Еўразвяз выступіў з асуджэннем «Хамасу»: Тэрору няма апраўдання


15 кастрычніка сябры Еўрапейскай рады прынялі заяву, у якой вызначаецца пазіцыя Еўразвязу адносна развіцця сітуацыі на Блізкім Усходзе.

Сцяг Еўразвязу. Брусель, Бельгія. 21 чэрвеня 2022 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

У заяве гаворыцца пра тое, што Еўразвяз самым рашучым чынам асуджае «Хамас» і яго жорсткія невыбіральныя тэрарыстычныя напады па ўсім Ізраілі ды глыбока шкадуе пра гібель людзей.

«Тэрору няма апраўдання», – гаворыцца ў заяве.

Таксама ў Радзе падкрэслілі, што Ізраіль мае права абараняць сябе згодна з гуманітарным і міжнародным правам ад гвалтоўных і невыбіральных нападаў. Быў зроблены акцэнт на важнасці забеспячэння абароны ўсіх цывільных асобаў у любы час.

Сябры Рады заклікалі «Хамас» неадкладна вызваліць усіх закладнікаў без якіх-кольвек папярэдніх умоваў.

У той жа час была падкрэсленая гатовасць Еўразвязу разам з партнёрамі працягваць падтрыманне тых цывільных асобаў у сектары Газа, якія маюць у ёй найбольшую неабходнасць. Пры гэтым важныя гарантыі таго, што тэрарыстычныя арганізацыі не злоўжываюць такою дапамогаю.

У Еўрапейскай радзе падкрэслілі, што вельмі важна не дапусціць эскалацыі ў рэгіёне:

«Мы па-ранейшаму адданыя трываламу і ўстойліваму міру, заснаванаму на рашэнні стварыць дзве дзяржавы, шляхам актывізацыі намаганняў у мірным працэсе на Блізкім Усходзе. Мы падкрэсліваем неабходнасць шырокага ўзаемадзеяння з законнымі палестынскімі ўладамі, а таксама з рэгіянальнымі і міжнароднымі партнёрамі, якія маглі б адыграць станоўчую ролю ў перадухіленні далейшай эскалацыі».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў