Беларускі хакеіст заробіць у ЗША амаль 17 мільёнаў долараў


Аляксей Протас, 23-гадовы форвард, стане самым багатым беларускім хакеістам. Гулец падпісаў новы пяцігадовы кантракт з клубам NHL «Washington Capitals». 

Аляксей Протас на Чэмпіянаце свету па хакеі ў Рызе, Латвія. 1 чэрвеня 2021 г.
Фота: Natalia Fedosenko / TASS / Forum

У адпаведнасці з новым пагадненнем Аляксей заробіць $16,875 млн за пяць гадоў. Такім чынам, кэпхіт (так у паўночнаамерыканскім хакеі называецца сярэдні заробак за год) складзе 3,375 мільёна. У наступным сезоне менавіта Протас стане самым высокааплатным беларускім хакеістам.

Цяпер такім з’яўляецца Ягор Шаранговіч з клубу «Calgary Flames». Перад стартам гэтага чэмпіянату ён заключыў двухгадовую дамову з канадскім клубам, па якім заробіць 6,2 мільёна за два сезоны, гэта значыць 3,1 у кожным.

Аляксей Протас нарадзіўся ў Віцебску 9 студзеня 2001 году. Але ўжо ў 2018 годзе зʼехаў у Канаду, дзе правёў два сезона ў клубе WHL «Prince Albert Raiders», у якім неўзабаве стаў лідарам і капітанам. У 2020 годзе Аляксей на год вярнуўся ў менскае «Дынама» і правёў адзін сезон у КХЛ.

У 2019 годзе Аляксея абралі ў 3-м раўндзе драфту NHL пад 91-м нумарам, і з 2021 года Пратас гуляе ў лепшай лізе свету.

Сумарна Аляксей прыняў удзел у 133 матчах і закінуў 10 шайб, а таксама аддаў 32 галявыя перадачы. У цяперашнім чэмпіянаце ён займае трэцяе месца ў камандзе па колькасці асістэнцкіх дзеянняў, на яго рахунку 3 галы і 15 галявых перадач.

«Аляксей – малады і таленавіты гулец, і мы рады падпісаць з ім доўгатэрміновы кантракт. Ён дамогся вялікіх поспехаў у сваёй прафесійнай карʼеры, і мы чакаем, што ён працягне ўдасканальвацца і будзе гуляць вырашальную і ўплывовую ролю ў нашай камандзе на працягу многіх гадоў», – сказаў Браян Маклелан, генеральны менеджар «Washington Capitals».

Сам Аляксей напісаў у сваім Instagram: «Шчаслівы падпісаць новы кантракт з «Washington Capitals» – з камандай, якая паверыла ў мяне і дала мне шанец гуляць у NHL і ісці за сваёй марай. Жадаю падзякаваць сямʼі «Кэпс» за давер і падтрымку. Я не магу дачакацца, каб працягваць працаваць і спаборнічаць кожны раз, калі я выходжу на лёд з камандай».

З-за падтрымкі ваеннага ўварвання Расеі ва Украіну беларускія зборныя разам з расейскімі не могуць выступаць у міжнародных спаборніцтвах, таму Протас пакуль усе свае сілы можа прысвяціць выступленню за клуб, які ў сваім дывізіёне ідзе чацвёртым.

Агляд
Санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі працуюць. Разбіраем паспяховы кейс
2024.01.20 12:32

АС belsat.eu

Стужка навінаў