Як жывуць людзі ў зоне затаплення і пад абстрэламі. Патэлефанавалі ў Токараўку


Як выжываюць людзі ў зоне затаплення пасля выбуху дамбы Кахоўскага вадасховішча? Што рабіць, калі ты аказаўся амаль адрэзаным ад цывілізацыі, а сяло апынулася ў зоне абстрэлу? Вёска Токараўка размешчана на правым беразе Дняпра ў 30 км ад чыгуначнай станцыі Херсона. Да вайны абшчына спецыялізавалася на вытворчасці ялавічыны. Была развіта малочная жывёлагадоўля. Вырошчвалі самую разнастайную гародніну, збожжа і сланечнік. Цяпер у вёсцы моладзі не засталося зусім. Усё працаздольнае насельніцтва пакінула свае дамы яшчэ да затаплення. У сяле засталіся толькі пенсіянеры. Мабільная сувязь з’яўляецца перыядычна. У асноўным увечар. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дамы амаль цалкам пад вадой у акупаваным Расеяй мястэчку Алешкі, Украіна. 10 чэрвеня 2023 года.
Фота: Evgeniy Maloletka / AP Photo / East News

Мой суразмоўца Іван Кірычак (прозвішча зменена па просьбе суразмоўцы) нарадзіўся ў гэтай вёсцы і ўсё працоўнае жыццё прапрацаваў трактарыстам. Цяпер ён яшчэ і інвалід, але пакідаць сяло наадрэз адмаўляецца.

Чаму вы адмаўляецеся выехаць? Вам жа неабходна мець своечасовую медычную дапамогу?

— Ды якое там зʼехаць… Тут жа толькі зʼедзеш, дык адразу на наступную ноч, як убачаць, што зʼехалі, прыйдуць «наведвальнікі». Марадзёры. І што? Павыносяць усё, што набываў за свае зберажэнні. Працаваў, набываў і зараз усё гэта падарыць камусьці?

Марадзёры са сваіх?

— Так, вядома. Я думаю, што яны, як толькі рашысты драпануць, таксама знікнуць у тым жа кірунку. Таму я не зʼязджаю. Усе мы спадзяемся, што іх прагоняць хутка.

Страляюць?

— Страляюць. Бʼюць па сяле. Немагчыма выйсці на вуліцу з хаты. Людзі хаваюцца ў сваіх дамах. Некалькі дамоў разбурана зусім. У кагосьці шыфер на даху знік. У кагосьці іншыя разбурэнні. Страляюць і днём, і ноччу. Таму гуманітарку, калі прывязуць, то адразу ж бегам за ёй, забраў і таксама бегам дадому. Бо можна патрапіць на вуліцы пад абстрэл.

Hавiны
Расея не дапусціла прадстаўнікоў ААН у пацярпелыя раёны Херсонскай вобласці
2023.06.19 09:32

Гуманітарку рэгулярна дастаўляюць? Няма праблем?

—Так, вось нядаўна завозілі і ваду, і крупы, і макароны, і хлеб і нават тушонку. Тушонку не заўсёды кладуць у пакет, але працягнуць, калі з розумам расходаваць харчы, можна. Праблема самая галоўная – трэба мост пантонны пракласці. Гэта метраў 300 будзе. Тады і нейкая сувязь з навакольным светам з’явіцца. А так, калі што, то ні доктара не выклікаць, ні самому нікуды не выбрацца. Зараз мост пакуль таксама немагчыма зрабіць, бо вады зашмат.

Ваша сяло на ўзвышшы, таму вада не ў дамах, а вакол вёскі. Але ў ёй ужо выявілі крыніцы заражэння самымі рознымі інфекцыйнымі хваробамі. На здымках відаць, што гэта мора смецця і дохлай рыбы. Як гэта адчуваецца там на месцы?

— Гэта такі смурод, што не перадаць словамі. Смярдзіць тухлай рыбай, гнілатой, каналізацыяй – усё гэта вось такое каламутнае балота вакол. Ад гэтага смуроду нідзе не схавацца. Нават у хаце чуваць.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фатограф здымае мёртвую рыбу ў высахлым Кахоўскім вадасховішчы пасля падрыву Кахоўскай ГЭС ля Херсону, Украіна. 18 чэрвеня 2023 года.
Фота: Mstyslav Chernov / AP Photo / East News

А ў студнях вада чыстая?

— Не. У студнях вада стала каламутная і таксама ўжо смярдзіць, але пакуль не так моцна як тая вакол. Але яе і піць нельга і агарод такой паліваць таксама не будзеш. Ды тут і не выйдзеш з хаты зараз у той агарод, каб нават і захацеў. Свідравінаў пару ёсць у сяле. Там была таксама смярдзючая вада. Але зараз быццам ужо не так. Наколькі яе хопіць, пакуль невядома.

— Людзі агароды пасадзілі?

—А як жа! Хто застаўся ў сяле, той для сябе пасадзіў і бульбу, і цыбулю, і часнык, і памідоры, і агуркі, і капусту… Ды ўсё, што звычайна. Скаціну ўжо ніхто не трымае. Можа, якіх яшчэ пару хат такіх засталося. Скаціну і паіць вадой трэба. Дзе яе зараз набрацца… Таму агароды для сябе садзілі, каб самім пракарміцца.

Hавiны
З’явіліся новыя спадарожнікавыя здымкі зруйнаванай Кахоўскай ГЭС
2023.06.17 13:29

— Людзі пасадзілі свае агароды і цяпер нават не выйсці?

— Даводзіцца хавацца, бо не ведаеш, калі прыляціць. Дык яшчэ ж падчас абстрэлаў міны некаторыя ў зямлю ўразаюцца і не выбухаюць. У маіх суседзяў міна адна проста ля ганка, а другая ў двары перад самым агародам. Дык яны сядзяць у хаце, баяцца выйсці на двор.

У суседзяў, якія зʼехалі з вёскі, траву ніхто не косіць? У засуху гэта небяспечна.

— Па-першае, касіць зараз наогул праблема, нават не толькі з-за абстрэлаў. Няма бензіну. Раней хлопцы прывозілі з Херсона, а зараз пераправы няма і таму мы без бензіну засталіся. І на машыне не паедзеш, і генератар не заправіш. Праблема. Мы ўсе са страхам глядзім на сухастой. Калі не дай Бог якая іскра на гэтую сухую траву, то нават страшна падумаць. Патэлефанаваць па дапамогу таксама праблема. Я нават ня ведаю, як гэта вам так пашчасціла датэлефанавацца. У нас сувязь тут толькі перыядычна, з’яўляецца і адразу знікае. А вы нават днём умудрыліся датэлефанавацца. Так што нам, каб выбрацца, патрэбен гелікоптэр. Але не ў кожнага ён ёсць. (Смяецца)

На што ж вы спадзеяцеся?

— Мы ўсе спадзяемся на перамогу. Спадзяемся, што хутка гэтых фашыстаў прагоняць і можна будзе хаця б нармальна жыць. А так вось у кожнага сабраны дакументы, самае неабходнае на першы час, каб, калі што, дык можна было б эвакуявацца. Але спадзяемся, што да гэтага не дойдзе. Ва ўсіх дзеці ўжо пакінулі сяло. Дык і гэта ўжо добра. Ну а самі спадзяемся, што вызваляць нас хутка.

Агляд
З’явіліся доказы падрыву Кахоўскай ГЭС і звесткі пра загінулых ад патопу
2023.06.09 21:00

Любоў Лунёва belsat.eu

Стужка навінаў