Хорар, дакументалістыка і крымінал. Сем беларускіх кінапраектаў прайшлі пітчынг у Берліне


16 лютага ў межах Еўрапейскага кінарынку 74-га Берлінскага кінафестывалю адбыўся пітчынг праектаў беларускіх кінематаграфістаў. Падзея была арганізаваная Беларускай незалежнай кінаакадэміяй, піша Reform.

Пітчынг беларускіх кінапраектаў у Берліне.
Фота: reform.by

У пітчынгу ўзялі ўдзел сем кінапраектаў розных жанраў, хронаметражу і ступені распрацоўкі. Чатыры з іх ігравыя, два – дакументальныя і адзін – анімацыйны. Сузаснавальнікі кінаакадэміі Ірэна Кацяловіч і Ігар Сукманаў абралі іх з 40 заявак, якія падалі беларускія кінематаграфісты для ўдзелу ў пітчынгу на Еўрапейскім кінарынку. Паслухаць беларускіх фільммэйкераў прыйшлі беларускія кінематаграфісты, еўрапейскія адмыслоўцы і прадстаўнікі кінаіндустрыі. Мадэравала падзею Гэлеэн Хэрытсэн, дырэктарка Фестывалю кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы «goEast».

На пітчынгу Мара Тамковіч паказала эпізод свайго першага поўнаметражнага фільму «Пад шэрым небам», які натхнёны гісторыяй журналістаў Кацярыны Андрэевай і Ігара Ільяша, адзін з персанажаў інспіраваны асобай Дар’і Чульцовай.

Рэжысёрка Саша Кулак паказала трэйлер свайго праекту «Каб лёгка з’язджалі і добра вярталіся», які прысвечаны беларускаму Палессю, яго традыцыям і жыхарам.

Анімацыйны праект Максіма Птушкіна «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях», створаны на падставе зборніка фантастычных твораў пісьменніка Яна Баршчэўскага, уяўляе сабою энцыклапедычную этнаграфічную гісторыю таго, што адбылося за тысячы гадоў; пратаганістам гісторыі з’яўляецца офісны імперскі цэнзар.

Надзея Якімовіч шукала на пітчынгу прадзюсара і рэжысёра для свайго праекту «Паляванне». Гэта крымінальная гісторыя, дзеянне якой адбываецца ў вёсачцы Белавежскай пушчы і якая з’яўляецца метафарай таго, што адбываецца ў Беларусі цяпер.

Юлія Айно у праекце «Паўночнае ззянне» плануе ўзняць тэму першай міграцыі. Сярод удзельнікаў і дакументальны праект Марты Верас  «Гарышчы для галубоў».

Галоўнай мэтай пітчынгу для аўтараў і аўтарак было знайсці партнёраў для рэалізацыі сваіх ідэй. Шмат з іх шукалі прадзюсараў у каманду праекта, каб дапамагчы ім перарасці ў рэалізаваныя беларускія фільмы.

Інтэрв’ю
«Думала, пачаўся канец свету»: аўтары серыялу «Працэсы» пра тое, як яго здымалі ў Варшаве
2023.11.23 09:00

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў