Штурм Антарктыды і трансгенныя козы. Чыноўнікі склалі новую метадычку для прапагандыстаў


Беларускія чыноўнікі падрыхтавалі новую метадычку для чальцоў інфармацыйна-прапагандысцкіх групаў на сакавік 2024 года. Матэрыял падрыхтаваны Акадэміяй кіравання пры прэзідэнце на падставе звестак міністэрстваў і прамысловасці, іншых ведамстваў і дзяржаўных медыяў. Яго тэкст апублікаваны на сайце Менгарвыканкаму.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: fir0002 / Wikimedia

Метадычка прапануе прапагандыстам распавядаць, што, дзякуючы курсу Аляксандра Лукашэнкі, беларусы «пазбеглі войнаў і ўзрушэнняў, захавалі і прымножылі дасягненні савецкага перыяду, забяспечылі незалежнасць у ключавых галінах – у прамысловасці, энергетыцы, сельскай гаспадарцы, ахове здароўя і іншых». Падкрэсліваецца, што «кожнаму ў нашай краіне дзяржавай гарантаваныя праца і адпаведны заробак, дасяжная адукацыя і медыцына, бяспека жыцця і дапамога ў любой цяжкай жыццёвай сітуацыі».

«Сёння мы паспяхова запускаем у космас свае спадарожнікі. Упэўнена ўступілі ў клуб ядравых дзяржаў. Штурмуем Антарктыду. Развіваем запатрабаваныя ва ўсім свеце перадавыя IT-і біятэхналогіі», – гаворыцца ў метадычцы.

Сярод станоўчых дасягненняў названыя запуск БелАЭС, якую крытыкуюць эколагі і эканамісты, стварэнне трансгенных козаў з генам чалавека, выраб камбікорму, запуск сцюардэсы ў космас. Таксама згадваецца распрацоўка метадаў клеткавай імунатэрапіі анкалагічных захворванняў і лекавання імуналагічных, алергічных і функцыянальных паталогіяў, але замоўчваюцца рэпрэсіі ў дачыненні навукоўцаў, якія гэтым займаліся.

Пералічаныя ў метадычцы і мадэлі электрамабіляў беларускай вытворчасці (грузапасажырскі ACADEMIC ELECTRO, спартовы Electro Roadster, грузавы МАЗ 4381ЕЕ), праўда, пра іх серыйны выпуск і выкарыстанне нічога не паведамляецца.

Агулам у дакуменце адсутнічае якая-небудзь крытыка ўладаў, але падкрэсліваецца, што «іншай альтэрнатывы для Беларусі проста няма».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў