На беларуска-літоўскай мяжы з’явіўся блокпост з танкам


На мяжы з Літвой, на трасе М7 у 10 кіламетрах ад памежнага пераходу «Каменны Лог – Медзінінкай» усталяваны блокпост з танкам і БМП, паведамляе маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

Месцазнаходжанне блокпасту з танкам.
Крыніца: маніторынгавая група «Беларускі Гаюн».

На пасту нясуць службу ваеннаслужачыя 19 механізаванай брыгады, якія прыбылі ў Ашмянскі раён у рамках правярання баявой гатовасці Узброеных сілаў Беларусі.

Паводле інфармацыі Міністэрства абароны Беларусі, вайскоўцы «вырушылі з раёну засяроджвання ў баявыя парадкі» і «прыступілі да выканання вучэбна-баявых задач». Блокпост прыкрываюць замаскаваныя танк Т-72Б і баявая машына пяхоты БМП-2.

У тылу раёну праводзяцца заняткі па тактыка-спецыяльнай, тактыка-медычнай, інжынернай і тэхнічнай падрыхтоўкам, паведамляе Міністэрства абароны.

Пра догляд машын, якія праязджаюць праз блокпост, пакуль звестак не было.

Hавiны
У Беларусі ў межах правярання боегатовасці прызвалі ўжо больш за 3000 ваеннаабавязаных
2024.03.17 17:23

11 сакавіка ў Беларусі пачалося правяранне баявой гатовасці злучэнняў і вайсковых частак Узброеных сілаў. Улады заяўляюць, што гэта адказ на вучэнні краінаў NATO «Steadfast Defender 2024», якія праходзяць у тым ліку на тэрыторыі Польшчы.

Падчас правярання можа быць абмежаваны рух цывільнага транспарту, папярэджвала Міністэрства абароны.

«Правяранне носіць комплексны характар. Асабоваму складу трэба будзе высунуцца ў прызначаныя раёны, правесці шэраг вучэнняў і трэнаванняў, у тым ліку з баявой стральбой», – адзначае Міністэрства абароны.

Сярод іншага ў хадзе правярання плануецца перамяшчэнне вайсковай тэхнікі, таму магчымае часовае абмежаванне руху цывільнага транспарту па дарогах агульнага карыстання і ўчастках мясцовасці.

На фоне вучэнняў прапагандысцкія тэлеграм-каналы пужаюць беларусаў і папярэджваюць, каб не здымалі вайсковай тэхнікі. А таксама заахвочваюць вайскоўцаў рабіць фота і відэа тых, хто будзе здымаць іх.

Таксама Міністэрства абароны Беларусі паведамляе, што ў хадзе правярання баявой гатовасці Узброеных сілаў у пункт прыёму асабовага складу прыбылі больш за 3000 ваеннаабавязаных.

Аналітыка
Вучэнні супраць вучэнняў. Што адбываецца і ці ёсць небяспека?
2024.03.14 15:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў