«Лукашэнка – гэта адзіны хаўруснік Пуціна». Ціханоўская выступіла на форуме ў Давосе


Абраная прэзідэнтка Беларусі Святлана Ціханоўская 17 студзеня ўзяла ўдзел у дыскусіі пра бяспеку ў Еўропе на Давоскім форуме. Разам з ёй у дыскусіі ўдзельнічалі таксама прэзідэнты Польшчы, Літвы, Паўночнай Македоніі і кіраўнік МЗС Іспаніі.

Святлана Ціханоўская на Давоскім форуме.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Святлана Ціханоўская падкрэсліла, што дэмакратычная Беларусь – саюзніца Украіны ў гэтай вайне. Пры гэтым яна нагадала, што беларусы, рэпрэсаваныя ў сваёй краіне, не могуць перадаць Украіне HIMARS і іншае ўзбраенне, «але большасць насельніцтва Беларусі падтрымоўвае Украіну».

«Мы не хочам рабіцца ворагамі праз жудасныя рашэнні нелегітымнага Лукашэнкі. Мы падтрымоўваем украінцаў, наколькі можам», – сказала Ціханоўская.

У якасці прыкладаў яна прывяла распаўсюд інфармацыі ды нагадала, як беларускія рэйкавыя партызаны запавольвалі расейскія пастаўкі зброі, што накіроўваліся ва Украіну.

«Але цяпер мы ў такой сітуацыі, калі Беларусь нечакана для свайго народу стала суагрэсарам у гэтай вайне. Лукашэнка – гэта, магчыма, адзіны хаўруснік Пуціна. Ён застаецца лаяльным яму. Ён дае нашу краіну для запуску ракетаў, для навучання расейскіх жаўнераў», – заявіла беларуская лідарка.

Беларуская войска нелаяльнае Лукашэнку

Ціханоўская адзначыла, што беларускае войска нелаяльнае да Лукашэнкі:

«Яны не хочуць паміраць або быць забітымі ў баях ва Украіне. Яны не хочуць, каб нашыя нацыі, украінцы і беларусы, сталі ворагамі. І Лукашэнка ведае гэта. Менавіта таму ён не хоча пасылаць беларускія войскі ва Украіну, бо нашыя жаўнеры, нават калі іх пашлюць, памяняюць бок, адступяць, схаваюцца і гэтак далей».

Святлана Ціханоўская на Давоскім форуме.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Але, сказала абраная прэзідэнтка, Лукашэнка працягвае прымаць расейскія войскі і зброю і, верагодна, Беларусь і далей будзе выкарыстоўвацца Расеяй у сваіх мэтах. Яна адзначыла, што цяпер у Беларусі размяшчаюцца каля 12 тыс. расейскіх вайскоўцаў, якія пагражаюць беларусам і адцягваюць увагу Збройных сілаў Украіны ад таго, што адбываецца на Усходзе.

«Украінцы рыхтуюцца да магчымых сухапутных атакаў з боку Беларусі, але нашая задача – не дапусціць такога ўварвання», – заявіла Ціханоўская.

Зараз, паводле яе, ідзе праца з беларускімі вайскоўцамі, каб інфармаваць іх пра тое, што адбываецца, бо яны могуць быць уведзеныя ў зман.

«Таму хочам, каб свет адрозніваў рэжым Лукашэнкі ад беларускага народу», – заклікала абраная прэзідэнтка.

Яна нагадала, што беларусы ўжо прагаласавалі за дэмакратычныя змены ў нашай краіне, «і яны да канца будуць стаяць за гэтыя змены». Яна таксама падзякавала польскаму і літоўскаму кіраўніцтву за прыклад, які яны паказваюць іншым краінам, «як дзейнічаць, калі вораг каля брамы».

Макар Мыш belsat.eu

Стужка навінаў