Ілан Маск прапанаваў пакінуць Крым Расеі. Як на гэта адрэагавалі ўкраінскія палітыкі і сацсеткі


Амерыканскі прадпрымальнік, заснавальнік кампаніяў «SpaceX» і «Tesla» Ілан Маск, які ў 2022 годзе ўзначаліў рэйтынг найбагацейшых асобаў планеты паводле версіі «Forbes», апублікаваў у Twitter сваё бачанне развіцця канфлікту ва Украіне. Аднак яно спадабалася далёка не ўсім ды выклікала рэакцыю ўкраінскага ўраду і сацыяльных сетак.

Ілан Маск падчас прэс-канферэнцыі пасля выпрабавальнага палёту ракеты кампаніі «SpaceX».
Фота: John Raoux/AP Photo

У сваім Twitter-акаўнце Маск прапанаваў наступныя крокі для ўрэгулявання канфлікту ва Украіне:

  • правесці новыя выбары ў анексаваных Расеяй рэгіёнах пад наглядам ААН. «Расея сыходзіць, калі так захоча народ», – прапанаваў Маск;
  • Крым фармальна ёсць часткаю Расеі, як гэта было з 1783 года (пакуль Хрушчоў не здзейсніў «памылкі»);
  • бакі павінны будуць гарантаваць водазабеспячэнне Крыму;
  • нейтральны статус Украіны.

Сваім чытачам ён прапанаваў прагаласаваць за гэты план ці супраць яго. А таксама заявіў, што магчымы, хаця і малаверагодны варыянт развіцця канфлікту – ядравая вайна.

Пазней бізнесовец назваў перамогу Украіны ў вайне супраць Расеі «малаімавернай» і заявіў, што «воля людзей на Данбасе і ў Крыме павінна вызначыць, у складзе Расеі яны ці Украіны».

На допіс Ілана Маска адказаў прэзідэнт Літвы Гітанас Наўседа:

«Калі хтосьці спрабуе скрасці колы вашай «Tesla», гэта не робіць яго законным уладальнікам аўтамабіля або колаў. Хоць яны сцвярджаюць, што абодва прагаласавалі за гэта. Проста кажу».

Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адрэагаваў на пост амерыканскага бізнесоўца, напісаўшы: «Які Ілан Маск вам падабаецца больш?». І прапанаваў варыянты адказу: «Які падтрымлівае Украіну», «Падтрымлівае Расею».

У адказ Ілан Маск напісаў Уладзіміру Зяленскаму, што ён «усё яшчэ вельмі падтрымлівае» Украіну, але перакананы, што «эскалацыя вайны моцна нашкодзіць Украіне і, магчыма, свету».

Дарадца кіраўніка офісу прэзідэнта Украіны Міхайла Падаляк таксама адказаў на прапанову Ілана Маска «пакінуць Крым у складзе Расеі».

Таксама Падаляк задаў пытанне Маску, ці хоча бізнесовец легітымізаваць «рэферэндумы», праведзеныя РФ на акупаваных тэрыторыях Украіны, на што той адказаў: «Не, я прапаную галасаваць пад (назіраннем) ААН (ці выберыце арганізацыю або краіну, якой найбольш давяраеце)». Пазней дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта дадаў, што «Tesla» – добрыя машыны, але больш прыярытэтныя для яго HIMARS.

Дарадца Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч апублікаваў здымак з дабаўленым тварам Ілана Маска (першапачаткова на ёй быў затрыманы Віктар Медвядчук, кум Пуціна).

Сталы прадстаўнік Украіны ў ААН Сяргей Кісліца рэзка адрэагаваў на допіс Маска:

«Наступны раз, калі мне патрэбен будзе сантэхнік, я пазваню Ілану. Ён не займаецца сантэхнікаю? Тады якога чорта ён кажа пра міжнародныя стасункі і ўнутранае права? Дарэчы, добры сантэхнік лепшы за меркаванне Маска пра незаконна акупаваныя тэрыторыі замежнай дзяржавы».

Міністр замежных справаў Украіны Дмытро Кулэба адказаў, што кожны, хто прапануе Украіне адмовіцца ад свайго народу і зямлі, павінен спыніць выкарыстоўваць слова «мір» як эўфемізм да «дазволіць расейцам забіваць і гвалтаваць яшчэ тысячы нявінных украінцаў ды захапіць больш зямлі».

Украінскі тэлевядоўца і валанцёр Сяргей Прытула надумаў зарганізаваць збор сярод украінцаў на падручнік гісторыі для Ілана Маска.

Украінскі блогер Ігар Лачэнкаў прапанаваў Прытулу сабраць грошы і выкупіць «SpaceX».

Адказ Ілану Маску ад былога амбасадара Украіны ў Нямеччыне Андрэя Мельніка быў такі: «Адвалі – мой вельмі дыпламатычны адказ табе». І дадаў: цяпер адзіны вынік у тым, што ні адзін украінец ніколі не купіць «Tesla». І пажадаў удачы.

На прапанову Маска адказаў і старэйшы дарадца кангрэсу ЗША Пол Масара. Ён прапанаваў дзве ўмовы міру паміж Украінай і РФ: «Украіна вызваляе ўсю сваю суверэнную тэрыторыю» і «Расея дэкаланізуецца, дэмілітарызуецца і дэнуклеарызуецца».

Грамадскі актывіст Сяргей Стэрненка арганізаваў іншае апытанне: як бы Маск адрэагаваў на тое, калі б расейцы хацелі адрэзаць яму нагу?

Рахаўскі раённы шпіталь таксама выказаўся і прапанаваў умовы для міру паміж чалавекам і сухотамі.

Украінскі блогер Мікіта Рыбакоў апублікаваў жарт наконт выказванняў Маска.

Некаторыя прапаноўвалі Ілану Маску «выйсці з Twitter і ўвайсці нармальна».

Беларускія блогеры таксама адрэагавалі на пост Ілана Маска:

У сацсетак таксама пайшлі чуткі, што нібыта акаўнт Ілана Маска быў узламаны і што ён не мог такога напісаць. Але нічога такога не здаралася.

Аднак адрэагавалі на апублікаваны ў Twitter допіс бізнесоўца не толькі ў сацыяльных сетках. Пасля выказвання свайго бачання развіцця канфлікту ва Украіне акцыі кампаніі «Tesla» абваліліся на 8,61 % за апошнія содні.

Крыніца: finance.yahoo.com

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў