«Абсурд не спыняецца». Ва Украіне пракаментавалі заяву Лукашэнкі пра дыверсантаў


Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка ўважае за праяву абсурду заяву Аляксандра Лукашэнкі пра «контртэрарыстычную аперацыю» на мяжы з Украінаю.

«Лукашэнка працягвае гуляць на баку тэрарыстычнай Расеі. Сённяшнія ягоныя словы – чарговае пацвярджэнне гэтаму. У нас яны, вядома, могуць выклікаць усмешку, але для сваёй унутранай аўдыторыі яму трэба рабіць такія заклікі, каб хоць і беспадстаўна, але зазначаць, што з Украіны ідзе пагроза», – заявіў Дэмчанка ў інтэрвʼю выданню «Українська правда».

Ён звярнуў увагу на словы Лукашэнкі пра тое, што гэтую «контртэрарыстычную аперацыю» нават у Беларусі ніхто не заўважыў, бо гэта «не вашая справа».

«Лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца. Я дагэтуль успамінаю пра ягоныя «тоны зброі», якую яны «затрымлівалі з Украіны», а яшчэ лепш памятаю, адкуль адбылося ўварванне Расеі», – дадаў прадстаўнік Дзяржаўнай памежнай службы.

Нагадаем, Лукашэнка 16 лютага заявіў, што ў Лельчыцкім раёне была праведзеная «чэкісцкая ваенная аперацыя» і нібыта затрыманыя «дыверсанты». «Толькі сёння затрымалі некалькі дыверсантаў на ўкраінскай мяжы. З дапамогаю дронаў балотамі некаторыя з украінскіх грамадзянаў перапаўзалі на нашую мяжу, перакідвалі выбухоўку для ўчынення дыверсіяў перадусім на тэрыторыі Расеі і Беларусі», – распавёў ён.

Hавiны
«Чэкісцкая ваенная аперацыя». Лукашэнка заявіў, што ў Лельчыцах затрымалі дыверсантаў
2024.02.16 13:15

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў