Праўладны блогер патэлефанаваў на прамую лінію з Ціханоўскай. Пра што была размова?


На адну з прамых лініяў, якія Святлана Ціханоўская праводзіць з беларусамі, патэлефанаваў праўладны блогер з Магілёву. Ён запрасіў беларускую лідарку на «экскурсію» па турмах. Частку размовы хлопец выклаў у сеціва, што засталося за кадрам – прадстаўнік Офісу Ціханоўскай распавёў «Нашай Ніве».

Скрыншот размовы магілёўскага блогера са Святланай Ціханоўскай.
Крыніца: праўладны тэлеграм-канал

У размове магілёвец казаў, што разам са сваімі аднадумцамі распрацаваў невялікі турыстычны маршрут «па найлепшых месцах рэгіёну» адмыслова для Ціханоўскай.

«Асабіста сустрэнем вас, падзякуем за ўсё, што вы робіце», – казаў малады чалавек ды пачаў паказваць здымкі магілёўскай турмы №4, ІЧУ і калоніі №15, якая таксама знаходзіцца ў Магілёве.

«Там ужо вас чакаюць з нецярплівасцю, там вас любяць», – казаў блогер.

Кіраўнік аддзелу знешніх сувязяў Офісу Святланы Ціханоўскай Данііл Гаркавы, які мадэруе прамыя лініі з абранай прэіздэнткай Беларусі ў зуме, распавёў «Нашай Ніве», што магілёвец, які прадставіўся Алегам, выклаў у інтэрнэт абрэзаную размову.

«У публічную версію не ўвайшло, напрыклад, пытанне Святланы, ці складзе ён ёй кампанію падчас гэтых экскурсіяў па калоніях. Пасля гэтага мужчына рэзка адключыўся, так што мы так і не даведаліся адказ на гэтае пытанне», – кажа Данііл.

Таксама Гаркавы адзначае, што праўладны блогер абрэзаў пачатак размовы, дзе казаў, што сочыць за навінамі, за візітамі, віншаваў Святлану з 8 Сакавіка.

Паводле Данііла, Ціханоўская спакойна адрэагавала на гэтую сітуацыю.

«Мы проста працягнулі падключаць наступных па чарзе людзей і размаўляць з імі. Мы, у адрозненні ад лукашыстаў, не закрываемся ад людзей і нікога не адсейваем на этапе рэгістрацыі, акрамя тых, хто ўжо тэлефанаваў Святлане раней – каб даць магчымасць пагаварыць са Святланай як мага большай колькасці людзей», – распавёў мадэратар прамых лініяў ды выказаў меркаванне, што лукашэнкаўскія блогеры сочаць за парадкам дня Ціханоўскай і яе дзейнасць не дае ім спакою.

Сам Офіс размовы з беларусамі падчас прамых лініяў не запісвае, падкрэсліў Гаркавы. Выключэннем была размова з Азаронкам, якога яшчэ ў самым пачатку, калі ён тэлефанаваў Ціханоўскай, папярэдзілі, што з улікам ягонай рэпутацыі будзе весціся запіс.

Шчыра кажучы
Закіды да Ціханоўскай, падтрыманне Лукашэнкі, разыход з Ляўчук: правяраем блогера Андрэя Павука
2023.09.12 17:32

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў