Тэлевядоўца Валярына Кустава, да якой 3 чэрвеня прыйшлі сілавікі, у Facebook распавяла, што цяпер яна ў бяспечным месцы, а таксама, што на яе завялі прынамсі дзве крымінальныя справы.
Вядоўца адзначыла, што да яе дадому прыехаў чорны бус, і сямёра сілавікоў у цывільным уварваліся ў кватэру.
«Адначасова міліцыя і ГУБАЗіК завіталі на маю афіцыйную працу і да бацькоў. Суткі невядомыя капаліся ў маіх рэчах і правяралі суседзяў. Да сёння не ведаю, што менавіта канфіскавана: ёсць меркаванне – што ўся тэхніка (былі спробы (без поспеху) узламаць пошту і профілі з маіх жа камп’ютараў), каштоўнасці, сродкі. Кватэра апячатаная да цяпер. І нават адвакатка туды не мае доступу, як і да маёй справы, бо СК яшчэ «дапрацоўвае» яе», – распавяла Валярына Кустава.
Паводле Куставай, на ёй «дзве з хвосцікам крыміналкі. І вялікая цікавасць СК, КДК, міліцыі і ГУБАЗіКу».
Сама яна цяпер за мяжою: «некалькі сутак дабіралася ў бяспечнае месца – без тэлефона, рэчаў і сродкаў, мяне эвакуявалі лясамі ды балотамі».
«Аказалася, некалькі крымінальных артыкулаў – не самае горшае, што мяне чакае. У мяне канфіскавалі не проста ўсе рэчы, а маё жыццё на Радзіме. А я ніяк не магу без маёй балючай Беларусі. Ніяк», – піша вядоўца.
Нагадаем, што 3 чэрвеня сілавікі прыйшлі да вядоўцы Валярыны Куставай. Самой яе ў гэты час не было ўдома. Міліцыянты таксама наведваліся на працу да ейных бацькоў. Акрамя таго, невядомыя прыходзілі да кватэры бацькоў. Яны пагрукалі ў дзверы і сышлі.
МГ belsat.eu