Гісторыя ад лукавага. Што не так у гістарычным жангляванні Лукашэнкі


31 сакавіка Аляксандр Лукашэнка выступіў з традыцыйным зваротам да беларускага народу і Нацыянальнага сходу. Падчас яго ён выразна акрэсліў лінію, па якой рэжым плануе выстройваць сваю палітыку ў дачыненні да нацыянальнай і гістарычнай памяці. Падчас свайго выступу Лукашэнка выказаў некалькі гістарычных тэзаў. Гісторык Алесь Пашкевіч па просьбе «Белсату» разабраў гэтыя выказванні і растлумачыў, што за імі стаіць.

«Такія словы ва ўмовах нармальнай дзяржавы непазбежна выклікалі б вялікі палітычны скандал»

«Беларуская нацыя фармавалася на стыку заходняй і ўсходнеславянскай цывілізацый. На аснове хрысціянства, але пры падаўляючай перавазе праваслаўя. Многія нашыя людзі кажуць – мы людзі праваслаўныя, і правільна кажуць. Менавіта канфесійны выбар, які быў зроблены нашымі продкамі больш за тысячу гадоў таму, вызначыў культурны код беларусаў і наш менталітэт. У самыя вострыя моманты гісторыі: у перыяд ашалелай паланізацыі часоў Рэчы Паспалітай і Польшчы, міжваеннага перыяду і войнаў, якія адбываліся на нашай тэрыторыі – пераадольваючы жудасныя ганенні, беларусы захавалі веру, родную мову і культуру, сваю ідэнтычнасць. Сваю дзяржаўнасць мы здабылі менавіта ва ўсходнеславянскай калысцы».

У гэтым выказванні першы сказ супярэчыць усім астатнім. Адразу гаворыцца пра «стык цывілізацый» (пытанне адносна наяўнасці асобнай усходнеславянскай «цывілізацыі» пакінем за дужкамі), а пасля ўсё зводзіцца выключна да праваслаўя. Фармаванне беларускай нацыі «на стыку» акурат і мае азначаць, што на яе складванне аказала ўплыў і адна, і другая «цывілізацыі», але Лукашэнка наступнымі сваімі словамі каталіцтву (праяве «заходняй цывілізацыі» у ягоным разуменні) у гэтым адмаўляе.

Увогуле ж такія словы ва ўмовах нармальнай дзяржавы непазбежна выклікалі б вялікі палітычны скандал, бо, як вядома, беларускае грамадства шматканфесійнае, людзі каталіцкага веравызнання складаюць у ім немалую частку (плюс ёсць яшчэ немалая грамада пратэстантаў). Прыналежнасць да каталіцкага веравызнання для большасці гэтых людзей не набытая адносна нядаўна, а гістарычная: менавіта рыма-каталіцтва вызнавалі многія пакаленні іхных продкаў, многія перайшлі ў яго калісьці непасрэдна з паганства. У Беларусі ёсць цэлыя раёны, кампактна населеныя пераважна каталікамі, не кажучы пра процьму змяшаных сем’яў, якія жывуць па ўсёй Беларусі. Лукашэнка іх выключае са складу беларускага народу ці лічыць «несапраўднымі» беларусамі? Такія заявы могуць рабіць толькі ўладары, якім пляваць на грамадскую думку і палітычны лёс якіх залежыць не ад прыхільнасці людзей, а ад дручкоў сілавікоў.

Католики празднуют Рождество Христово в Красном костёле в Минске, Костёл святого Симеона и святой Елены, богослужение
Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З чыста ж гістарычнага пункту гледжання такое выказванне – поўная лухта. Так, несумненна, што ўсю гісторыю большасць хрысціянаў на нашых землях належалі да ўсходняга абраду, і гэта аказала свой уплыў і на культуру, і на менталітэт. Але і роля ды ўплыў хрысціянаў заходняга абраду была не меншай. Нават калі казаць толькі пра тое, што «беларусы захавалі… родную мову і культуру, сваю ідэнтычнасць» – то хіба ў гэта малы ўнёсак унеслі каталікі паводле веравызнання? Кім былі па веравызнанні Кастусь Каліноўскі, Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, Францішак Багушэвіч, большасць заснавальнікаў і лідараў БСГ і «Нашай Нівы», народны паэт Янка Купала і шмат іншых заслужаных беларускіх дзеячаў?

А з каго ў большасці сваёй складалася партыя Беларуская хрысціянская дэмакратыя, якая рабіла каласальную працу па захаванні беларускасці ў часы, калі Заходняя Беларусь уваходзіла ў склад Польшчы? Паводле логікі лукашыстаў, каталікі з Беларусі ў той час мусілі прыкладаць усе намаганні, каб задушыць усялякую беларускасць і зрабіць беларусаў палякамі. Насамрэч жа ўсё было зусім па-іншаму.

«Веча – гэта ж зусім не ўсходнеславянская вынаходка»

«Беларуская дзяржаўнасць ад пачатку фармавалася на аснове традыцый народаўладдзя. Нашыя дэмакратычныя традыцыі маюць тысячагоднюю гісторыю. У той час як Захад быў пагружаны ў цёмныя стагоддзі, нашыя продкі, жыхары Полацкага, Тураўскага княстваў, выбудоўвалі асновы прававога і палітычнага ўзаемадзеяння ўлады і народу».

Гэтае выказванне трэба ўспрымаць перадусім у палітычным кантэксце сучаснасці. Апеляцыя да часоў старажытных княстваў з іх «народаўладдзем» у выглядзе веча шырока прымяняецца Лукашэнкам і ягонымі прапагандыстамі яшчэ з 1990-х гадоў, адразу пасля таго, як ён прыйшоў да ўлады. Яго аналагам у нашыя часы заўсёды прадстаўляліся Усебеларускія народныя сходы, якія Лукашэнка стаў праводзіць з 1996 года. Трэба думаць, што на тое ж самае намёк робіцца і цяпер, ва ўмовах, калі гэты бутафорскі орган унесены нават у новую рэдакцыю Канстытуцыі.

Тое, што Усебеларускі народны сход, цалкам несамастойны і імітацыйны, бо складзены на 100% са спецыяльна адабраных лаяльных да рэжыму людзей, няма чаго раўняць з сярэднявечным вечам – лішне казаць. У іх насамрэч няма ані найменшага падабенства. Аднак і ўвогуле апеляцыя Лукашэнкі да нібыта нашых ледзь не эксклюзіўных тысячагадовых дэмакратычных традыцый з супрацьпастаўленнем «цёмным стагоддзям» Захаду як мінімум дзіўная.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Бо веча – гэта ж зусім не ўсходнеславянская вынаходка, падобныя сходы на пэўным этапе развіцця грамадства існавалі і ў іншых еўрапейскіх народаў, толькі што мелі іншыя назвы. Так, у старажытных германцаў і скандынаваў такія сходы называліся тагамі ці тынгамі, што адлюстравалася ў тым ліку і ў назвах сучасных парламентаў розных краін: Бундэстаг у Германіі, Фолькетынг у Даніі, Стортынг у Нарвегіі і г. д. Нічога прынцыпова новага тут нашы продкі не вынайшлі, яны проста знаходзіліся ў агульным рэчышчы тагачаснай гісторыі.

«Рускі элемент гісторыі ВКЛ на землях цяперашняй Беларусі – цалкам наша, беларуская гісторыя»

«Беларуская дзяржава з’яўляецца паўнапраўнай пераемніцай гістарычнай спадчыны старажытнай Русі. Тыя, хто палохае «рускім светам». ВКЛ было таксама рускім, гэта значыць усходнеславянскім, то бок нашым. Рускае – гэта не толькі расейскае. Гэта і наша».

З аднаго боку, гэта цалкам слушныя словы, пад якімі падпісалася б большасць сучасных беларускіх гісторыкаў без залежнасці ад палітычных поглядаў. Ніхто не адмаўляе, што рускі элемент гісторыі ВКЛ на землях цяперашняй Беларусі – цалкам наша, беларуская гісторыя.

Але тут важны агульны кантэкст сказанага. А ён у тым, што лукашысты гатовыя прымаць і прапагандаваць як свой толькі рускі элемент у ВКЛ, да літоўскага (ліцвінскага) ж ставіцца як да чужога і варожага. І вось тут ужо большасць гісторыкаў з ім ніяк не змогуць пагадзіцца. Тым больш калі папулярызацыя рускага элементу ў гісторыі ВКЛ будзе інструментальна выкарыстоўвацца ў інтарэсах русіфікацыі.

«У Лукашэнкі час ад часу прарываюцца ў выказваннях праявы побытавага антысемітызму»

«У беларускай гісторыі вытокі верацярпімасці і павагі да іншых народаў. Больш 7 стагоддзяў таму на беларускай зямлі знайшлі прытулак тысячы габрэяў, якія ратаваліся ад разгулу антысемітызму і пагромаў – не ў адукаванай Еўропе, а сюды беглі. Таксама тут знайшлі свой дом прадстаўнікі татарскага народу, якія таксама шукалі міра. З Алахам у серцы беглі да нас, хрысціянаў, праваслаўных».

З аднаго боку гэта, вядома, так, але з гэтых вуснаў гучаць дастаткова пікантна пасля папярэдняга фактычнага акрэслення як нечага чужароднага каталікоў. З аднаго боку, Лукашэнка ганарыцца талерантнасцю продкаў у нейкія незапомныя часы, у той час як сам на практыцы праяўляе яўную неталерантнасць. Крывадушнасць у чыстым выглядзе. Асабліва калі ўлічыць, што некаторыя рэжымныя прапагандысты сёння адкрыта і паслядоўна на ўсю краіну вяшчаюць у тым ліку і антысеміцкія ідэі і ніякай адказнасці за гэта не нясуць. Ды і ў самога Лукашэнкі час ад часу прарываюцца ў выказваннях праявы побытавага антысемітызму.

Аляксандр Лукашэнка.
Фота: Peter Kovalev / TASS / Forum

Але нават гістарычна неправамерна тую ж колішнюю талерантнасць адносна габрэяў рабіць нібыта выключна беларускай з’явай. Нібыта габрэі беглі з усёй Еўропы выключна ў Беларусь, і толькі тут іх прымалі. Насамрэч не, вядома: габрэйскія грамады існавалі і па ўсёй «адукаванай Еўропе», і ў гісторыі іх былі далёка не толькі чорныя старонкі. А калі перасяляліся па тых ці іншых прычынах у нашы краі, то далёка не толькі ў Беларусь – у той жа Польшчы габрэяў жыло ніяк не менш, хоць гэта і не «усходнеславянская цывілізацыя». Прэтэндаваць тут на нейкую манаполію ды адметнасць і адпаведна аднаасобна грэцца каля гэтага цяпельца ніяк не выпадае.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Выказванне ж пра татараў, што яны ў нас, маўляў, «шукалі міру», выклікае толькі ўсмешку. Бо вядома, што татары ў нас пасяліліся не проста так – яны запрашаліся вялікімі князямі літоўскімі на вайсковую службу і менавіта за яе атрымлівалі ў карыстанне і валоданне зямлю, на якой пасля аселі і засталіся, як аказалася, назаўсёды. Для тых часоў гэта звычайная практыка. Але міру гэтыя людзі яўна не шукалі: наадварот, яны першапачаткова былі фактычна прафесійнымі вайскоўцамі. А ў той час выкананне вайсковай павіннасці само сабой мела на ўвазе рэгулярны ўдзел у ваенных дзеяннях.

«Культурныя здабыткі, створаныя на іншых мовах, але ў мясцовым кантэксце і з мясцовай спецыфікай, з адпаведных культур ні ў якім разе не выключаюцца»

«У свой час мы занадта рамантызавалі такія перыяды як ВКЛ, Рэч Паспалітая. Нібыта мы ўсе нашчадкі Радзівілаў, Сапегаў. Магнатаў было на нашай зямлі – лічаныя прозвішчы. Ці былі яны патрыётамі сваёй Бацькаўшчыны? Не, і яшчэ раз не. З лёгкасцю яны мянялі і веру, і мову на польскія шляхецкія вольнасці, тытулы і пасады. Сярэднявечныя алігархі свае багацці нажывалі на гарбу народу, які сеяў, араў, будаваў. Народ жыў цяжка».

У гэтым выпадку праяўляецца папулізм, спробы гуляць, калі гаворка ідзе пра нацыянальныя пытанні, на нейкіх сацыяльных струнках – шмат з гэтага запазычана з ідэалогіі савецкага часу, дзе ўся гісторыя прадстаўлялася як няспынная класавая барацьба. Але ў старыя часы дзе і калі сітуацыя была іншая, чым прадстаўленая Лукашэнкам? Узяць хоць бы Расею. Там што, у часы, калі ў нас панавалі Радзівілы і Сапегі, было неяк інакш? Мясцовую высокую культуру ствараў народ, які «сеяў, араў, будаваў», а не ягоныя эліты? Пераважная большасць тых жа пісьменнікаў ХІХ стагоддзя, якія стварылі славу рускай літаратуры – Пушкін, Лермантаў, Тургенеў, Някрасаў, Талстой і многія іншыя – былі паводле паходжання памешчыкамі-землеўладальнікамі, у бацькоў якіх, а пасля і ў іх саміх было ў падпарадкаванні процьма прыгонных сялян, «на гарбу» якіх яны нажывалі сабе сродкі для існавання. Многія з гэтых людзей з дзяцінства гаварылі лепш па-французску, чым па-руску. Тое ж самае – прадстаўнікі іншых сфер дзейнасці. І што, нехта іх выключае ў Расеі дзеля гэтага з расейскай культуры як «эксплуататараў», далёкіх ад народу? Нічога падобнага: імі ганарацца і носяць на сімвалічных харугвах.

Бітва рыцараў на фестывалі «Наш Грунвальд» у музейным комплексе «Дудуткі». Вёска Пціч, Пухавіцкі раён, Беларусь. 23 ліпеня 2022 года.
Фота: Белсат

У гісторыі ж большасці іншых усходне- і цэнтральнаеўрапейскіх народаў сітуацыя, падобная да беларускай, увогуле хутчэй норма, чым выключэнне. На пэўным этапе, яшчэ ў часы да фармавання мадэрных нацый, мясцовыя эліты шмат дзе прымалі ў якасці мовы сям’і ды штодзённых зносін нейкую мову, якая гістарычна была распаўсюджаная ў гэтым рэгіёне як мова высокай культуры (польскую, нямецкую, венгерскую, шведскую, расейскую і г. д.), але пры гэтым захоўвалі пачуццё этнічнай адметнасці, а на пэўным этапе прынамсі некаторыя іх прадстаўнікі вярталіся да каранёў, у тым ліку і ў моўным сэнсе. Культурныя ж здабыткі, створаныя на іншых мовах, але ў мясцовым кантэксце і з мясцовай спецыфікай, з адпаведных культур ні ў якім разе не выключаюцца. Наадварот, імі ганарацца, іх папулярызуюць і спрачаюцца з тымі, хто хоча іх прысвоіць сабе толькі на падставе мовы. Няма прычын, па якіх беларусы маюць тут быць выключэннем.

«Будзе грунтоўнае перапісванне падручнікаў»

Пасля звароту Лукашэнкі агучаныя тэзы падхапілі прапагандысты. Выступіў таксама і дэпутат Ігар Марзалюк. Ён заявіў, што мы мусім «завяршыць гістарычную катэхізацыю нацыі, усе мусяць ведаць нашыя сімвалы веры і нашых герояў». Якім чынам будзе праходзіць гэтая «катэхізацыя» і чым гэта можа пагражаць?

Можна казаць, што нас чакае пры падобнай «катэхізацыі» адступленне на дзесяцігоддзі, а то і на стагоддзі назад. Фактычна прапануецца вярнуцца ў ХІХ стагоддзе, у часы Расейскай імперыі, калі рэй у пачатковай беларускай гістарыяграфіі вялі т. зв. «заходнерусы». Тыя таксама ахвотна шукалі і знаходзілі рускія і праваслаўныя элементы ў спадчыне Вялікага Княства Літоўскага, рабілі на іх акцэнт і, трэба прызнаць, у вывучэнні і актуалізацыі гэтай спадчыны дасягнулі немалых поспехаў.

Ды і ўвогуле ў Расеі тады была тэндэнцыя да таго, каб спадчыну ВКЛ да часоў заключэння ўній з Польшчай успрымаць як частку агульнарускай спадчыны, што ўвасобілася, напрыклад, у тым, што на помніку Тысячагоддзя Расеі, пастаўленым у 1862 годзе ў Вялікім Ноўгарадзе, сярод процьмы расейскіх дзеячаў выяўленыя таксама фігуры вялікіх князёў літоўскіх Гедзіміна, Альгерда і Вітаўта – менавіта тых уладароў, якія вялі актыўную ўсходнюю палітыку, спрабуючы аб’яднаць пад сваім кіраўніцтвам усе рускія землі і мелі нейкія сантыменты да праваслаўя.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Прыём ў піянеры ў Клічаве. Фота з экрану.
Фота: Белсат

Думаю, мы можам у хуткім часе сутыкнуцца з тым, што самым брутальным, уласцівым для гэтай улады чынам будуць «рэпрэсавацца» нейкія знакі памяці і ўшанавання дзеячаў ці падзей, якія не надта ўпісваюцца ў «руска-праваслаўную» канцэпцыю. Пры гэтым помнікам Альгерду ў Віцебску ці Гедыміну ў Лідзе наўрад ці нешта найбліжэйшым часам пагражае – яны якраз упісваюцца. А вось аб’екты накшталт «народнага» помніка Касцюшку ў Косаве – тыя ўжо пад пагрозай. Пад пагрозай і аб’екты гарадской тапанімікі, якія здолелі ў свой час назваць у гонар падобных дзеячаў. Відаць, будзе загад пачысціць музейныя экспазіцыі. Ну і, вядома, будзе грунтоўнае перапісванне падручнікаў, якое ўжо вядзецца, і адпаведная прапаганда даступнымі рэжыму сродкамі і ягонымі метадамі.

Афіцыйнае бачанне ВКЛ і Рэчы Паспалітай будзе актыўна прапагандавацца праз сістэму адукацыі і праўладныя СМІ. Без магчымасці паўтаноў, з канкрэтным вызначэннем «свой – чужы», «сябар – вораг», «станоўчы – адмоўны». Наколькі гэта ўсё можа быць і будзе эфектыўна – іншае пытанне.

СП belsat.eu

Стужка навінаў