З уладальнікам «Маёнтку Падароск» разарвалі дамовы і забіраюць маёмасць


Ва ўладальніка «Маёнтку Падароск» Паўла Падкарытава забіраюць увесь комплекс – чатыры будынкі. Іх давядзецца вярнуць мясцоваму аддзелу культуры. Падкарытаў прайшоў праз два судовыя працэсы, якія расцягнуліся на шэсць пасяджэнняў, але захаваць маёнтку не здолеў – усе дамовы разарвалі, піша Hrodna.life.

Фота: belsat.eu

Суды для скасавання дамоваў пачаліся ў жніўні 2023 года. У верасні Ваўкавыскі раённы суд праз пазоў Ваўкавыскага аддзелу культуры скасаваў дамову 2013 года пра набыццё аднаго з будынкаў маёнтку. Прычынаю сталася «невыкананне ўмовы ўвядзення аб’ектаў у гаспадарчы абарот». Першыя рашэнні вынеслі суддзі Ваўкавыскага суда Юрый Якімовіч і эканамічнага суда Гарадзенскай вобласці Эдуард Кароль.

Як будзе адбывацца перадача будынкаў, Павел Падкарытаў яшчэ не ведае. Мяркуе, што паводле акту перадачы. Пакуль ён чакае дзеянняў ад аддзелу культуры. Ягоная фірма пакуль працуе, але будзе згортваць дзейнасць. Людзей, занятых там, звольняць.

«Што далей будзе з помнікам – справа аддзелу культуры. Я чакаў такога павароту падзеяў усе 10 гадоў, але, канечне, усё роўна абураны, бо працэдура не мае нічога агульнага з правасуддзем і эканомікаю, проста бальшавізм. Новы 1939-ы хіба, толькі да гаспадара сядзібы яны не могуць дацягнуцца», – пракаментаваў сітуацыю Hrodna.life Павел Падкарытаў.

Павел Падкарытаў ля маёнтку ў Падароску ў 2019 годзе.
Фота: Hrodna.life

Павел на працягу 10 гадоў укладаў у маёнтак свае сродкі: «Грошы будуць ляжаць у зямлі і чакаць гаспадара. Спадзяюся, я яшчэ здолею адкрыць там музей».

Сядзібу Чачотаў-Бохвіцаў у Падароску Павел Падкарытаў выкупіў у 2013 годзе. Збіраўся прыцягнуць у мястэчка новых жыхароў і ўратаваць яго ад вымірання. Камандзе давялося ствараць першасную дакументацыю аб маёнтку зноўку і праводзіць нятанныя навуковыя даследаванні. Скончыць праект планавалі ў пачатку 2023-га. Далей у планах было атрымаць заключэнне дзяржаўнай экспертызы, запусціць кавярню, краму і часовую экспазіцыю.

У кастрычніку 2022 года на прадпрыемстве «Маёнтак Падароск» Ваўкавыскага раёну затрымалі кіраўнікоў і фінансавых работнікаў паводле арт. 243 КК «Ухіленне ад выплаты падаткаў». Праз некаторы час затрыманыя выйшлі на волю.

СП, belsat.eu

Стужка навінаў