«Рабіў гэта па заданні СБУ». БТ паказала сюжэт пра затрыманых у Лельчыцкім раёне «дыверсантаў»


Увечары 16 лютага на тэлеканале «Беларусь 1» выйшаў сюжэт, прысвечаны контртэрарыстычнай аперацыі ў Лельчыцкім раёне, якая ажыццяўлялася 15 лютага і падчас якой былі затрыманыя «дыверсанты», што дзейнічалі на тэрыторыі нашай краіны нібыта па заданні СБУ.

Улады апублікавалі фота затрыманых у выніку «чэкісцкай ваеннай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне.
Фота: nevolf / Telegram

«У ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне органамі памежнай службы быў зафіксаваны ўваход на тэрыторыю Беларусі з украінскага боку групы асобаў. Пранікненне адбывалася з розных месцаў. Прычым, на складаным ландшафце ўчастку мяжы: лясістая мясцовасць з вадой, дзе ў некаторых месцах глыбіня дасягае 3 метраў. У выніку аператыўных мераў па спыненні незаконнага пераходу мяжы, частка парушальнікаў была затрыманая», – распавядаецца ў сюжэце.

Паводле аўтараў сюжэту, затрыманыя – удзельнікі дыверсійна-разведвальнай групы, у якую ўваходзяць грамадзяне Украіны і Беларусі. Пры затрыманні ў іх нібыта знайшлі выбуховыя прылады.

Паказалі і імавернае затрыманне – два мужчыны з пакетамі на галовах стаяць на каленях каля мікрааўтобуса, потым іх вядуць у верталёт. Суправаджалі затрыманых супрацоўнікі КДБ. Акрамя таго, на шаломе аднаго з сілавікоў – расейскі сімвал «Z».

Імёны «дыверсантаў» – Сяргей і Павел Кабарчукі, яны – бацька і сын. Заданне ім нібыта дало СБУ, і яны пагадзіліся, бо ім пагражала пазбаўленне волі за незаконны выраб, захоўванне і перавозку наркотыкаў.

«<…> Да мяне падышоў чалавек, падпісаўся, што з СБУ, кажа, ёсць такая праца – на Беларусь працягнуць тавар, закапаць і ўсё», – казаў на допыце Сяргей Кабарчук.

«Паабяцаюць, што закрыюць справу і ўсё. Я рабіў гэта па заданні СБУ. Мне за грошы нічога не казалі, што яны мне штосьці заплацяць», – кажа Павел Кабарчук.

Ва Украіне Кабарчукоў судзілі з чэрвеня 2023 года, піша гомельскае выданне «Флагшток». Наступнае паседжанне, як мінімум шостае, было прызначанае на 21 лютага 2024 года. Увесь гэты час бацька з сынам знаходзіліся на волі, бо ўнеслі вялікі грашовы залог у памеры 200 пражытковых мінімумаў (па 536 800 грыўняў ці 14 тысяч долараў для кожнага). Рашэннем суда Кабарчукі не мелі права пакідаць сяло Старая Выжыўка Ковельскага раёну Валынскай вобласці.

Кабарчукоў судзілі ва Украіне па наступных артыкулах Крымінальнага кодэксу: «Замах на злачынства» (арт. 15, ч. 3), «Кантрабанда наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў, іх аналагаў або прэкурсораў або фальсіфікаваных лекавых сродкаў» (арт. 305, ч. 2, ч. 3), «Незаконныя вытворчасць, выраб, набыццё, захоўванне, перавозка, перасылка або збыт наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў або іх аналагаў» (арт. 307, ч. 3).

Самы цяжкі – артыкул 305 – па ім прадугледжанае пакаранне да 12 гадоў зняволення.

Пра 60-гадовага Сяргея Кабарчука беларускі КДБ расказаў, што ён былы памежнік, які пасля звальнення зарабляў кантрабандай разам з сынамі. Пра затрыманага беларуса Віталя Уласюка ў КДБ паведамілі толькі ягоны ўзрост — 53 гады і месца жыхарства — Берасце. Як высветліла «Наша Ніва», Уласюк з’яўляецца прыхільнікам «рускага свету».

У сюжэце на БТ таксама паказалі рэчы Уласюка ды распавялі, што знайшлі ў сумках затрыманых, якія СБУ ім перадало нібыта перад пераходам мяжы»:

«Знойдзены пластыкавы корпус, які быў абсталяваны пластычным выбуховым рэчывам, як мяркуецца, паўтара-два кілаграмы. Два электрадэтанатары, якія запітваліся ад акумулятарных батарэяў, таксама быў далучаны да дадзенай прылады пульт дыстанцыйнага ўзводу. У наступным пакеце знойдзеныя GPS-трэкер, навігатар, без выбуховых рэчываў і сродкаў узрывання, адна сім-карта, другая сім-карта. У трэцім пакеце: гімнастычны тубус, абсталяваны пластычным выбуховым рэчывам, куды быў усталяваны таксама пульт дыстанцыйнага ўзводу, электрадэтанатар, акумулятарныя батарэі з сім-картай таксама і датчык дыстанцыйнага ўзводу, як мяркуецца, бо антэна, сім-карта, акумулятарная батарэя. У наступным пакеце былі стандартныя касетныя авіябомбы 2,5 кілаграма, якія снаражаюцца трацілам, плюс былі даабсталяваныя пластычным выбуховым рэчывам для лепшай фіксацыі электрадэтанатараў. Іх было два. Два электрадэтанатары. Два акумулятары да іх мацаваліся, камера і пульт кіравання дыстанцыйнага, а таксама тэлефон і грошы».

У дачыненні да затрыманых распачатыя крымінальныя справы па арт.13 і арт.289 («Падрыхтоўка да акту тэрарызму»), арт.358-1 («Агентурная дзейнасць») КК.

Абноўлена
У КДБ распавялі падрабязнасці «контртэрарыстычнай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне
2024.02.16 17:23

Пра «чэкісцкую ваенную аперацыю» у Лельчыцкім раёне заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Толькі сёння затрымалі некалькі дыверсантаў на ўкраінскай мяжы. З дапамогаю дронаў балотамі некаторыя з украінскіх грамадзянаў перапаўзалі на нашую мяжу, перакідвалі выбухоўку для ўчынення дыверсіяў перадусім на тэрыторыі Расеі і Беларусі», – распавёў ён.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка назваў абсурднай заяву самаабвешчанага кіраўніка Беларусі пра «контртэрарыстычную аперацыю» на мяжы з Украінаю. «Лукашэнка працягвае гуляць на баку тэрарыстычнай Расеі. Сённяшнія ягоныя словы – чарговае пацвярджэнне гэтаму. У нас яны, вядома, могуць выклікаць усмешку, але для сваёй унутранай аўдыторыі яму трэба рабіць такія заклікі, каб хоць і беспадстаўна, але зазначаць, што з Украіны ідзе пагроза», – заявіў ён. «Лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца», – падкрэсліў Дэмчанка.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў