Каардынацыйная рада вызначылася са схемай выбараў, Ціханоўская падтрымала. Як гэта будзе?


Каардынацыйная рада большасцю галасоў узгадніла, якой будзе працэдура выбараў у новы склад рады. 29 лютага Святлана Ціханоўская афіцыйна падтрымала працэдуру. Даведаліся, якой яна будзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Каардынацыйная рада арганізуе слуханні прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.

Выбаршчыкам прапануюць прагаласаваць за закрытыя спісы кандыдатаў. Гэта значыць, што людзі будуць ведаць, хто ёсць у спісе, але мяняцца склад гэтых спісаў не будзе.

Выбары пройдуць па прапарцыйнай сістэме, то бок спісы, умоўна, партыі, будуць атрымліваць месцы ў Каардынацыйнай радзе прапарцыйна галасам, пададзеным за спісы кандыдатаў. Чым больш галасоў атрымае нейкі спіс, тым больш яго прадстаўнікоў трапяць у КР.

У аднаго выбаршчыка будзе толькі адзін голас, які ён можа аддаць за абраны спіс.

Таксама будзе абавязковая квота ў выбарчых спісах на ўдзел жанчын – не менш за 40%. Квота можа быць зніжэння да 20%, калі спіс проста не ў стане выканаць квоту ў 40%. Напрыклад, калі гаворка ідзе пра спіс, які складаецца з чальцоў арганізацяў у сферы бяспекі, ветэранскіх і іншых падобных арганізацый.

Пасля выбараў трэці склад Каардынацыйнай рады сфармуе кансультатыўную Грамадскую палату для НДА.

Гэтыя палажэнні былі ўзгоднены з Аб’яднаным пераходным кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай і платформай палітычных партый.

«Я ведаю, што яно [рашэнне аб выніковым выглядзе галасавання ў КР. – Рэд.] стала кампрамісам, і таму падтрымліваю яго, – заявіла лідарка дэмсілаў Святлана Ціханоўская. – Прапаную распрацаваць і ўзгадніць у найбліжэйшы час Палажэнне аб выбарах у Каардынацыйную раду, а таксама рэалістычны план іх правядзення.

Разумею, што часткай кампрамісу стала прапанова па стварэнні Грамадскай палаты. У сувязі з гэтым я хацела б зазначыць, што многім беларусам можа быць незразумела, якую функцыю будзе выконваць Грамадская палата і чым будзе адрознівацца ад Каардынацыйнай рады. Важна, каб стварэнне новай структуры мела практычны сэнс і дапамагала б супрацы, а не ўскладняла яе».

Першапачаткова прапаноўвалася іншая сістэма галасавання. Напрыклад, адному выбаршчыку прапаноўвалася тры галасы, якія ён можа аддаць, як за адзін спіс, так і па голасу за розныя спісы. Таксама была квота на прысутнасць у Каардынацыйнай радзе прадстаўнікоў НДА. Такая сістэма вызвала спрэчкі і заявы, што яна занадта складаная і ўвогуле можа адбіць жаданне ў выбаршчыкаў галасаваць.

Hавiны
Швейцарыя гатовая выдаваць пашпарты замежніка беларусам, якія не могуць вярнуцца дадому
2024.02.28 18:19

 

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў