Студэнтаў-платнікаў прымусілі падпісаць дзіўныя паперы: адукацыя даражэйшая, чым яны плацяць


Беларускіх студэнтаў, якія вучацца на платнай аснове, сталі прымушаць падпісваць дадатковыя пагадненні, у якіх названая «поўная сума» навучання, большая за тую, што студэнты плацяць, расказала выданне Tochka.by. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. БДУІР. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Паводле бацькоў аднаго са студэнтаў-платнікаў, у дадатковым пагадненні пазначаная «поўная сума», большая ў 2,5 разу за тое, што яны плацяць за навучанне. Што значыць гэтая сума, у пагадненні не гаворыцца, але плаціць менавіта такія грошы не прымушаюць: проста пазначана, што «выдаткі бюджэту на падрыхтоўку спецыяліста» складаюць на год столькі рублёў.

У адной з папераў пазначана: год на дзённай форме ў БДУ каштуе 14,4 тысячы рублёў, на завочнай – 3,4 тысячы. У другой цана – 1969 рублёў, назва навучальнай установы замазаная.

На пытанні студэнтаў, што значыць гэтая папера, ім сталі пагражаць вымовамі і намякаць на няздачу дыпломнай работы, сцвярджае выданне.

Прадстаўнік Міністэрства адукацыі запэўніў журналістаў, што дакумент «носіць азнаямленчы характар» і не накладвае абавязкаў. Маўляў, студэнтаў і бацькоў проста вырашылі азнаёміць з тым, колькі дзяржава выдаткоўвае на платнікаў, бо дзяржава кампенсуе 30–50 % кошту навучання, як раней заяўляў міністр адукацыі (лічбы бюджэтных выдаткаў не супадаюць з ягонымі словамі).

Улады маюць планы пашыраць абавязковае размеркаванне. Аляксандр Лукашэнка 21 верасня правёў нараду, на якой было абвешчана пра планы абавязковага размеркавання для выпускнікоў ВНУ, якія вучыліся на платным, а таксама аб намерах павялічыць тэрмін адпрацоўвання да пяці гадоў. Студэнтаў, якія вучацца цяпер, абяцаюць не прымушаць адпрацоўваць платную адукацыю, але збіраюцца абавязаць да размеркавання тых, хто будзе паступаць на платнае пасля адпаведных зменаў у заканадаўства.

Цяпер тыя, хто адмаўляецца ад абавязковага размеркавання па навучанні за кошт бюджэту, мусяць «кампенсаваць кошт навучання» – выплаціць вялікія грошы за «бясплатную» адукацыю. Не выключана, што «азнаямленне з поўным коштам» платнай адукацыі ёсць анонсам цэнаў на водкуп ад размеркавання для платнікаў.

Разбор
«Балбатня і маніпуляцыя». Ці сапраўды студэнты-платнікі рабуюць бюджэт Беларусі?
2023.10.23 14:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў