На паўвыспе Рэйк’янэс у Ісландыі пачалося магутнае вывяржэнне вулкану


Вывяржэнне вулкану пачалося пасля некалькіх магутных землятрусаў на паўвыспе Рэйк’янэс на паўднёвым захадзе Ісландыі ўвечары 18 снежня, паведамляе bbc.com.

Вывяржэнне вулкану пачалося за 4 кіламетры ад гарадку Грындавік, з якога яшчэ ў лістападзе былі эвакуяваныя больш за 4 тысячы чалавек. Метэаролагі паведамлялі, што сейсмічная актыўнасць рухаецца ў кірунку гораду.

Даўжыня расколіны ў вулкане складае каля трох з паловай кіламетраў, вулканічная лава рухаецца з хуткасцю каля 100–200 кубаметраў на секунду. Спецыялісты адзначаюць, што такія абʼёмы лавы – гэта ў шмат разоў больш, чым падчас папярэдніх вывяржэнняў на Рэйк’янэсе.

Гэта ўжо чацвёртае вывяржэнне вулкану на паўвыспе за апошнія тры гады. На ёй два вулканы – Фаградальсфʼятль і Рэйкʼянэс. На якім з іх пачалося вывяржэнне, сейсмічная служба Ісландыі не ўдакладняе.

Вывяржэнне вулкану на паўвыспе Рэйк’янэс.
Фота: SIGURDUR MAR DAVIDSSON / Reuters / Forum

Падвышаная сейсмічная актыўнасць назіралася ў раёне сталіцы Ісландыі Рэйкʼявіку з канца кастрычніка, рэгістраваліся тысячы падземных штуршкоў. Вывяржэнне вулкану можна цяпер назіраць з Рэйкʼявіку, які за 42 кіламетры ад Грындавіку.

У раён вулкану накіраваны верталёт берагавой аховы, каб пацвердзіць дакладнае месца і памеры вывяржэння.

Прэзідэнт краіны Гудні Ёханэсан заявіў, што галоўны прыярытэт – захаванне жыцця людзей, але зазначыў, што будзе робіцца ўсё, каб абараніць і будынкі.

У красавіку 2010 года ў Ісландыі адбылося вывяржэнне вулкану Эйяф’ятля-Ёкютль. З прычыны шырокага воблака попелу тады была закрытая ўся паветраная прастора над Еўропай. Агульныя страты склалі, паводле некаторых ацэнак, да 2,5 млрд еўраў.

Hавiны
У Кітаі адбыўся моцны землятрус. Больш за 100 чалавек загінулі
2023.12.19 08:40

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў