Міністэрства энергетыкі Украіны заяўляе, што перамоваў з Расеяй пра транзіт газу не будзе


Украіна не збіраецца весці перамоваў з Расейскаю Федэрацыяй аб працягненні кантракту на транзіт газу ў Еўропу, адзначае ўкраінскі міністр энергетыкі Герман Галушчанка.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Sputnik

Кантракт пра транзіт расейскага газу праз Украіну заканчваецца ў 2024 годзе, і, як адзначыў Герман Галушчанка, ужо сёння відавочна, што Украіна не будзе весці перамоваў з Расеяй, каб яго працягнуць.

«Па-першае, мы дакладна не будзем бокам перамоваў з расейцамі, і гэта цалкам відавочна, а па-другое, я думаю, што наступны год будзе паказальны з гледзішча магчымасці Еўропы функцыянаваць увогуле без расейскага газу. Я бачу ўсе перадумовы для таго, каб гэта адбылося», – прыводзіць словы ўкраінскага міністра энергетыкі выданне «РБК-Україна».

Паводле Галушчанкі, «абсалютна відавочна»: Масква можа сама спыніць дзеянне гэтага кантракту, і гэта, на думку ўкраінскага міністра, «не звязана з юрыдычнымі фармальнасцямі» і тлумачыцца тым, што Расея вядзе непрадказальную агрэсіўную палітыку.

У той жа час роля Украіны ў забеспячэнні стабільнасці на еўрапейскім рынку газу застаецца ключавою. Бо, паводле Галушчанкі, еўрапейскія кампаніі працягваюць захоўваць газ ва ўкраінскіх газасховішчах. Украінскі міністр выказаў упэўненасць, што найбліжэйшым месяцам будзе назірацца толькі павелічэнне аб’ёмаў запампоўвання газу. «А гэта значыць, што Украіна – надзейны партнёр нават падчас вайны… Украіна здольная забяспечыць бяспеку паставак для Еўропы, і гэта істотна», – падкрэсліў Галушчанка.

Дзейны кантракт быў заключаны ў 2019-м на пяць гадоў. Згодна з ягонымі ўмовамі, «Газпром» мусіць прапампаваць праз тэрыторыю Украіны 225 млрд м3 газу.

Як адзначае выданне «EurAsia Daily», у пачатку жніўня ў інтэрв’ю «Financial Times» адзначаў, што працяг кантракту будзе малаімаверным і Украіна рыхтуе сваю энергасістэму да спынення паставак. Пра тое, што варта падрыхтавацца да спынення транзіту газу, казаў і былы кіраўнік кампаніі «Оператор ГТС України» Сяргей Макагон.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў