ГУБАЗіК кліча на футбол? У Беларусі з’явілася падазроная «фанацкая» суполка


Футбольныя заўзятары з Беларусі звярнулі ўвагу на незвычайную суполку «Карусель», якая ў сацыяльных сетках прапагандуе хадзіць на матчы насуперак фанацкаму байкоту, а таксама фантануе знявагамі на адрас прыхільнікаў байкоту і піша «губазікаўскай мовай». «Белсат» распытаў, што вядома пра гэтую супольнасць.

«Шахцёр Петрыкаў» і «Маладзечна-ДЮСШ-4»
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Футбалісты клубаў «Шахцёр» (Петрыкаў) і «ДЮСШ-4» (Маладзечна) глядзяць на адну з часткова запоўненых трыбунаў. Маладзечна, Беларусь. 13 траўня 2023 года.
Фота: ФК «Шахтер» Петриков / VK

Суполка «Карусель» у адной з сацсетак мае амаль шэсць тысяч падпісальнікаў і робіць два асноўныя тыпы публікацыяў. У адных допісах суполка заклікае хадзіць на футбол і хакей, расхвальвае, як прыгожа выглядаюць трыбуны (насамрэч, паўпустыя). У другіх абражае фанатаў, якія з 2020 года байкатуюць гульні ў Беларусі. Чамусьці асабліва не любіць панкаў і «нацыянальна арыентаваных».

Што за байкот?

Фанат клубу БАТЭ Аляксандр, які даўно жыве за межамі Беларусі, расказвае «Белсату»: фанацкіх байкотаў было насамрэч два.

У 2016 годзе аднаго з самых вядомых фанатаў менскага «Дынама» Віталія Пігарава, вядомага як Пума, пасадзілі на 2 гады за нібыта «Распаўсюд парнаграфіі» і «Распальванне варожасці». Фанаты «Дынама» абвясцілі байкот: пакуль Пума сядзіць, на трыбуны не пойдуць. Пігараў, дарэчы, быў вызвалены, збіраўся ўдзельнічаць у пратэстах падчас выбараў-2020, але пасля пагрозы затрымання з’ехаў ва Украіну, а ў 2022 годзе пайшоў на вайну ў «Азоў», адтуль у батальён Каліноўскага.

Другі байкот, ужо ўсеагульны, пачаўся ў 2020 годзе і быў, паводле Аляксандра, унікальным, бо «ніхто ні з кім не дамаўляўся». Заўзятар кажа, людзей абурыла, што з пачаткам пандэміі каронавіруса ў Еўропе абмяжоўвалі наведванне стадыёнаў, а потым спынялі чэмпіянаты, тады як у Беларусі стадыёны трымалі адкрытымі. Фанаты абмяркоўвалі гэта між сабою, але нейкай канферэнцыі з пастановаю пачаць байкот не было – «проста ў адзін момант згуляў здаровы сэнс».

Hавiны
Гвінейскі футбаліст распавёў, як заспеў пандэмію ў Беларусі: «Там зусім не клапаціліся пра бяспеку і здароўе гульцоў»
2021.09.27 17:34

Бліжэй да выбараў фанаты хацелі вярнуцца на стадыёны, «літаральна адзін тур перад выбарамі некалькі калектываў паказаліся на футболе», згадвае суразмоўца. Але пачаліся пратэсты і рэпрэсіі, яны закранулі фанатаў, якіх сталі «ўзмоцнена пакаваць». Байкот, які пачынаўся як «ковідны», стаў палітычным: хадзіць на футбол, калі ў кожным фанацкім калектыве хтосьці за кратамі, стала «непавагаю і пляўком у твар гэтым хлопцам».

Аляксандр згадвае і смерць фаната ФК «Маладзечна» Мікіты Крыўцова – той знік пасля пратэстаў у першыя паслявыбарчыя дні, быў знойдзены засіленым у лесе. Суразмоўца ўпэўнены, што Крыўцова забілі, а забойцы дагэтуль працуюць у міліцыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Паўфінал Кубка Беларусі, гуляюць БАТЭ і «Нёман». На трыбунах не відаць фанацкіх банераў, але ёсць асобныя людзі з клубнымі шалікамі. Горадня, Беларусь. 19 красавіка 2023 года.
Фота: Fcbate.by

Сапраўдныя футбольныя фанаты падтрымлівалі і падтрымліваюць байкот матчаў, бо «гэта проста пытанне здаровага сэнсу», кажа «Белсату» Антось, іншы фанат аднаго з клубаў Найвышэйшай лігі:

«Ладзіць фанацкі рух, калі ў краіне катком праходзяць па любой ініцыятыве, нават самай бяскрыўднай, гэта, як мінімум, бязглузда».

Проста хадзіць на матчы і глядзець футбол – гэта ўжо асабісты выбар кожнага, кажа Антось. Ён не стаў бы адгаворваць беларусаў ад гэтага, але, кажа, «нагадаў бы пра магчымыя наступствы».

Байкот 2020 года не падтрымалі хіба фанаты «Крумкачоў», адзначае Аляксандр, але «да іх пытанняў быць не можа». Заснаваны заўзятарамі клуб ад пачатку быў асаблівым, а  ягоных прыхільнікаў Аляксандр не лічыць фанатамі ў класічным сэнсе слова: гэта простыя людзі «за 30, з мазгамі», яны заўзімаюцца за клуб, што быў збудаваны з нуля і адназначна выказваў пазіцыю падчас пратэстаў-2020. Заўзятары «Крумкачоў», якія сапраўды працягваюць хадзіць на стадыёны, пра супольнасць «Карусель» не чулі, расказаў «Белсату» адзін з іх.

Артыкулы
«Ніхто не мае права ўмешвацца ў тое, як яму паказваць футбол». Гісторыя Аляксандра Івуліна
2022.02.08 10:38

Што за «Карусель» і ці бяспечна цяпер ісці на футбол?

Антось расказвае «Белсату», што пра суполку яго ўжо распытвалі знаёмыя з фанацкіх колаў:

«Першыя ўражанні былі, нібыта я гэта недзе ўжо бачыў. Стылем вельмі падобнае да праўладнай памыйніцы кшталтам «Желтые сливы»: прыватныя фоткі, асабовыя звесткі і ўсё гэта палітае брудам».

Ён не сумняецца, што суполка – чарговая правакацыя ГУБАЗіКу. Раней ужо была суполка «Подслушано Ultras», куды «карлоны» – недасведчаныя фанаты – самі добраахвотна перадавалі інфармацыю пра нейкія падзеі ці людзей, якіх лічылі ворагамі. Але ў «Каруселі» Антось бачыць і характэрны «непаўторны» стыль камунікацыі, і праўладныя наратывы, у якіх «нацыянальна-арыентаваны» – абраза, а падтрыманне Украіны – здрада. У канале, адзначае ён, прасоўваюцца «панславянізм» і падтрыманне «спецыяльнай вайсковай аперацыі».

«Магчыма, патрэбныя новыя людзі для рэпрэсіяў, таму што падтрымліваць статыстыку цягам столькіх гадоў становіцца праблематычна, – разважае Антось. – Магчыма, гэта спроба выгадаваць сваіх ручных фанатаў, як гэта ў Расеі, дзе ўсе буйныя фанацкія рухі маюць кантакты са спецслужбамі, займаюць праўладную пазіцыю, удзельнічаюць у праўладных арганізацыях і масава ваююць на баку Расеі, у тым ліку стварылі фанацкі батальён «Эспаньёла».

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Матч клубаў Найвышэйшай лігі «Дынама» (Берасце) і «Дынама» (Менск). Берасце, Беларусь. 2 чэрвеня 2023 года.
Фота: Футбольный клуб «Динамо-Минск» / VK

Аляксандр разглядае фота «фанатаў» з трыбунаў, апублікаваныя суполкай «Карусель»: вось чалавек дваццаць, ім гадоў па сямнаццаць – у час выбараў-2020 яны былі занадта маладымі, каб зразумець, што адбываецца, а «хочацца быць часткай чагосьці вялікага». Старэйшыя за гадоў дваццаць у фанацкі рух не пойдуць, мяркуе ён.

Суразмоўца папярэджвае: хадзіць на футбол фанатам цяпер небяспечна. Але не праз нейкіх агрэсіўных фанатаў, а праз увагу тых, каго называюць праваахоўнікамі:

«Хочацца звярнуцца не столькі да моладзі, колькі да бацькоў, каб яны зразумелі, што адбываецца: любую неяк сацыяльна актыўную групу людзей, і не абавязкова футбольных заўзятараў, бяруць пад каўпак і тут жа пачынаюць прэсаваць, шукаць шпіёнскія ячэйкі!» – засцерагае Аляксандр.

Фанацкі рух узяць пад кантроль нельга, «бо яго няма», таму пачынаецца такое «заклікалава», мяркуе ён.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заўзятары на матчы клубаў Найвышэйшай лігі «Шахцёр» (Салігорск) і «Нафтан». Салігорск, Беларусь. 18 сакавіка 2023 года.
Фота: Fcshakhter.by

Між фанатамі маглі быць дыскусіі пра вяртанне на стадыён, дапускае Аляксандр. Калі фанаты «Дынама» ладзілі свой уласны байкот, згадвае ён, былі тыя, хто казаў, што байкотам нічога не дамагчыся, Пуму ад гэтага не вызваляць, а каманду трэба падтрымліваць. Былі спрэчкі, але яны не выносіліся на публіку і тым больш былі не ў такой форме, як у «Каруселі». Дый сітуацыя цяпер не такая, што была перад 2020 годам.

У суполцы яму кідаецца ў вочы «мянтоўская мова» і знявага ўсёй «фанацкай Беларусі», якую суполка лічыць «статкам», што пайшоў на байкот за «парай дурняў». Ён дапускае, што суполку могуць весці або тыя, хто «ў абароце» сілавікоў, або пакрыўджаныя фанацкім рухам. Разам з тым, яго насцярожвае, што на стадыёнах відаць такія футболкі і чуваць такія крычалкі, за якія раней затрымалі б, а цяпер чамусьці людзей на стадыёнах не чапаюць.

Hавiны
«Вы кажаце мне пра санкцыі?..» Лукашэнка «як былы футбаліст» узяўся «стымуляваць» спорт
2022.12.15 13:07

Адкуль у сілавікоў такая ўвага да фанатаў?

На думку Аляксандра, насамрэч у сілавікоў не было нагодаў асабліва пільнаваць беларускі фанацкі рух. Гэты рух – крычалкі, банеры, але ўжо больш за дзясятак гадоў здараюцца хіба толькі рэдкія бойкі. Яшчэ з пачатку 2010-х, згадвае ён, фанатам у Беларусі «закруцілі гайкі».

Ён згадвае «справу антыфашыстаў», калі за бойку і разбітае шкло тралейбуса фанатам спачатку далі адміністратыўныя прысуды, а праз больш як год раскруцілі крымінальную справу з буйнымі турэмнымі тэрмінамі. Аляксандр і сам трапіў пад махавік рэпрэсіяў: сілавікі ўчынілі пагром у яго ўдома, забралі маёмасць на некалькі тысяч еўраў. Ды з 2020 года рэпрэсіі закранулі ўжо не толькі фанатаў, а і людзей з фанацкіх колаў, якія ўдзельнічаюць у пратэстах.

Украінскія фанаты
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Фанаты на матчы ўкраінскай Прэм’ер-лігі між клубамі «Металіст 1925» і «Дніпро». Перад матчам ультрас ладзілі супольнае шэсце, спявалі вядомую фанацкую песеньку пра Уладзіміра Пуціна. Харкаў, Украіна. 27 красавіка 2014 года.
Фота: Ultras.org.ua

Сілавікі, кажа Аляксандр, спужаліся таго, што ў 2014 годзе ва Украіне футбольныя фанаты мелі значную ролю ў падзеях на Майдане, ды не суаднеслі маштабаў. Калі сабраць усіх актыўных беларускіх фанатаў, акрамя менскага і берасцейскага «Дынама», то людзей набярэцца хіба на адзін сектар львоўскіх «Карпатаў» – не самага актыўнага руху ва Украіне, кажа суразмоўца. Года з 2015-га фанаты, якія працягнулі хадзіць на футбол, паводзіліся «тише воды, ниже травы» і вялі сваю «картатэку» на ГУБАЗіК.

«ГУБАЗіК не ўлічыў аднаго: нягледзячы на пэўнае непрыязнае стаўленне між групамі, мы сувязь між сабой трымаем, – кажа Аляксандр. – Ёсць жа рэчы, вышэйшыя за клубную прыналежнасць, такія, як жыццё, здароўе».

Журналіст Алесь Ляўчук таксама мяркуе, што на ўвагу да фанатаў трэба глядзець праз прызму 2014 года. Тады ва Украіне падчас Рэвалюцыі годнасці фанаты ўсіх украінскіх клубаў аб’ядналіся і сталі адзінай сілай, што ў значнай ступені вызначала перамогу Майдану. У гэты час у Беларусі стаяла пытанне аб расфармаванні ГУБАЗіКу. Але яго кіраўніцтва паглядзела на Украіну і знайшло новага ворага – футбольных фанатаў. Сілавікі захавалі пасады і актыўна пачалі «працу» з фанатамі.

У выніку даволі хутка ў сілавікоў склаўся спіс з прыкладна 5000 асобаў, звязаных з фанацкім рухам, згадвае Ляўчук. Некаторыя людзі нават мусілі  зʼехаць з краіны, каб пазбавіцца пераследу. Прычым ніхто гэтых людзей не называў «палітычнымі», сілавікі ўсё рабілі «ціха і без шуму».

Але галоўны момант яны ўпусцілі, кажа Ляўчук: менавіта фанаты ў 2020 годзе былі тымі, хто выйшаў і даў бой сілавікам, калі тыя сталі нападаць на пратэстоўцаў. Кажа, на ўласныя вочы бачыў, як у Берасці фанаты біліся з сілавікамі. Але пратэст гэтага не падтрымаў і згубіў сілавы кампанент, без якога, мяркуе ён, немагчыма перамагчы.

Беларусь-Украіна
Здымак мае ілюстрацыйны характар. Беларускія заўзятары на матчы Украіна – Беларусь падчас адбору на «Еўра-2016». Львоў, Украіна. 5 верасня 2015 года.
Фота: Белсат

Летам 2020 года футбольныя фанаты абвясцілі бестэрміновы пратэст і арганізавана на трыбуны больш не вярнуліся, працягвае Ляўчук. А ўлады паставілі задачу «зрабіць як раней»: стварыць ілюзію мірнага жыцця і цалкам падкантрольныя фанацкія фармаванні «з паралельнай рэальнасці».

У Берасці яшчэ ў 2021 годзе ўлады гораду, якія тады кіравалі «Дынама», зрабілі сваю цалкам падкантрольную суполку – у іх былі банеры, яны ездзілі на выезды, але было відаць, што гэта «кузьмічы», цалкам не футбольныя людзі. Апошні яскравы прыклад – заўзятары хакейнага «Нёману». Частку людзей з гэтай суполкі затрымліваюць, закрываюць на содні, а пасля фанаты прыходзяць на арэну – і пляскаюць Лукашэнку. На думку Леўчука, відавочна, што «працэсам кіраваў ГУБАЗіК», бо іначай гэта патлумачыць немагчыма, а са стварэння новых фармаванняў фанатаў «тырчаць вушы» сілавікоў.

Hавiны
Міжнародная ізаляцыя і санкцыі адкінуць беларускі спорт далёка назад
2023.06.02 20:08

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў