Ва Украіне не выключаюць дыверсіяў вагнэраўцаў на мяжы з Беларуссю


У Беларусь прыбыла ўжо пятая калона наймітаў ПВК Вагнэра, паведамляе «Беларускі Гаюн». Баевікоў плануюць прыцягнуць да супрацы з беларускай арміяй. «Белсат» спытаў украінскага вайсковага эксперта Аляксандра Каваленку, чаму найміты могуць навучыць беларускіх вайскоўцаў і якія пагрозы гэта нясе.

ПВК Вагнэра.
Фота: slovoidilo.ua

У пятай аўтакалоне ПВК Вагнэра налічылі як найменей 90 машынаў. Яны рухаюцца ў бок Асіповічаў, імаверны канцавы пункт – намётавы лагер у вёсцы Цэль.

Вайсковы эксперт з Украіны Аляксандр Каваленка ў размове з «Белсатам» прызнаў: прысутнасць баевікоў у Беларусі будзе нерваваць украінскае кіраўніцтва.

«Тое, што яны будуць іграць на нервах, – безумоўна. У гэтым быў функцыянал расейскіх войскаў, што размяшчаліся ў Беларусі. Яны імітавалі пагрозу для таго, каб скоўваць сур’ёзны патэнцыял украінскіх войскаў на паўночным плацдарме, якія размяшчаліся дзеля папярэджання пагрозаў з боку Беларусі, каб не паўтарылася ўварванне 24 лютага з беларускай тэрыторыі», – адзначыў адмыслоўца.

Hавiны
У Беларусь прыйшла пятая калона ПВК Вагнэра
2023.07.18 18:46

Каваленка ўпэўнены, што сіламі вагнэраўцаў расейцы на Кіеў не пойдуць, бо гэта – не функцыя наймітаў:

«У гібрыдных аперацыях яны прафесійныя, тут нічога не скажаш. Але як толькі яны бяруць удзел у вайсковай аперацыі – зноў-такі Бахмут: дзясяткі тысяч вагнэраўцаў былі пушчаныя ў мясарубку – і які вынік? Яны горад не маглі толкам захапіць за 10 месяцаў».

І калі пагрозы поўнамаштабнага наступу з беларускай тэрыторыі няма, то нейкія дыверсійна-тэрарыстычныя аперацыі цалкам магчымыя, мяркуе суразмоўца «Белсату»:

«У гэтым ёсць сурʼёзная пагроза. Уздоўж мяжы з Украінай можа ўзрасці пагроза дыверсійна-тэрарыстычнай дзейнасці менавіта з дапамогаю групаў вагнэраўцаў».

Hавiны
Выведка Украіны: У Беларусь заехалі ад 500 да 700 вагнэраўцаў
2023.07.18 11:53

Як раней заяўлялі ў Мінабароны Беларусі, баявы досвед наймітаў будзе карысны беларускім вайскоўцам – менавіта ў гэтым цяперашнія ўлады плануюць выкарыстоўваць ПВК Вагнэра. Аднак тэрарысты могуць навучыць толькі тэрарызму.

«У вайсковым плане вагнэраўцы могуць перадаць беларускаму войску толькі навыкі гібрыднага функцыяналу. Яны не навучаць нейкай новай тактыцы або стратэгіі вядзення паўнавартасных поўнамаштабных баявых дзеянняў, а вось дыверсійнай і тэрарыстычнай дзейнасці – могуць», – заўважыў Каваленка.

Ён пры гэтым не разумее, навошта беларускай арміі вучыцца дыверсіям: «Хіба што супраць сваіх суседзяў, краінаў Балтыі, Польшчы, Украіны. Але ў мяне ёсць сумневы, што беларускае войска будзе задзейнічанае ў такіх місіях».

Эксперт з іроніяй падсумаваў, што найміты таксама могуць навучыць беларускіх вайскоўцаў хутка гінуць на вайне.

«Вагнэраўцам ёсць чаму навучыць беларускае войска, напрыклад, усталяванню рэкорду ў самаліквідацыі цягам гадзіны. На саледарскім кірунку не тое што рота знішчалася на працягу гадзіны – нашмат больш. Гэта каласальныя страты».

Аналітыка
Ад мяцяжу да поўнамаштабнай вайны. Чым размяшчэнне ПВК Вагнэра небяспечнае для Беларусі
2023.07.18 07:15

belsat.eu

Стужка навінаў