І амністыя, і выбары, і рэформы. Чаму палітыка Такаева так адрозніваецца ад дзеянняў Лукашэнкі


У той час як у Беларусі пасля масавых пратэстаў фактычна адмянілі выбары, а рэпрэсіі толькі ўзмацняюцца, прэзідэнт Казахстану арганізаваў выбары датэрмінова і нават абвесціў амністыю для ўдзельнікаў пратэстаў студзеня 2022 года. Што адбываецца ў Казахстане, і чаму гэта так адрозніваецца ад Беларусі, карэспандэнты «Белсату» разбіраліся разам з палітолагамі.

Пратэсты ў Казахстане з-за павышэння коштаў пасля рашэння ўладаў Казахстану зняць цэнавыя абмежаванні на звадкаваны нафтавы газ. Алматы, Казахстан. 5 студзеня 2022 года.
Фота: Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

На пачатку студзеня 2022 года ў Казахстане з эканамічных прычынаў пачаліся масавыя пратэсты. Яны выліліся ў крывавыя сутыкненні з паліцыяй і патрабаванні канчатковай адстаўкі Нурсултана Назарбаева – першага прэзідэнта краіны, які захоўваў у сваіх руках асноўныя рычагі кіравання. На гэтым тле пераемнік Назарбаева ў прэзідэнцкім крэсле Касым-Жамар Такаеў здолеў адхіліць яго і ягоных сваякоў з усіх пасадаў. Пасля гэтага ў Казахстане пачаліся і рэформы.

Што змяняецца

Новаўвядзенні сярод іншага абмяжоўваюць уладу прэзідэнта Казахстану. Гэтак, яны забараняюць ягоным блізкім сваякам займаць палітычныя пасады і кіраваць дзяржаўнымі і квазідзяржаўнымі прадпрыемствамі. Прэзідэнцкі тэрмін хоць і павялічваецца з 5 да 7 гадоў, але пры гэтым кіраўнік дзяржавы не зможа балатавацца на другі тэрмін.

Ён зможа прызначаць кіраўнікоў сталіцы, гарадоў рэспубліканскага значэння і рэгіёнаў толькі пасля ўхвалення мясцовых дэпутатаў. Таксама ўводзіцца выбарнасць кіраўнікоў раёнаў і гарадоў абласнога значэння. А «прэзідэнцкая квота» ў парламенце скарочаная з 15 да 10 дэпутатаў.

1 студзеня 2023 года пачне функцыянаваць Канстытуцыйны суд, у якім, як заяўляецца, кожны грамадзянін зможа адстойваць свае канстытуцыйныя правы і свабоды. Акрамя таго, упершыню замацоўваюцца статус, паўнамоцтвы, гарантыі незалежнасці ўпаўнаважанага ў правах чалавека.

Апроч таго, Такаеў падпісаў закон аб амністыі для ўдзельнікаў студзеньскіх падзеяў. Пад яе трапяць 1,5 тыс. казахстанцаў. Крымінальныя справы тых, хто ўчыніў злачынствы невялікай і сярэдняй цяжкасці, спыняюць, асуджаных за іх вызваляюць, а з тых, хто адбыў пакаранне, здымаюць судзімасць. Тым, хто ўчыніў цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы, тэрміны зняволення істотна скарачаюць. Не падлягаюць амністыі толькі вінаватыя ў тэрарыстычных, экстрэмісцкіх, карупцыйных злачынствах, дзяржаўнай здрадзе, арганізацыі масавых беспарадкаў, катаваннях, злачынствах супраць палавой недатыкальнасці непаўналетніх, рэцыдывісты.

Таксама Такаеў абвесціў датэрміновыя прэзідэнцкія выбары, якія пройдуць ужо 20 лістапада. Хоць, паводле закону, мог не праводзіць іх яшчэ два гады. У 2023 годзе адбудуцца парламенцкія і мясцовыя выбары. Папярэднія былі летась.

«Экс-прэзідэнт цалкам стаў экс-прэзідэнтам»

У каментары «Белсату» казахстанскі палітолаг Газіз Абішаў назваў галоўнымі зменамі 2022 года тое, што ў краіне завяршыўся палітычны транзіт, «і ўся ўлада сканцэнтраваная выключна ў руках прэзідэнта Такаева». А сур’ёзных актараў, якія маглі б на яго ўздзейнічаць, не засталося.

Прэзідэнт Казахстану Касым-Жамарт Такаеў. Нур-Султан, Казахстан. 5 чэрвеня 2022 года.
Фота: Pavel Mikheyev / Reuters / Forum

«Экс-прэзідэнт Назарбаеў цалкам стаў экс-прэзідэнтам, які не аказвае ўплыву на палітычную сітуацыю. Прадстаўнікі ягонай сямʼі таксама адсунутыя ад прыняцця рашэнняў, і ў дачыненні іх дзяржава разбіраецца, наколькі справядліва яны кантралявалі свае актывы. Ідзе перагляд фармальных і нефармальных дамоўленасцяў паміж буйным бізнесам і ўладамі, якія існавалі пры Назарбаеву», – адзначыў палітолаг.

На думку эксперта, Такаеў «цалкам упэўнена сябе адчувае». У краіне ёсць «кансэнсус вакол ідэі справядлівага Казахстану», а людзі занепакоеныя перадусім эканамічнымі праблемамі і разумеюць неабходнасць ачышчэння краіны ад «старых кланаў».

Паводле палітолага, увядзенне ліміту 7 гадоў прэзідэнцтва мае на мэце «прывучыць людзей да думкі, што чалавек не можа і не павінен сядзець пяць тэрмінаў запар». Але, адзначыў Абішаў, праблема ў тым, што наступныя лідары могуць захацець адмяніць гэтую норму і дазволіць сабе «пераабірацца бясконца», і гэтаму шмат прыкладаў на постсавецкай прасторы.

Адносна забароны блізкім сваякам прэзідэнта займаць пасады ў дзяржаўным сектары, палітолаг кажа, што гэтая мера больш ідэалагічная, бо «грамадства стамілася ад непатызму». Тым не менш, закон не забараняе, каб такія пасады займалі, напрыклад, пляменнікі і стрыечныя браты кіраўніка краіны.

«Але іх не будуць нікуды прызначаць, бо галоўнае – ідэалагічны пасыл, каб прэзідэнт не расстаўляў у дзяржаўным апараце ўласных сваякоў. Гэты элемент палітычнай культуры павінен транслявацца і на ніжэйшыя ўзроўні. Вельмі важна, каб прэмʼер і міністры сваякоў сабе ў падпарадкаванне не ставілі», – падкрэсліў Газіз Абішаў.

Паводле Абішава, у выкананні гэтых рэформаў шмат будзе залежаць ад палітычнай культуры і грамадзянскай супольнасці Казахстану і таго, ці здолеюць яны супрацьстаяць «палітычнаму класу і дзяржаўнаму апарату».

Законам жа пра амністыю, на думку палітолага, Такаеў забяспечвае справядлівасць для тых «простых людзей, якія выйшлі на вуліцу, паддаліся эмоцыям». Праўда, суразмоўца нагадаў, што «ў дачыненні арыштаваных высокапастаўленых працаўнікоў спецслужбаў, крымінальных элементаў, якія стымулявалі беспарадкі, яна не ўжываецца».

Стаўка на раскол грамадства

Усё гэта моцна кантрастуе з сітуацыяй у Беларусі пасля выбараў 2020 года. Рэпрэсіі ў краіне толькі ўзмацняюцца, і ствараецца дадатковая бюракратычная структура ў выглядзе Усебеларускага народнага сходу, куды простаму смяротнаму трапіць немагчыма. Абвешчаная амністыя амаль не закране палітвязняў, а мясцовыя і парламенцкія выбары пераносяцца на 25 лютага 2024 года з 18 студзеня 2022 года і 5 лістапада 2023 года адпаведна. Дый, як прызнаецца сам Лукашэнка, варта ўвогуле адмяніць выбары і дазволіць «абіраць органы ўлады, асабліва прэзідэнта», на згаданым УНС.

Аляксандр Лукашэнка і Касым-Жамарт Такаеў на саміце лідараў дзяржаваў – чальцоў АДКБ у Крамлі. Масква, Расея. 16 траўня 2022 года.
Фота: Sergei Bobylev / TASS / Forum

Вытокі гэтай розніцы паміж Беларуссю і Казахстанам беларускі палітолаг Андрэй Казакевіч бачыць яшчэ ў часе кіравання Назарбаева. Той умеў «працаваць з рознымі палітычнымі інстытутамі, ствараць партыі, кааліцыі і гуляць больш складаную палітычную гульню». Лукашэнка ж, падкрэсліў эксперт, «імкнуўся ўсё завязаць на сябе, вырашаць асабіста, хутчэй разбураць палітычныя інстытуты, нават праўладныя партыі і грамадскія арганізацыі», «у тым ліку праз стварэнне канфлікту і праз пераломванне сваіх праціўнікаў».

На думку Казакевіча, гэта відаць і на прыкладзе замежнай палітыкі. Калі ў Казахстану за ўвесь час незалежнага існавання не было ніводнага перыяду вострага крызісу ў дачыненнях з Захадам ці Расеяй, то стасункі Беларусі з імі «заўсёды перажывалі нейкія крызісы».

«У Казахстане ўлады робяць стаўку на кансалідацыю грамадства, каб большасць аб’яднаць за сабой, уцягнуць у сваю арбіту розныя нейтральныя або паўлаяльныя групы, каб яны сталі лаяльнымі да гэтай сістэмы і ўключаліся ў актуальныя палітычныя працэсы. Асабліва гэта важна цяпер, бо казахскія эліты адчуваюць вонкавую небяспеку з боку Расеі», – заявіў палітолаг.

Паводле яго, каб нешта супрацьпаставіць пагрозам з боку Расеі, «вельмі важны грамадскі мір, кансалідацыя грамадства вакол уладаў». І дасягаецца гэта ў тым ліку праз «частковае задавальненне патрэбаў і патрабаванняў, якія былі агучаныя пратэстоўцамі на пачатку года», праз інтэграцыю «ўсіх, хто адназначна не супраць гэтай улады».

У Беларусі ж, падкрэсліў Казакевіч, ад пачатку палітычнага крызісу «была ўзятая зусім іншая стратэгія – крэпасці ў аблозе»:

«Яна прадугледжвала не кансалідацыю большасці, не нейкія саступкі для ўцягвання ў сваю арбіту тых людзей, якія сумняваюцца, або нейтральных, але пераломванне грамадства праз волю Лукашэнкі і ягонае жаданне захаваць уладу. І стаўка была зробленая на ўжыванне гвалту ў дачыненні апанентаў, прычым любога кшталту праявы нелаяльнасці разглядаюцца як варожыя. А таксама праз кансалідацыю сваіх прыхільнікаў і выцясненне з сістэмы і нават краіны праціўнікаў. Улады краіны праводзяць палітыку нацыянальнага расколу, а не нацыянальную кансалідацыю».

На думку палітолага, такая стратэгія можа быць абраная сярод іншага і таму, што стаўка ў выжыванні рэжыму зробленая на Расею. І ёй «трэба дэманстраваць лаяльнасць і прывабнасць», у тым ліку душачы любую празаходнюю прысутнасць.

Як вынік розных стратэгіяў, адзначыў Казакевіч, Казахстану ўдаецца як захаваць вонкавы палітычны баланс паміж Расеяй і з Захадам, гэтак у ім не відаць і такой палярызацыі, як у Беларусі. А вось стабільнасць уладаў Беларусі і іх выжыванне, дадаў палітолаг, «практычна цалкам, ці прынамсі ў значнай ступені залежыць ад таго, ці будзе Расея гатовая – і ці будзе яна мець рэсурсы на тое, каб гэты рэжым падтрымліваць: і фінансава, і палітычна».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў