаць усё, што з вамі адбываецца і што вам кажуць, каб пасля пры магчымасці разгледзець некалькі варыянтаў развіцця падзеяў і абраць для сябе лепшы. Варта прытрымлівацца інфармацыйнай гігіены: найлепш пераехаць у новую кватэру, дзе дакладна не будзе кампраметавальных матэрыялаў, памяняць тэлефон і нумар на новыя, зрабіць новыя акаўнты ў сацыяльных сетках, асабліва ў «Тэлеграме». Таксама не варта актыўна карыстацца банкаўскімі картамі, бо ўсе аперацыі, пераводы, замовы маніторацца, таму пры патрэбе не складае вялікай праблемы дастаць гэтую інфармацыю.

Гісторыі
«Цяпер ужо не плачу». Беларуска Дар’я – пра сваю працу ў праекце «Politzek.me»
2024.02.03 07:44

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў