Ці зможа рэжым імпартазамясціць культуру?

Гэтага было варта чакаць: пасля захадаў для імпартазамяшчэння ў гандлі лукашэнкаўскія чыноўнікі ўзяліся за канцэпцыю імпартазамяшчэння ў культуры. У першым выпадку гэта быў хоць і з бравадай, але вымушаны крок, у другім, як выглядае, – акт помсты ненавіснаму Захаду, які не вітае дыктатара. Не расейскую ж культуру яны сабраліся замяшчаць, яна тут нават імпартнай не лічыцца.

Фестываль «Менск маладзёжны» у Парку Перамогі. Менск, Беларусь. 10 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

«У Міністэрстве культуры Рэспублікі Беларусь прайшла нарада па пытанні распрацоўкі праграмы Канцэпцыі культурніцкага імпартазамяшчэння». Я завісла ў ступары, думаючы, як сённяшняя беларуская дзяржава можа імпартазамясціць культуру. Як гэта можна здзейсніць у свеце сучасных тэхналогіяў, разграміўшы ў краіне адзіна канкурэнтаздольную прастору незалежных ініцыятываў. Што чыноўнікі насадзяць замест, якой якасці будзе тое, чым яны хочуць замясціць замежную культуру, і ці можна гэта ўперці гвалтоўна?

Гаворка пра імпартазамяшчэнне ў культуры пачалася з сакавіцкага паслання самаабвешчанага прэзідэнта, у якім ён загадаў «адыходзіць ад павеваў і святкаванняў, якія супярэчаць нашым хрысціянскім традыцыям і маралі». Можна толькі здагадвацца, што значаць гэтыя традыцыі і мараль, хутчэй за ўсё гаворка пра лукашэнкаўскія «скрэпы» і светапогляд сённяшняга рэжыму. Дыктатар сказаў, што трэба больш актыўна прасоўваць свае традыцыі ды сімвалы, сваіх артыстаў і мастакоў, і гэта была б добрая ідэя, калі б гаворка ішла пра беларускія, а не лукашэнкаўскія традыцыі ды сімвалы, пра беларускіх артыстаў і мастакоў. Неўзабаве чыноўнік з Мінкульту сказаў, што працэс імпартазамяшчэння ўжо запушчаны, і прывёў у прыклад «навязаныя звонку» Дзень святога Валянціна і Гэлаўін.

Зразумела, што агучаны план дрэнна стасуецца з зачысткай культурніцкай прасторы, чорнымі спісамі і крымінальным пераследам прадстаўнікоў культурніцкай сферы. Праз тры месяцы пасля «паслання народу» ў выніку цяжкіх турэмных умоваў пойдзе з жыцця палітзняволены Алесь Пушкін. Некалі ў царкве ў мястэчку Бобр ён на роспісе пра Страшны суд намаляваў сярод грэшнікаў падобную да Лукашэнкі фігуру. Іншая рэч, напрыклад, Мікалай Апіок з патрыятычным трыпціхам «Шчыт Айчыны», дзе ў цэнтры стаяць Лукашэнка і былы міністр абароны Леанід Мальцаў. Роспіс у царкве ў Бабры замазалі, а трыпціх Апіока вандраваў ад выставачнай пляцоўкі да выставачнай пляцоўкі, але адзін з найвядомейшых у краіне мастакоў усё яшчэ Пушкін. Натуральна, ён паспяхова «імпартазамяшчаў» замежныя павевы, вось толькі, здаецца, Міністэрства культуры будзе здзяйсняць «праграму канцэпцыі» з дапамогаю некага кшталту Апіока. Наколькі паспяхова – пытанне рытарычнае.

Чальцы ваенна-патрыятычнага клуба «Арляняты» фатаграфуюцца на машынах для разгону мітынгаў. Менск, Беларусь. 10 верасня 2022 года.
Фота: Белсат

Слова «імпартазамяшчэнне» ўзнікала то там, то сям. Сумна вядомая прадстаўніца Мінкульту Ірына Дрыга сказала, што на пляцоўках «ад самых прэстыжных фестываляў да сельскіх дамоў культуры ў прыярытэце павінны быць беларускія артысты, якія выконваюць айчынную музыку». Пакажыце мне музычных выканаўцаў, якія не ўвайшлі ў чорны спіс міністэрства і сапраўды маглі б імпартазамясціць для ўнутранай аўдыторыі замежныя хіты. Прытым, што ў беларусаў за мяжой (бо толькі там цяпер можна свабодна выяўляць сімпатыі да той, а не іншай культуры) «беларускія артысты, якія выконваюць айчынную музыку», – цалкам натуральная рэч. Ніхто не прымушае тоўпіцца на канцэртах выканаўцаў і ўключаць іхную музыку ў паўсядзённым жыцці, але тоўпяцца і ўключаюць. А калі на фестывалях і ў сельскіх дамах культуры ў Беларусі будуць гучаць сястры Груздзевы і Гюнеш, ці будуць беларусы слухаць іх у «Apple Music» і «Spotify»?

А потым быў прызначаны новы дырэктар нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм», і міністр культуры Анатоль Маркевіч сярод іншага «асабліва звярнуў увагу на эфектыўнае ўкараненне стратэгіі культурніцкага імпартазамяшчэння ў кінематаграфіі».

Вельмі складана ўявіць, што тут маецца на ўвазе. Нагадаю, што з пачатку года ў Беларусі ёсць закон «Аб абмежаванні выключных правоў на аб’екты інтэлектуальнай уласнасці», які стварае легітымную базу для паказу ў заблакаваным кампаніямі-мэйджарамі беларускім кінапракаце пірацкіх версіяў кіно. Хтосьці нават лічыць, што ён быў створаны адмыслова дзеля кінатэатраў.

Зразумела, кінапракат – гэта відовішча і бізнес, якія робяцца пераважна галівудскімі рэлізамі, так што тут дзяржава не зацікаўленая ў імпартазамяшчэнні. «Беларусьфільм» ніколі не задаволіць попыту кінапракату і ніколі не запоўніць сеткі прапагандысцкіх тэлеканалаў, а на тое, што запоўніць, не будуць хадзіць так, як на новыя «Аватар» ці «Місія невыканальная». Адпаведна, бізнес прагарыць, а публіка застанецца незадаволеная і абвінаваціць у гэтым Лукашэнку. Урэшце, фільмы кінастудыі наўрад ці трапяць на буйныя стрымінгавыя сэрвісы, якія ў апошнія гады замяняюць масаваму гледачу кінатэатры. То бок нават тэхналогіі, праз якую беларускаму гледачу можна замясціць замежнае кіно з няправільнымі духоўнымі каштоўнасцямі, няма, бо дыктатуры няма чаго супрацьпаставіць сучасным тэхналогіям і тэндэнцыям.

Помню аншлагі на паказах беларускага кіно на кінафестывалі «Лістапад», калі яго рабіў «АРТ Карпарэйшн», але тое кіно ўжо за мяжой, а спробы «Беларусьфільму» зрабіць папулярны ў аўдыторыі прадукт стала не заканчваюцца поспехам.

Магчыма, пад імпартазамяшчэннем тут мелася на ўвазе стварэнне жанравых гісторыяў кшталту серыялаў, камедыяў, сямейнага кіно, якія б маглі перабіць інтарэс праз тэрытарыяльную блізкасць, але зноў жа – не ў гэтай фірме. Дарэчы, разам з імпартазамяшчэннем была агучаная задача рабіць фільмы, запатрабаваныя гледачом і накіраваныя на патрыятычнае выхаванне насельніцтва. Спадзяюся, яны там разумеюць, што ў кантэксце сённяшняга рэжыму гэта несумяшчальныя рэчы. Як і ўся гэтая задача нешта нечым імпартазамясціць, калі замяшчаць няма чым, бо культурніцкі рэсурс, да якога можа апеляваць Мінкульт, – мізэрны, некрэатыўны і падцэнзурны.

Хіба што «праграма канцэпцыі» будзе выконвацца ў адміністрацыйны спосаб, што значыць, неэфектыўны – у сучасным свеце аўдыторыя мае магчымасць спажываць тую культуру, якую яна хоча. Быў у дзяржавы адзін спосаб імпартазамясціць культуру – укладвацца ў натуральнае і свабоднае развіццё сваёй. Але, зразумела, не ў гэтай фірме.

Ірэна Кацяловіч belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў