«Чорт з ім». Ілан Маск пастанавіў працягнуць фінансаванне інтэрнэту «Starlink» для Украіны


Бізнесовец Ілан Маск паведаміў, што ягоная кампанія працягне аплачваць інтэрнэт «Starlink» для Украіны. Пра гэта ён напісаў у сваім Twitter. «Украіна гэта цэніць», – адказалі ў Офісе прэзідэнта Зяленскага.

Амерыканскі бізнесовец Ілан Маск паведаміў, што, нягледзячы на буйныя выдаткі, ягоная кампанія працягне фінансаваць інтэрнэт «Starlink» для Украіны.

«Чорт з ім… Хоць «Starlink» усё яшчэ губляе грошы, а іншыя кампаніі атрымліваюць мільярды долараў ад падаткаплатнікаў, мы працягнем бясплатна фінансаваць урад Украіны», – напісаў Маск у сваім Twitter-акаўнце.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк адрэагаваў на гэтае паведамленне выразам з фантастычнага фільму «Зорныя войны».

«Ты мусіў знішчыць сітхаў. Ты гэтак і зрабіў. Дзякуй, што далучыўся да правільнага боку. Украіна гэта цэніць», – напісаў Падаляк у Twitter.

Днямі стала вядома, што Маск накіраваў ліст Пэнтагону з просьбай узяць на сябе фінансаванне спадарожнікавага інтэрнэту для Украіны. У звароце адзначалася, што на аплату паслугаў сёлета спатрэбіцца больш за 120 мільёнаў долараў, а налета – каля 400 мільёнаў долараў.

Шчанюкі адпачываюць побач з тэрміналам «Starlink» каля гораду Ліман. Данецкая вобласць, Украіна, 7 кастрычніка 2022 г.
Фота: STRINGER / Reuters / Forum

Раней Ілан Маск выклікаў абурэнне ўкраінцаў сваім «мірным планам», паводле якога Крым мае быць расейскім, а Украіна – нейтральнай дзяржавай.

Спадарожнікавы інтэрнэт «Starlink» запрацаваў ва Украіне ўвесну. Кампанія бясплатна перадала тысячы тэрміналаў для прыёму сігналу. Гэтыя захады моцна дапамагаюць ва ўмовах знішчэння інфраструктуры расейскімі вайскоўцамі.

Аналітыка
Маск «усё яшчэ вельмі падтрымлівае» Кіеў. Разбіраемся, што стаіць за яго заявамі пра мір ва Украіне
2022.10.15 12:00

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў