У Офісе прэзідэнта Украіны прынялі адстаўку Арэстовіча


Пазаштатны дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч адпраўлены ў адстаўку. Пра гэта паведаміў выданню «Українська правда» прэс-сакратар прэзідэнта Сяргей Нікіфараў.

Аляксей Арэстовіч.
Фота: unian.net

Аляксей Арэстовіч 17 студзеня сам напісаў заяву аб звальненні з Офісу прэзідэнта пасля сваіх словаў пра тое, што ракета ўпала на жылы дом у Дняпры пасля таго, як яе збілі ўкраінскія сілы СПА. У выніку гэтага ракетнага ўдару загінулі ўжо 44 асобы. Тады ягоныя словы зняпраўдзілі ў ЗСУ.

Пазней ён прызнаў памылку, растлумачыўшы, што даваў інтэрв’ю «радыкальна стомленым», і папрасіў прабачэння за яе. Таксама ён прасіў прабачэння ў сваякоў загінулых, пацярпелых, жыхароў Дняпра і ўва ўсіх, каго «зачапілі» ягоныя словы аб тым, што расейская ракета, якая ўпала на дом у Дняпры, была збітая ўкраінскімі сіламі СПА.

Арэстовіч напісаў заяву аб звальненні і апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook са словамі: «Прынцыповая памылка, значыць, у адстаўку».

Яшчэ да падпісання заявы аб звальненні дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка ініцыяваў збор подпісаў з патрабаваннем звольніць Арэстовіча і праверыць яго на здзяйсненне дзяржаўнай здрады.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў