Гвінейскі футбаліст распавёў, як заспеў пандэмію ў Беларусі: «Там зусім не клапаціліся пра бяспеку і здароўе гульцоў»


Увесну 2020 года падчас пандэміі Беларусь была адзінай краінай Еўропы, дзе не спыніўся футбольны чэмпіянат краіны. Гэта, вядома, прыцягнула ўвагу да беларускага чэмпіянату, але коштам хваробаў футбалістаў і заўзятараў. Фактычна ў кожным клубе тады хварэлі гульцы, але турніру ніхто і не думаў спыняць.

Мамо Янсанэ ў форме беларускага клубу «Іслач».
Фота: fcisloch.by

Нападнік малдаўскага «Шэрыфа» Мамо Янсанэ, які ў той час выступаў за беларускую «Іслач», з жахам згадвае той час.

У інтэрв’ю расейскаму парталу sport24.ru Янсанэ сказаў:

«У Беларусі я заспеў пандэмію, і яна нагнала на мяне страху. Там зусім не клапаціліся пра бяспеку і здароўе гульцоў, я не адчуваў сябе абароненым. Клуб падвяргаў нас небяспецы і нічога не рабіў для футбалістаў. Мне нават не хацелася прыязджаць на трэніроўкі, я заставаўся ўдома і прапусціў некалькі заняткаў. Бо не быў упэўнены, што не захварэю», – згадвае тую сітуацыю гвінейскі футбаліст.

Са словаў Мамо, нешта сталі рабіць толькі тады, калі гульцы сталі хварэць.

«Ад каронавіруса паміраюць людзі, мы бачым гэта кожны дзень – а ў Беларусі ўсім было ўсё роўна. Толькі калі тры-чатыры гульцы «Іслачы» заразіліся, пра нас сталі клапаціцца, хоць бы рэгулярна праводзіць тэсты», – кажа ў размове з парталам sport24.ru Мамо Янсанэ.

Увесну 2020 года Янсанэ пакінуў беларускі клуб, тады ён забіў восем мячоў і быў найлепшым бамбардзірам «Іслачы». Фактычна паўгода форвард нідзе не гуляў, а потым транзітам праз расейскі «Ніжні Ноўгарад» аказаўся ў малдаўскім «Шэрыфе», а заўтра выйдзе на гульню Лігі чэмпіёнаў супраць мадрыдскага «Рэалу».

АЛ, belsat.eu

Стужка навінаў