Горад можа знікнуць, але з’явіцца востраў. Вывяржэнне ў Ісландыі можа здарыцца ўжо днямі


Вывяржэнне вулкану Фаградальсф’яль у Ісландыі ў бліжэйшыя дні зʼяўляецца найбольш верагодным сцэнарам. Пра гэта заяўляюць мясцовыя эксперты, якія да таго ж не выключаюць знішчэння рыбацкага мястэчка Грындавік, піша Mail Online.

Вывяржэнне вулкану Фаградальсф’яль-
Фота: Berserkur / Wikimedia

17 лістапада Ісландскае метэаралагічнае бюро выявіла больш за 1000 землятрусаў. І геафізік Бэнэдыкт Афейгсан заявіў, што існуюць відавочныя прыкметы пашырэння вялізнага магматычнага калідора пад паўвостравам Рэйкʼянес. У выніку можа адбыцца як вывяржэнне вулкану Фаградальсфʼяль, гэтак і адной з расколін, якія адкрыліся непадалёк.

Расселіны ўжо разрываюць дамы і дарогі ў адселеным Грындавіку, які знаходзіцца за 31 мілю на паўднёвы захад ад сталіцы Рэйкʼявіку. Заходнія часткі мястэчка сышлі пад зямлю.

Hавiны
Ісландыя эвакуюе цэлы горад праз пагрозу вывяржэння вулкану
2023.11.11 18:20

Эвакуяваныя жыхары вярталіся ў горад штодня, каб забраць рэчы, але былі вымушаныя ўцякаць 14 лістапада пасля таго, як быў выяўлены дыяксід серы. А 16 лістапада магматычны газ быў знойдзены ў свідравіне за 2,3 мілі на поўнач ад Грындавіку, што, на думку экспертаў, сведчыць пра непазбежнасць вывяржэння.

Вывяржэнне расплаўленай пароды з магматычнага тунэлю пад Рэйкʼянесам ў найбліжэйшыя дні – найбольш верагодны сцэнар, паведаміла 17 лістапада кіраўніца аддзелу вулканаў метэаралагічнай службы Крысцін Ёнсдоцір.

Пры гэтым Ісландскае метэаралагічнае бюро папярэдзіла, што на паўвостраве Рэйкʼянес могуць назірацца дзесяцігоддзі нестабільнасці.

Вулканолаг Харальд Сігурдсан заявіў, што, калі вывяржэнне адбудзецца, яно можа вырвацца ў мора, і ў выніку Грындавік будзе неабходна «рэарганізаваць», каб змякчыць рызыку будучых шырокамаштабных разбурэнняў – перамясціць на ўсход або на захад. Сігурдсан не выключае, што на поўдзень ад Грындавіка ў выніку вывяржэння будзе ўтвораная новая выспа.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў