Вынікі апошняга дня галасавання ў Расеі: «Поўдзень супраць Пуціна» і дзесяткі затрыманых


У Расеі завяршаецца трэці і апошні дзень галасавання на прэзідэнцкіх выбарах. Праціўнікі Уладзіміра Пуціна і развязанай ім вайны ва Украіне правялі акцыю «Поўдзень супраць Пуціна». Як прайшоў гэты дзень, расказвае «Вот Так».

Апошні дзень галасавання прайшоў адносна спакойна: паліцыя не нападала на людзей у чэргах да ўчасткаў для галасавання. Каля некаторых участкаў у Расеі чэргі апоўдні сабралі дзясяткі чалавек, а на ўчастках за мяжой – сотні. У сацыяльных сетках публікавалі сотні фота сапсаваных бюлетэняў з надпісамі супраць вайны і дзейнай улады.

Станам на 16.20 паводле маскоўскага часу вядома пра 75 затрыманых у 17 гарадах Расеі, падлічыла «ОВД-Инфо». Большасць затрыманых – актывісты, якія заклікалі прыходзіць на ўчасткі апоўдні. За першыя два дні галасавання зафіксавалі як мінімум 29 затрыманняў за падпалы або псаванне кабінак і скрыняў у 20 рэгіёнах Расеі. «Новая газета Европа» налічыла ўжо 15 крымінальных спраў па артыкуле аб «перашкодзе працы выбарчых камісій».

У Пярмі жанчына ўзарвала вялікую петарду ў прыбіральні на выбарчым участку ў доме культуры. У выніку ёй адарвала руку, цяпер яна дастаўлена ў бальніцу. Паводле дадзеных выдання Baza, выбух ажыццявіла 64-гадовая Алена С. Відавочцы кажуць, што перад выбухам жанчына размаўляла з кімсьці праз тэлефон. Паводле папярэдняй версіі, яна мела зносіны з ашуканцамі.

Згодна дадзеным Цэнтральнай выбарчай камісіі Расеі на 15:45 маскоўскага часу яўка склала 70,81% на участках і дыстанцыйным галасаванні. Пры гэтым раніцай ЦВК паведамляў аб яўцы 61,37% за першыя два дні галасавання. Але і цяперашнія 70,81% – ужо рэкорд для прэзідэнцкіх выбараў у Расеі: у 2018-м яўка паводле афіцыйных звестак склала 67,54%, а найбольшай да таго была ў 2000-м, роўна 70%.

Найбольшая яўка паводле звестак ЦВК была ў Чачэнскай Рэспубліцы, 93% (пры гэтым праваабаронцам паведамлялі аб «карусельным галасаванні»). Найменшая – у Алтайскім краі, 52%. За мяжой прагаласавалі каля 125 тысяч чалавек.

Акция «Поўдзень супраць Пуціна» – ідэя нябожчыка Аляксея Навальнага. Ён бачыў акцыю як камбінацыю пратэсту рознымі спосабамі: праз пратэстнае галасаванне, агітацыю дзеяннем, фізічную прысутнасць і салідарнасць з тымі, хто будзе ў гэты ж час на выбарчым участку. Прыхільнікі Навальнага лічаць, што называць гэтую электаральную кампанію словам «выбары» нельга: галасаванне праходзіць ва ўмовах рэпрэсій і вайны (у тым ліку на акупаваных тэрыторыях), адзначаюцца выпадкі прымусу да галасавання, чакаюцца фальсіфікацыі і «намаляваныя» 80% галасоў за Уладзіміра Пуціна.

Чарга да амбасады Расеі, дзе ідзе галасаванне на прэзідэнцкіх выбарах. Варшава, Польшча. 17 сакавіка 2024 года.
Фото: Vot-tak.tv

Расейская палітолаг Маргарыта Завадская ў эфіры «Вот так» распавяла, што хадзіла на ўчастак у пасольстве Расеі ў Хельсінкі, адстаяла ў паўкіламетровай чарзе чатыры гадзіны. Паводле яе адчуванняў, большасць людзей у чарзе збіралася галасаваць супраць Пуціна, ці псаваць бюлетэні, атрымаўся «калектыўны перфоманс». Прынамсі за мяжой акцыя «Поўдзень супраць Пуціна» адбылася, упэўненая яна, а расейцы ў эміграцыі змаглі «ўбачыць адзін аднаго». Захоўваецца сувязь паміж тымі, хто адкрыта пратэстуе за мяжой, і тымі, хто застаецца ў Расеі, дзе адкрыта пратэставаць немагчыма.

Выпадкі падпалу або псавання скрыняў для галасавання – пратэст адзіночак і «пратэст адчаю», кажа палітолаг. Настолькі відавочна незаконныя дзеянні з гвалтоўным ухілам –маркер таго, што людзі страцілі надзею і знаходзяцца ў стане «пераціснутага крана». А наступны, ужо пяты тэрмін Пуціна будзе яшчэ больш жорсткім і рэпрэсіўным, упэўненая Завадская.

Прэс-сакратар «ОВД-Инфо» Дзмітрый Анісімаў распавёў у эфіры «Вот так», што вядома ўжо пра 83 затрыманні 17 сакавіка. Некаторыя затрыманні былі жорсткімі, суправаджаліся нават збіццём або пагрозамі гвалту. Затрымлівалі не толькі праз адкрытыя пратэсты, але і праз дробязі: так, жанчыну з гадавалым дзіцём затрымалі за тое, што дзіця нешта намалявала ў бюлетэні.

Французская палітолаг, прафесар Сесіль Весье ў эфіры «Вот так» адзначыла, што ў Расеі захавалася культура савецкіх спецслужбаў і рэпрэсій. Гэта яшчэ не 1937 год, калі за дзень маглі расстраляць тысячы людзей. Але цяпер палітычных арыштаў куды больш, чым у брэжнеўскія часы. І «кошт жыцця» чалавека ў Расеі нулявы: Пуцін і каманда паказваюць, што чалавечае жыццё нічога не вартае. У такіх умовах палітолаг не чакае дэмакратызацыі.

Галасаванне праводзілі таксама на акупаваных тэрыторыях Украіны. Весье лічыць, што гэта можа быць падставай для непрызнання выбараў шэрагам краін. Прэзідэнт Францыі Эмануэль Макрон дапускаў непрызнанне выбараў як раз з гэтай прычыны.

Яўка на акупаваных тэрыторыях Украіны паводле звестак ЦВК склала блізу 80%. Пры гэтым галасаваць дазвалялі нават па ўкраінскіх пашпартах. Працэс галасавання кантралявалі ўзброеныя людзі.

Былы прэзідэнт «Марыупальскага тэлебачання» Мікалай Асычкенка ў эфіры «Вот так» здзівіўся: як выбарчым камісіям самім не смешна і не сорамна называць такія лічбы яўкі? Бо на акупаваных тэрыторыях проста не маюць спісаў выбаршчыкаў. Паводле яго звестак, у Марыупалі выкарыстоўваюць украінскія спісы выбаршчыкаў, якія былі складзеныя яшчэ да поўнамаштабнай вайны і ўключаюць каля 120 тысяч забітых марыупальцаў.

Разбор
71-гадовы самавылучэнец ідзе на пяты тэрмін. Што адбываецца ў Расеі 15–17 сакавіка
2024.03.15 07:00

Алесь Наваборскі / ВВ belsat.eu

Стужка навінаў