«Жанчыны пачыналі забываць свае імёны». Былая палітзняволеная – пра катаванні ў жодзінскім «выхаваўчым каранціне»


13 месяцаў – у жодзінскай турме, два месяцы – на Валадарцы, паўтара – у гомельскім СІЗА. Пагутарылі з беларускай, якая бачыла ў няволі кроў, вар’яцтва і смерць. Але прызнаецца, што самымі жахлівымі былі 48 дзён, праведзеныя на «выхаваўчым каранціне» ў турме № 8.

Плакат з выявай Аляксандра Лукашэнкі на Маршы міру і незалежнасці ў Менску 30 жніўня 2020 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Былая палітзняволеная, якая просіць называць сябе Нінай (імя несапраўднае), праходзіла паводле так званай справы Зельцара. Была затрыманая ў канцы верасня 2021 года і асуджаная на 2 гады калоніі агульнага рэжыму за «распальванне варожасці» і «знявагу прадстаўніка ўлады». Жанчына цалкам адбыла прысуджаны тэрмін, цяпер яна ў небяспецы.

«На 40 дзён па Федасюку нам содні не давалі піць»

«Вядома ж, да свайго затрымання я чытала пра тое, як катуюць у турмах Мікалая Статкевіча, Ігара Лосіка, Сяргея Ціханоўскага… Але гэта вядомыя асобы. Пра тое, што «выхаваўчыя мерапрыемствы» ўжываюцца і да іншых людзей, я не ведала і не была да гэтага гатовая. І так, «выхаваўчы каранцін» у турме Жодзіна – гэта было самае жахлівае, што мне давялося перажыць за ўвесь час, праведзены за кратамі», – гаворыць Ніна.

Пра тое, што менавіта так – «выхаваўчы каранцін» – турэмнікі называлі камеры-катавальні ў новым корпусе жодзінскай турмы, зняволеныя даведаліся нашмат пазней, з лістоў сваякоў (прынамсі так тым тлумачыла турэмная адміністрацыя).

Тады ж, у кастрычніку 2021-га, 139 асобаў, затрыманых у справе Зельцара (першая хваля затрыманняў) і этапаваных у Жодзіна, больш за 40 дзён заставаліся ў поўнай ізаляцыі і невядомасці. Сярод іх – 14 жанчын, якіх кінулі ў камеру, разлічаную на 8 месцаў. Камеру, дзе нельга было ні памыцца, ні папіць, ні паспаць.

«Там была толькі халодная вада. Але яе нам увесь час выключалі. Нармальна карыстацца прыбіральняй мы не маглі – не было чым змываць. Піць таксама часта не было чаго. Памятаю, што калі быў год смерці Рамана Бандарэнкі, нам увогуле на содні выключылі ваду.

І калі 40 дзён па Дзмітрыю Федасюку было, якога застрэліў Андрэй Зельцар, нам содні не давалі піць», – сведчыць былая палітзняволеная.

Жодзінская турма. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Яна ўпэўненая, што рабілася гэта знарок, бо пазней, калі жанчыну перавялі ў агульны корпус, такога не здаралася. Хіба толькі тады, калі ў Жодзіне рамантавалі сістэму водазабеспячэння фантанаў. У кастрычніку, калі прасілі ахоўнікаў уключыць ваду, за дзвярыма чуліся «толькі нейкія хіхіканні і падшпільванні».

«Побач з намі нельга было заставацца – мы смярдзелі»

«Шпацыраў не было, душу не было, гігіенічных сродкаў – ніякіх. Пасты, шчотак, расчосак, туалетнай паперы, пракладак – нічога. Усяго, што трэба, першай неабходнасці. І так – каля месяца», – гаворыць Ніна.

Ніна ўспамінае, што калі недзе праз 35-40 дзён іх вывелі для дачы першых паказанняў (проста ў калідоры турмы!) у прысутнасці адвакатаў, то некаторыя адвакаты не вытрымлівалі і прасілі адсесці далей: ад жанчын смярдзела.

«Так, побач з намі немагчыма было заставацца. Настолькі мы смярдзелі. Вось так гэта было. І гэта быў першы раз, праз месяц, калі да нас масава пусцілі адвакатаў», – сведчыць жанчына.

Згадвае, што адзіны душ ім далі прыняць адразу па прыездзе ў Жодзіна перад «засяленнем» у камеру. Але пусцілі ледзяную ваду. Нягледзячы на гэта, некаторыя жанчыны рызыкнулі памыцца (большасць прайшла праз Акрэсціна). Тады Ніна пабачыла на целе многіх сінякі і сляды пабояў.

Рэпартаж
«Колькасць палітвязняў у Беларусі заніжаная ў некалькі разоў». Сойм Руху салідарнасці «Разам» просіць пералічыць
2023.07.03 13:20

Пазней адна з сукамерніц расказвала, што пры затрыманні яе збівалі, нацягнуўшы на галаву майку («У суседнім пакоі гэта чулі ейныя муж і сын»). Другая, якую прывезлі з Воршы, распавядала, што яе дапытвалі, трымаючы ў пазіцыі «ластаўкі».

«Казала, што сядзела ластаўкай паміж ног амонаўца ў балаклаве і яе пры гэтым дапытвалі. Сядзела ў лужыне крыві, бо побач ляжаў збіты мужчына», – пераказвае былая палітзняволеная.

«Едзеш зараз магілу сабе капаць»

Ніна кажа, што моцна збітыя былі тыя, каго затрымлівалі сілавікі з ГУБАЗіКу. Але калі і не яны, сцэнар быў прыкладна такі ж самы. Усім па затрыманні казалі, што іх «вязуць на расстрэл».

Сцены жодзінскай турмы ў жніўні 2020 года. Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: АВ / Vot Tak TV / Белсат

«Едзеш цяпер магілу сабе капаць, рыдлёўку мы табе дамо. Так казалі адной жанчыне. Мне сказалі проста, што ў лес мяне вязуць», – успамінае Ніна.

Сцвярджае, што фізічнага гвалту падчас перабывання ў «выхаваўчым каранціне» ахоўнікі ўжо не ўжывалі. І пастаянна акцэнтавалі на гэтым увагу: «Мы ж вас не бʼём». Але падчас ператрусаў у камеры, калі жанчын выводзілі і ставілі на расцяжку ці на калені (рукі за спінай), за «нестараннасць» можна было атрымаць дубінкай пад калені. Рабілі гэта жанчыны-ахоўніцы. Ператрусы ў камеры праводзіліся штодзень.

«У нас не было нічога – ні пакеціка. Не было чаго абшукваць. І тады яны скідвалі нашую пасцельную бялізну, якая і так не мянялася, на падлогу і тапталіся па ёй. Потым мы падымалі яе, была ўся ў слядах ад ботаў. Ну і гэтак далей. Гэта працягвалася 48 дзён», – гаворыць жанчына.

«Вы дрэнныя людзі, таблетак я вам не дам»

Псіхалагічны гвалт можа быць страшнейшым за фізічны, сцвярджае Ніна. Расказвае, што праз частковую ці поўную адсутнасць сну (будзілі некалькі разоў на ноч, трэба было падысці да кармушкі, каб назвацца) жанчыны пачалі губляць памяць.

«Было такое, што адна з жанчын падышла да гэтага акенца і не змагла назваць сваё імя і прозвішча – яна яго проста не памятала», – кажа былая палітзняволеная.

Спалі дзвюма асобамі на шконцы. Асобна спалі толькі хворыя – 68-гадовая жанчына і яшчэ адна, з цяжкім захворваннем суставаў. Было халодна. У кастрычніку камеры яшчэ не ацяплялі. Аднойчы адна з жанчын упала ўначы з другога ярусу і моцна пабілася. Ахоўнікі зайшлі, паглядзелі і заявілі: «Мы з вамі ў такіх умовах, што выклікаць хуткую дапамогу ў любым выпадку для вас не будзем».

«Яшчэ адна страціла прытомнасць ад шоку пасля прадолу. Зразумела, ніякай медычнай дапамогі не было. Ад родных жа таксама не перадавалі ні лекаў, ні заспакаяльных, нічога… Іншая жанчына цягам гэтага часу пачала губляць валасы і праз месяц проста палысела», – сведчыць Ніна.

