Міжнародная арганізацыя працы рыхтуецца ўжыць санкцыі супраць Беларусі за рэпрэсіі


Падчас эканамічнага форуму ў Давосе абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская правяла шэраг сустрэчаў з кіраўнікамі замежных краінаў і сусветных арганізацыяў. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Офісе Ціханоўскай.

Святлана Ціханоўская і Жыльбэр Унгбо.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На сустрэчы з кіраўніком Міжнароднай арганізацыі працы (МАП) Жыльбэрам Унгбо Ціханоўская распавяла пра апошнюю хвалю рэпрэсіяў супраць беларускіх працоўных, адзначыла пастаянныя парушэнні іхных правоў, а таксама згадала пра суды над прафсаюзнымі лідарамі.

Кіраўнік МАП запэўніў яе, што арганізацыя пад ягоным кіраўніцтвам будзе трымаць Беларусь у фокусе і настойваць на спыненні рэпрэсіяў супраць працоўных і вызваленні ўсіх зняволеных прадстаўнікоў рабочага руху. Яны абмеркавалі апошнія прысуды лідарам незалежных прафсаюзаў, у тым ліку справу Аляксандра Ярашука, які таксама ўваходзіць у кіроўную раду МАП.

Ціханоўская прывітала рашэнне ўжыць артыкул 33 Статуту МАП у дачыненні Беларусі і выказала спадзяванне, што гэты крайні крок дапаможа вызваліць працоўных і прафсаюзных лідараў з турмаў. Ціханоўская запэўніла, што ў найбліжэйшы час дэмакратычныя сілы пададуць у МАП прапановы аб рэалізацыі артыкулу 33, які ўжываецца ў дачыненні краінаў, што сістэматычна не выконваюць патрабаванняў і рэкамендацыяў МАП.

Таксама Ціханоўская правяла дзве асобныя сустрэчы з міністрам замежных справаў Іспаніі Хасэ Мануэлем Альбарэсам, а потым і з прэм’ер-міністрам Іспаніі Пэдра Санчэсам. Яна падзякавала за салідарнасць і дапамогу, якую Іспанія сістэмна надае беларусам.

Святлана Ціханоўская і Пэдра Санчэс.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Падчас сустрэчы з кіраўніком МЗС яна абмеркавала судовыя працэсы, які цяпер адбываюцца над сябрамі Каардынацыйнай рады, Алесем Бяляцкім, Анджэем Пачобутам і журналістамі TUT.by, а таксама новыя абвінавачванні супраць Сяргея Ціханоўскага. Міністр запэўніў, што Іспанія не прызнае рашэння судоў, як і рашэнняў лукашэнкаўскага рэжыму пра непрызнанне дакументаў і пазбаўленне грамадзянства, бо Лукашэнка не мае ніякай легітымнасці. Іспанія працягне выдаваць візы беларусам у Менску.

Ціханоўская абмеркавала з міністрам неабходнасць распрацаваць новую стратэгію адносна Беларусі ў межах ЕЗ і дамовілася абмеркаваць гэта з іншымі міністрамі краінаў ЕЗ у найбліжэйшы час. Размаўлялі таксама пра часовыя дакументы для беларусаў, якія выехалі ў краіны Еўразвязу і не падтрымліваюць рэжыму. Было дамоўлена ў найбліжэйшыя месяцы запусціць праграму рэабілітацыі для рэпрэсаваных беларусаў. Першыя сем’і ўжо неўзабаве паедуць у Іспанію на тэрмін ад паўгода да года. Іспанскі ўрад цалкам гэта прафінансуе. Праграма будзе мець рэгулярны характар.

Прэм’ер-міністр Іспаніі Пэдра Санчэс выказаў поўнае падтрыманне Святлане Ціханоўскай і беларускім дэмакратычным сілам і паабяцаў, што падчас старшынства Іспаніі ў ЕЗ пытанне беларусаў будзе стаяць на самым высокім узроўні.

Святлана Ціханоўская, герцаг Гіём і Ксавіе Бэтэль.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

На сустрэчы з вялікім герцагам Люксембургу Гіёмам і прэм’ер-міністрам краіны Ксавіе Бэтэлем Ціханоўская папрасіла іх звярнуць увагу на ўмовы ў турмах і новыя затрыманні ды прыкласці намаганні для вызвалення палітвязняў. Яна папрасіла Люксембург разгледзець пытанне дапамогі рэпрэсаваным і іхным сем’ям. Таксама абмеркавалі супольныя дзеянні на ўзроўні Еўразвязу.

Абраная прэзідэнтка Беларусі 17 студзеня ўзяла ўдзел у дыскусіі пра бяспеку ў Еўропе на Давоскім форуме. Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі таксама прэзідэнты Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і міністр замежных справаў Іспаніі.

Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычная Беларусь – саюзніца Украіны ў гэтай вайне. Пры гэтым яна нагадала, што беларусы, рэпрэсаваныя ў сваёй краіне, не могуць перадаць Украіне HIMARS ды іншае ўзбраенне, «але большасць насельніцтва Беларусі падтрымоўвае Украіну».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў