У Каардынацыйнай радзе абралі новае кіраўніцтва. Праз два месяцы яно павінна змяніцца


19 сакавіка ў Каардынацыйнай радзе адбыліся выбары новага кіраўніцтва, якое будзе ўзначальваць яе цягам двух месяцаў да выбараў, што маюць адбыцца 25 траўня.

14 сакавіка Каардынацыйная рада пастанавіла пераабраць спікера і віцэ-спікера, якія зоймуць пасаду да выбараў у КР 25 траўня. На месца прэтэндавалі тры кандыдаты. Гэта дзейны спікер Андрэй Ягораў ад фракцыі «Грамадзянская салідарнасць», Аляксандр Паршанкоў («Наша справа») і Вольга Павук (фемфракцыя).

Паводле вынікаў галасавання, што прайшло 19 сакавіка, пасаду спікера зноў заняў Ягораў. Ён набраў 31 голас з 60 удзельнікаў галасавання. Віцэ-спікеркай зрабілася Павук, якая заняла другое месца.

Мандат КР дзеяў да 8 лютага 2024 года. Далей павінны былі прайсці выбары новага складу КР, аднак дэмсілы не маглі вызначыцца з працэдураю выбараў. Таму КР падоўжыла свае паўнамоцтвы. У канцы лютага з працэдурай вызначыліся, яе праект падтрымала і Святлана Ціханоўская.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў