У АБСЕ заклікалі да свабодных выбараў у Беларусі


Вялікая Брытанія, Канада ды іншыя краіны 16 лістапада выступілі з заяваю на адрас Сталай рады АБСЕ наконт сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі. Яны заклікалі да свабодных выбараў і неадкладнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: OSCE

Заява прымеркаваная да Міжнароднага дня салідарнасці з Беларуссю, што адзначаўся 12 лістапада. Зачытала яе амбасадарка Канады ў Вялікай Брытаніі Джосэлін Кінір 16 лістапада. Яна выступіла ад імя сваёй краіны, а таксама Вялікай Брытаніі, Ісландыі, Ліхтэнштэйну, Нарвегіі і Швейцарыі.

У прамове гаворыцца пра рэпрэсіі, палітвязняў, сітуацыю са свабодай СМІ і грамадскімі арганізацыямі ў нашай краіне.

«З 2020 года пачалося збліжэнне Беларусі і Расеі, якое завяршылася тым, што ў лютым 2022 года Расея выкарыстала тэрыторыю Беларусі як плацдарм для поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну. Суўдзел Беларусі ў агрэсіўнай вайне Расеі супраць Украіны працягваецца і суправаджаецца рэпрэсіямі ў дачыненні тых, хто выказвае сваю нязгоду з вайной ці падтрыманне ўкраінскаму народу.

Ніводная з гэтых палітычных пастановаў, як падаецца, не ўлічвае жаданняў і інтарэсаў народу Беларусі. Народ Беларусі заслугоўвае ўласнай незалежнай, дэмакратычнай дзяржавы, свабоднай ад умяшання і падпарадкавання Расеі», – падкрэсліваюць аўтары.

Заяўнікі зазначаюць, што парламенцкія выбары ў Беларусі плануюцца 25 лютага 2024 года, а наступныя, прэзідэнцкія, выбары адбудуцца ў 2025 годзе.

Аб’ектыў
Лукашэнка рыхтуецца да парламенцкіх выбараў
2023.11.09 20:32

«Мы заклікаем да правядзення свабодных і справядлівых выбараў у Беларусі без умяшання, запалохвання і страху пераследу, у поўнай адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі. Свабода слова і аб’яднанняў мусіць прытрымлівацца, у тым ліку для незалежных СМІ і палітычных партыяў. Усе патэнцыйныя кандыдаты мусяць мець магчымасць вылучаць свае кандыдатуры, не баючыся арышту ці рэпрэсіяў. Мусяць быць запрошаныя міжнародныя наглядальнікі. Грамадзянскай супольнасці мусіць быць дадзеная магчымасць граць сваю ролю ў прыцягненні да адказнасці ўрадаў і палітычных дзеячаў», – гаворыцца ў заяве.

Аўтары таксама заклікалі да неадкладнага вызвалення палітвязняў, да спынення парушэнняў правоў чалавека і да дыялогу, што «паважае волю і правы чалавека».

«Мы цвёрда салідарныя з народам Беларусі і будзем працягваць заклікаць Беларусь да выканання сваіх абавязанняў у рамках АБСЕ і выканання сваіх міжнародных абавязанняў, у тым ліку абароны правоў чалавека і дэмакратычных свабодаў свайго народу», – рэзюмавалі яны.

Агляд
Як дэмакратычны свет выказаў салідарнасць з Беларуссю ў гадавіну забойства Рамана Бандарэнкі
2023.11.12 19:08

СП, belsat.eu

Стужка навінаў