Высокі попыт і Расея. ЕАБР патлумачыў прычыны росту інфляцыі ў Беларусі


У 2024 годзе цэны ў Беларусі будуць імкнуцца расці хутчэй, аднак гэта будзе стрымлівацца цэнавым рэгуляваннем, распавялі аналітыкі ЕАБР. Даведаліся, што будзе штурхаць цэны ўверх.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Цэны ўжо сталі расці трохі хутчэй у студзені, адзначае ЕАБР:

«Інфляцыя ў Рэспубліцы Беларусь склала 5,9 % г/г у студзені 2024 года пасля 5,8 % г/г у снежні 2023 года».

Інфляцыя на харчовыя тавары ў студзені склала 6,9 % у гадавым вымярэнні ў параўнанні з 6,8 % у снежні 2023 года. Рост цэнаў на нехарчовыя тавары ў студзені – 3,1 % (супраць 2,9 % у снежні). Запаволіўся толькі рост цэнаў на паслугі, да 7,5 % у студзені ў параўнанні з 8,1 % у снежні.

«Высокі ўнутраны попыт і падвышаная інфляцыя ў Расейскай Федэрацыі – ключавым гандлёвым партнёры – ёсць асноўнымі чыннікамі паскарэння тэмпу росту цэнаў. Чакаем, што інфляцыйны ціск захаваецца, але яго перанос у цэны будзе стрымлівацца цэнавым рэгуляваннем у 2024 годзе», – пішуць аналітыкі ЕАБР.

Для барацьбы з інфляцыяй улады прынялі пастанову № 713 аб рэгуляванні цэнаў пасля таго, як 6 кастрычніка 2022 года Аляксандр Лукашэнка забараніў цэнам расці. Пасля разносу, які Лукашэнка ўчыніў чыноўнікам, пачаліся правяранні бізнесу і былі заведзеныя крымінальныя справы на тых, хто ўсё ж цэны падняў. Такое рэгуляванне стварае праблемы ў эканоміцы і можа прывесці да таго, што цэны пачнуць рэзка расці.

Самая пастанова наконт жорсткага рэгулявання паступова мякчэла, аднак чыноўнікі не адмовіліся ад ідэі цалкам. Гэта не першыя захады ў стрымліванні цэнаў. Напрыклад, да пастановы № 713 у Беларусі ўжо рэгуляваліся цэны на «сацыяльна значныя тавары».

Агляд
У Беларусі зноў зменяць правілы цэнаўтварэння. Цяпер кошты будуць «справядлівымі»
2023.12.21 19:06

Арсен Рудэнка belsat.eu

Стужка навінаў