Пры гэтым, як сцвярджае жанчына, турэмны доктар прыходзіў да кармушкі штодзень.

«Мы прасілі розныя лекі, бо прыехалі з Акрэсціна, дзе спалі на падлозе і ўсё захварэлі. Дзікая ангіна, тэмпература. Прасілі даць хоць што, але турэмны доктар адказваў: «Вы дрэнныя людзі, таблетак я вам не дам». На гэтым кармушка зачынялася. Ці проста адказваў: таблетак няма. То бок фізічна ён хадзіў, але дапамогі не аказваў», – гаворыць Ніна.

Інтэрв’ю
«Турма для іх – ідэальнае месца». Былая палітзняволеная распавяла, як працуюць турэмныя дактары
2023.07.14 08:00

Былая палітзняволеная не памятае прозвішча гэтага доктара. Пазней даведалася, што хутчэй за ўсё, гэта быў начальнік медсанчасткі, якога быццам бы звольнілі пасля смерці жанчыны ў турэмнай лякарні ад раку страўніка (жанчына памерла ў чаканні суда). Але ці сапраўды звольнілі таго «доктара» – дакладна невядома.

«Каб да канца жыцця слухалі Лукашэнку»

«Гэта каб вы лепей разумелі, якая там медычная дапамога. Лекаў зусім не было. Затое штораніцы нам уключалі Аляксандра Лукашэнку, ягоны зварот да так званага Усебеларускага народнага сходу. Уключалі вельмі гучна. Увесь час радыё крычала. Ты без сну – дык яшчэ штодзень гэты шум. Вельмі вымотвае. У людзей не вытрымлівала псіхіка», – успамінае зняволеная «выхаваўчага каранціну» ў Жодзіне.

Жодзінская турма. Малюнак: Дэ Лёс / Белсат

Праз 48 дзён, «калі жанчыны пачалі ўжо забываць свае імёны», іх перавялі ў агульныя камеры жодзінскай турмы, у шосты корпус. Расфармавалі. Ніна расказвае, што некаторы час правяла ў адной камеры з палітвязнямі Анджэлікай Борыс і Вольгай Такарчук («яе якраз вызвалілі з карцару»). Паверхам ніжэй сядзелі ў той час Мікалай Статкевіч і Ігар Лосік.

«Сядзела ўжо на агульных умовах. І тыя здзекі скончыліся», – кажа Ніна.

«Нам казалі, што новы корпус, дзе нас «выхоўвалі», быў пабудаваны спецыяльна для таго, каб мучыць палітвязняў – так званая прэс-хата. Не ведаю, праўда ці не, бо ўсё са словаў саміх турэмнікаў. То бок фактычна «выхаваўчы каранцін» – той жа карцар. Адно што нас было шмат і яны не маглі ўсіх у карцары раскідаць. Таму проста зрабілі для нас карцарныя ўмовы», – мяркуе былая палітзняволеная.

«Ніна, якога пакарання, на вашую думку, заслужылі тыя людзі, якія мучылі вас і катавалі?», – пытаем у жанчыны.

«Гэта вельмі складанае і цяжкое пытанне. Ёсць жа міжнародныя стандарты, так? Калі катуюць жанчын у турме – што можа быць больш агіднае? Самае гнюснае злачынства. 20 гадоў турмы ці, можа, нават пажыццёвае. Я думаю, такога пакарання заслугоўваюць. І было б добра, каб самі на такім каранціне пасядзелі. Каб таксама прачулі, што гэта такое.

Каб засмярдзелі і дыхалі сваімі экскрэментамі, каб елі ў такіх умовах. І каб да канца жыцця слухалі Лукашэнку, кожны дзень, з усіх «народных сходаў». Каб слухалі і наслухаліся б нарэшце напоўніцу», – адказвае былая палітзняволеная Ніна.

Сваё перабыванне ў няволі паводле несправядлівага выраку лукашэнкаўскага суда Ніна называе палонам. Цяпер яна за межамі Беларусі і разам з сямʼёй праходзіць фізічную і псіхалагічную рэабілітацыю.

Рэпартаж
«Акрываўленая, лезеш у кармушку». У Варшаве агучылі гісторыі катаванняў у турмах Беларусі
2023.06.27 23:25

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў