«Кіно – гэта ідэалогія». Што там «На другім беразе»?


На гэтым тыдні ў пракат выйшаў фільм «На другім беразе». З інфармацыі дзяржаўных СМІ выходзіць, што ўсе пласты насельніцтва Беларусі масава рынуліся ў кінатэатры, каб паглядзець стужку і падзяліцца сваім уражаннем. Што гэта за фільм і як наогул выглядае сітуацыя ў дзяржаўным кіно, разбіраўся «Белсат».

«На другім беразе». Афіша. Крыніца: gomelkino

«Кіно – гэта ідэалогія»

«Што датычыць нашай кінавытворчасці, гэта бяда», – сказаў Аляксандр Лукашэнка, калі прызначаў 28 ліпеня кіраўніком кінастудыі «Беларусьфільм» Юрыя Аляксея, які да таго ўзначальваў кінавідэапракат у Горадні. Лукашэнка запатрабаваў актуальных («животрепещущих») тэмаў.

Думку, што гэта за тэмы, выказаў сам Юрый Аляксей:

«Кіно – гэта ў першую чаргу ідэалогія. Яно здымаецца не для таго, каб забаўляць, а для таго, каб трансляваць пэўныя погляд і ідэі гледачам».

Ён паведаміў, што ў планах «Беларусьфільму» – мультфільмы пра дзяржаўныя сімвалы сучаснай Беларусі і фільм пра пратэсты 2020 года «ў падтрыманне абранага прэзідэнта Беларусі».

Найвялікшы правал беларускага кінематографу

Ідэалагічнае і прапагандысцкае кіно – не новая з’ява для Беларусі. На прэзідэнцкія выбары ў Беларусі традыцыйна з’яўляліся танныя кароткаметражкі ад спецслужбаў то пра пацукоў, якімі быццам бы баевікі-апазіцыянеры збіраліся атручваць водаправоды (2006 год), то пра арматуру і сякеры на зачышчанай ад пратэстоўцаў плошчы Незалежнасці ў Менску (2010 год).

Напярэдадні чарговых выбараў у кастрычніку 2015 года сродкаў пастанавілі не ашчаджаць і выпусцілі   блокбастар «Мы, браты…» за $ 5 млн. Ён пад першапачатковай назвай «Авель» меў статус «нацыянальнага праекту», што прадугледжвала 100% фінансавання з дзяржбюджэту. У выніку «конкурсу» праект дастаўся кампаніі Nonstop MEDIA, якая абяцала, што «фільм запраграмаваны на поспех».

Згодна сюжэту, прадстаўнікі таемнага таварыства, якое вядзе свой пачатак ад біблейскага Каіна і паяднаныя генам нянавісці і злосці, ладзіць каляровыя рэвалюцыі па свеце, у тым ліку і ў Беларусі падчас «Плошчы 2010». У сусветны пракат фільм пайшоў як «Код Каіна», але ні галівудскія зоркі (Эрык Робертс, Наташа Алам), ні расейскія (Уладзімір Гасцюхін, Аляксей Сярэбракоў) стужку не ўратавалі, і пасля паказаў у 40 краінах і імкнення скарыстаць для яго прасоўвання тэму майдана ва Украіне зборы склалі менш за 30 тысяч долараў.

Замест таго, каб стаць «кінематаграфічнай краінай», як на тое спадзяваўся колішні міністр культуры Барыс Святлоў,  бюджэт панёс вялізныя страты, за якія ніхто да адказнасці не быў прыцягнуты.

Прадзюсары як «штурхачы»

Скандал у беларускі кінематограф прыйшоў навіной ад 23 мая 2018 года, калі стала вядома, што супраць Алега Сільвановіча, былога дырэктара «Беларусьфільма», звольненага напярэдадні фільму «Мы, браты» была заведзена крымінальная справа за «злоўжыванне службовых паўнамоцтваў» з-за фільма «З 8 сакавіка, мужчыны!». Сільвановіч як гендырэктар кінастудыі перадаў правы на стужку ад «Беларусьфільму» расейскай студыі «Маскіт», што атрымала ад фільму прыбытак $ 3 млн. Пры гэтым «Маскіт» яшчэ здолеў здабыць фінансаванне на гэтую ж стужку ад расейскага Фонду кіно на больш чым $ 240 тыс., не вернутых да сёння. Сам Сільвановіч быў пазначаны як «прадзюсар» фільму «З 8 сакавіка, мужчыны!».

Але што робіць прадзюсар у кіно? Ён стварае ўмовы для вытворчасці і, адпаведна, кіруе знойдзенымі пад гэта фінансамі. Ва ўмовах Беларусі, згодна прапагандысту Андрэю Мукавозчыку, прадзюсар – гэта «штурхач», які прасоўвае стужку для атрымання фінансавання з дзяржбюджэту. У выпадку поспеху «прадзюсары маюць долю, маюць адсотак».

Талерка, якую традыцыйна разбіваюць у першы дзень здымання фільму. У прозвішчы Данііла Чупа зроблена памылка. Крыніца: vkontakte

Сцэнар пісалі расейцы пра адзінства беларусаў (і ўкраінцаў) з расейцамі

Ці будзе мець такі «адсотак» ад новай стужкі «Беларусьфільму» яе ўжо былы кіраўнік Уладзімір Карачэўскі, які выступае ў якасці прадзюсара фільму «На другім беразе»? Кіно выйшла 14 верасня, напярэдадні так званага Дня народнага адзінства, што адзначаецца 17 верасня. Але не толькі звальненні гендырэктараў напярэдадні прэм’еры яднае «На другім беразе» з «Мы, браты…», але і змена назваў.

Першапачатковая назва стужкі – «Мы адзіныя». Яна запускалася ў вытворчасць у сакавіку 2022 года для ідэалагічнага апраўдання распачатай Расеяй вайны супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі выступіў суагрэсарам. Фільм нават задумваўся як цэлая сага з трох фільмаў, дзе будуць паказаныя не толькі часы актыўнага народна-вызвольнага руху ў Заходняй Беларусі, але і яго задушэння і, нарэшце, «уз’яднання» ў 1939 годзе. Для працы над сцэнаром былі прыцягнутыя неназваныя Карачэўскім расейскія гісторыкі.

Але што ж гэта за гісторыкі, калі нават на постары фільму ёсць «гістарычная памылка»? Сюжэт яго быццам бы будзе распавядаць пра падзеі 1925 года, але пазначаны на постары горад Дзяржынск на той час быў яшчэ Койданавам (назва змененая ў 1932 годзе). Відавочна, такія дробязі «гісторыкаў» не цікавілі, бо ў іншым выпадку яны прынамсі праверылі б, што газета «Narodowiec» (відавочна, узятая таму, што з польскай мовы перакладаецца як «Нацыяналіст) выходзіла ў Францыі, а не ў Польшчы. Аўтары палічылі такія моманты неістотнымі, галоўнае – паказаць імкненне да «ўз’яднання» беларусаў з расейцамі (як узор для ўкраінцаў) і тое, што на Захадзе – адныя ворагі і прыгнятальнікі. Пры гэтым на галоўныя ролі ў падобных быццам бы «беларускіх» фільмах ніколі не знаходзяць беларускіх актораў, бяруць выключна расейцаў.

Актор Руслан Чарнецкі і Аляксандр Лукашэнка. 3 ліпеня 2022 года. Крыніца: БелТА

У якасці галоўных актораў «На другім беразе» – амаль невядомы расеец Данііл Чуп (нездарма на сімвалічнай талерцы, прымеркаванай да пачатку працы над фільмам, ягонае прозвішча напісалі з памылкай) і нашмат больш вядомая праз «мыльныя» серыялы расейская акторка Антаніна Дзівіна. Пры адборы Дзівінай, відавочна, кіраваліся ейным пэўным падабенствам з беларускай актывісткай Верай Харужай. Але Дзівіна, на дзіва, ролю выканала горш за Чупа.

Затое беларуса ўзялі на адну з галоўных адмоўных роляў – польскага афіцэра. Ім стаў Руслан Чарнецкі, вядомы сваёй непрыхільнасцю да Польшчы і тым, што ездзіў на лыжах з Лукашэнкам ды атрымаў у 2022 годзе званне «Заслужаны артыст».

Рэжысёрам стаў расеец Андрэй Хрулёў, вядомы праз серыял «На дальняй заставе» (2015) і праз тэндэнцыйны серыял «Павуціна». Аднак апошні ягоны фільм, дарэчы, на тэму крыміналу, пабачыў свет ажно 5 гадоў таму – у 2018 годзе.

Меркаванні
Ці зможа рэжым імпартазамясціць культуру?
2023.08.13 09:00

Акрамя былога кіраўніка «Беларусьфільму» Карачэўскага, прадзюсаркай (і дырэктаркай) фільму выступае Ірына Філіпава, у актыве якой працы над двума праектамі, адзін з якіх 1995 года (серыял «Крымінальная Расея»), а другі – 2019 года (серыял «Холівар. Гісторыя рунэту»).

Невядома, чаму пры працы над фільмам, пазіцыяванага як нацыянальнага, узялі не якіх-небудзь вядомых актораў і рэжысёраў. Ці можа гэткія проста ад прапановаў адмовіліся, калі пабачылі сцэнар? Мяркуем, паказальным тут выступіла асоба кампазітара фільму. Ім стаў Аляксандр Сухараў, спявак і лідар гурта «Эківокі», вядомы сваімі гастролямі пешшу. «На другім беразе» – гэта першы ягоны мастацкі фільм, для якога Сухараў напісаў музыку. Затое ён актыўна падтрымліваў Аляксандра Лукашэнку пасля 2020 года.

Магчыма, тут згуляў ролю і досвед «Мы, браты…», калі ні акторы, ні спецэфекты фільму не ўратавалі. Але чаму? Ці не з прычыны празмернай прапаганды, з якой кіно перастае быць забаўляльным?

Скрыншот кадру з фільму «На другім беразе». Крыніца Youtube 

Антыпольская прапаганда

 «На другім беразе» мае яскрава антыпольскую скіраванасць, адная толькі фраза персанажа Лесі Рубцовай чаго вартая: «На паноў, значыць, батрачыш. У цябе палякі Радзіму аднялі, а ты на іх працуеш».

Для ўзмацнення антыпольскасці стужкі дадалі, акрамя нацыянальнага, яшчэ і рэлігійны фактар. Паводле сюжэту, польскія ўлады ў адной з вёсак пад Стоўбцамі на мяжы з БССР забіраюць праваслаўную царкву пад склад і забіваюць пры гэтым маці галоўнага героя, які апынаецца перад выбарам: быць законапаслухмяным ціхім грамадзянінам пры несправядлівым рэжыме, калі «не да законаў» – ці змагацца са зброяй у руках з беззаконнем і прыніжэннем народнай годнасці.

Стваральнікі фільму не раз казалі падчас працы над ім пра актуальнасць, таму пагодзімся, што гэта так. Праўда, галоўнага героя звалі першапачаткова Павел Бойка, што было сугучна з іменем рэпрэсаванага рэжымам Лукашэнкі якраз перад самым запускам фільму ў вытворчасць актора і рэжысёра Віктара Бойкі, былога палітзняволенага.

У выніку прозвішча героя змянілі на Павел Смоліч – сугучнае Аркадзю Смолічу, таленавітаму географу, аднаму з айцоў Беларускай Народнай Рэспублікі, які пайшоў на супрацу з бальшавікамі, а тыя яго расстралялі ў 1938 годзе.

Сюжэт пра ператварэнне царквы ў склад – гэта таксама адсылка не да міжваеннага часу (тады былыя каталіцкія храмы, ператвораныя ў цэрквы ў часы Расейскай імперыі, сапраўды забіралі, т. зв. рэвідэнцыя), а да часоў СССР. Якраз у СССР у выніку антырэлігійнай кампаніі вернікі і святары фізічна вынішчаліся, а да 1941 года на тэрыторыі Усходняй Беларусі дзейных праваслаўных (як і каталіцкіх) храмаў проста не засталося. Але фільм жа не гістарычны, ён прапагандысцкі, таму і сэнсу шукаць у ім адпаведнасці гісторыі Беларусі, асабліва пададзенай з расейскай падказкі, наўрад ці варта.

Скрыншот кадру з фільму «На другім беразе». Крыніца Youtube

Істотна іншае: калі для лукашэнкаўскага кінематографу антыпольскасць зрабілася нормай, як «Дзед Талаш» (2011) і «Сляды на вадзе» (2016), дзе, дарэчы, галоўны герой таксама мае прозвішча Смоліч, то для расейскага кінематографу гэтая з’ява ўпершыню паўстае ў канцэнтраваным выглядзе ў новым кінапраекце з працоўнай назвай «Russian gate». Нездарма для здымання антыпольскага фільму абралі Беларусь.

«Russian gate»

Пра здымкі  «Russian gate» стала вядома ў канцы жніўня. Пра гэта паведаміў на сваёй старонцы у Facebook наш калега Зміцер Ягораў: «Бачыў у сторыз беларусаў і беларусак Мінскую вуліцу з паказальнікамі на польскай мове (накшталт як вуліца ў Варшаве) і кадры на якіх людзі з камерай і мікрафонам з лагатыпамі, стылізаванымі пад белсатаўскія».  Потым пра фільм падрабязна пісала Еурарадыё.

Серыял «Russian gate» здымалі ў Менску ў ліпені – верасні. Галоўных ролі выканалі расейскія акторы Канстанцін Крукаў, Юлія Юрчанка, Дзмітрый Мілер, Ілья Жданікаў. Беларусаў бралі для масоўкі.

Гэта будзе дэтэктыў пра расейскіх дыпламатаў у Польшчы, дзе ідзе рыхтаванне да прэзідэнцкіх выбараў, а заходнія куратары распачынаюць антырасейскую кампанію (Russian gate).  Крыніца, знаёмая з ходам здымачнага працэсу расказала «Белсату» некаторыя падрабязнасці.

Фрагмент сцэнару кінапраекту «Russian gate». Крыніца: Белсат

Расея быццам бы імкнецца патрымаць сепаратыстаў у Сілезіі, якія быццам бы жадаюць аддзяліцца ад Польшчы. Галоўны герой, часовы павераны Васільеў, які любіць здымаць відэа для блогу, мусіць уладкоўваць як уласныя сямейныя праблемы, так і не дапусціць ледзь не вайны Расеі і Польшчы. Ды нават дапамагае аднаму з кандыдатаў у прэзідэнты, а каптуром вам яшчэ гісторыя кахання! Карацей, у найлепшых традыцыях адпаведных галівудскіх серыялаў.

Беларускія акторы тут ізноў жа на падхопе, як і ў шэрагу іншых расейскіх праектах, што здымаюцца цяпер у Беларусі – «Апошні са зграі», «Падвышаючы градус», «Федзя. Народны футбаліст» ды іншыя.

У «Russian gate» будзе сцэна і з журналістамі, у якіх чытаюцца прадстаўнікі каналаў «Белсат» (у фільме – «Velcat») і «TVP info» (у фільме – «TWP Info»). Пры гэтым самыя акторы, залучаныя ў масоўку, у тым ліку ў выглядзе раз’юшаных футбольных фанатаў (яшчэ адзін стэрэатып пра Польшчу ў расейскім фільме) мусілі папярэдне прайсці правяранне ў сілавікоў і атрымоўвалі магчымасць азнаёміцца са сцэнаром толькі непасрэдна перад здыманнем, не разумеючы, што гэта «палітычнае» кіно.

Аналітыка
Ад галівудскіх хітоў да класікі пад жывую музыку: якое кіно паказваюць у беларускіх кінатэатрах?
2023.09.03 11:59

Барыс Булат belsat.eu

Стужка навінаў