Фарба і кайданкі. У Вільні адкрылася выстава былой палітзняволенай Асі Булыбенкі 


У Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні адкрылася мастацкая выстава «Пазнака», якую ладзіць былая палітзняволеная студэнтка Ася Булыбенка. Выстава прысвечаная трэцяй гадавіне Маршу маладосці і будзе працаваць 10 дзён. Мастачка моцна ўражаная гэтай падзеяй і ў жывым эфіры «Белсату» распавяла, што ўжо на адкрыцці было шмат наведнікаў, пагружаных у кантэкст выставы.

Былая палітзняволеная Ася Булыбенка прамаўляе на адкрыцці сваёй выставы «Пазнака» ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

«Мне вельмі падабалася глядзець, як яны [наведнікі] разглядаюць карціны, фатаграфуюць, запытваюцца. Мы многа размаўлялі, знаёміліся, то бок для мяне ўсё прайшло ідэальна».

Карціна «Боль» былой палітзняволенай Асі Булыбенкі на выставе «Пазнака» ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Наведнікі мастацкай выставы разглядаюць працы Асі Булыбенкі. Вільня, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Са словаў Асі Булыбенкі, наведнікаў больш за ўсё цікавілі працы з калоніі: паштоўкі, склееныя згушчонкай, і вышыўкі, зробленыя на форме міліцыянтаў і вайскоўцаў, а таксама як мастачка выносіла іх з фабрыкі. Гучалі пытанні і пра тыя працы, якія б мастачка сама хацела вылучыць.

«Я ў асноўным распавядала пра сваю першую карціну – гэта «Боль», дзе выкарыстаныя кайданкі, у каторых я была на адзіночным пікеце 9 жніўня».

Мастачка падкрэслівае, што боль ад перажытага ў Беларусі жыве ў ёй да гэтай пары, але мастацтва дапамагае ў змаганні з ім. Галоўнае – не спыняцца і шукаць новы спосаб для ягонага выражэння.

«Вось цяпер я прыйшла да сапраўднай мастацкай выставы. І мне дакладна стала лягчэй, таму што цяпер я адчуваю сябе больш бяспечна, з кожным такім каляпублічным дзеяннем я адчуваю нейкую бяспеку. І, канечне, водгукі людзей кажуць пра тое, што гэта ўсё робіцца не марна, эмацыйны водгук ёсць, людзі рэагуюць, цікавяцца, чытаюць».

Мастацтва, паводле былой палітзняволенай, дапамагае не толькі на свабодзе, але і за кратамі, асабліва ў СІЗА. Яно адцягвае ўвагу ад усяго таго, што адбываецца навокал і робіць час незаўважным. Гэтыя заняткі, на дзіва, засталіся без увагі адміністрацыі.

Мастачка Ася Булыбенка падчас пэрформансу з чырвонай фарбай, якой у 2020 годзе дзяўчыну пазначылі сілавікі падчас затрымання. Вільня, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Малюнкі Асі Булыбенкі, зробленыя кропкамі, на мастацкай выставе ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні. 17 кастрычніка 2023 года. Вільня, Літва.
Фота: Белсат

Ася плануе надалей займацца творчасцю, у тым ліку перформансамі.

«Выстава будзе праходзіць, хутчэй за ўсё, і ў іншых краінах: меркавана, у Таліне і Варшаве, то бок у Эстоніі і Польшчы. І, канечне, у мяне шмат ідэяў, меркаваны дэдлайн – гэта кожны месяц рабіць нешта. На жаль, нагоды самі знаходзяць сябе, і не трэба нешта моцна выдумляць, трэба проста чакаць», – распавядае мастачка.

Наведнікі мастацкай выставы разглядаюць працы Асі Булыбенкі. Вільня, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат
Былая палітзняволеная Ася Булыбенка на адкрыцці выставы «Пазнака» ў Цэнтры беларускай супольнасці і культуры ў Вільні, Літва. 17 кастрычніка 2023 года.
Фота: Белсат

Цалкам размову глядзіце тут.

Ася Булыбенка – былая студэнтка БНТУ, якую ў 2020 годзе адлічылі падчас восеньскіх акцыяў пратэсту ў Беларусі. Дзяўчыну асудзілі да 2,5 года калоніі ў «справе студэнтаў». Яна цалкам адбыла свой тэрмін і ў мінулым лістападзе выйшла на волю. Пасля вызвалення Асі забаранілі выязджаць з краіны. Калі яна здымала забарону, яе арыштавалі яшчэ на 30 содняў. Цяпер дзяўчына жыве ў бяспецы ў Вільні.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў