У КДБ распавялі падрабязнасці «контртэрарыстычнай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне


Камітэт дзяржаўнай бяспекі паведаміў пра затрыманне грамадзянаў Украіны і Беларусі, якіх абвінавачваюць у падрыхтоўцы «актаў тэрарызму». Пра гэта піша БелТА.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Будынак КДБ у Менску. Крыніца: Вясна / Правы чалавека ў Беларусі / Telegram

Сцвярджаецца, што ў ноч з 14 на 15 лютага ў Лельчыцкім раёне было зафіксавана парушэнне дзяржаўнай граніцы Беларусі з боку Украіны. У выніку правядзення пошукавых мерапрыемстваў некаторыя парушальнікі былі затрыманы. У іх нібыта знайшлі выбуховыя прыстасаванні і іншыя сродкі паражэння. Пасля гэтага было прынята рашэнне аб увядзенні рэжыму контртэрарыстычнай аперацыі на тэрыторыі Лельчыцкага раёну.

Як паведамляюць у КДБ, была праведзена «чэкісцкая ваенная аперацыя», у выніку якой у прыграніччы затрымалі ўдзельнікаў «дыверсійна-разведвальнай групы», якая складаецца з грамадзян Украіны і Беларусі.

Улады апублікавалі фота затрыманых у выніку «чэкісцкай ваеннай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне. Фота: nevolf / Telegram

Сярод затрыманых – грамадзяне Украіны Сяргей і Павел Кабарчукі, бацька і сын адпаведна. Паводле КДБ, Сяргей Кабарчук, 1963 года нараджэння, пражывае ў Ковельскім раёне Валынскай вобласці, зʼяўляецца былым супрацоўнікам Дзяржаўнай пагранічнай службы Украіны. Пасля звальнення, як сцвярджаюць чэкісты, ён займаўся кантрабанднай дзейнасцю сумесна з сынамі Багданам 1997 года нараджэння і Паўлам 1993 года нараджэння.

Улады апублікавалі фота затрыманых у выніку «чэкісцкай ваеннай аперацыі» ў Лельчыцкім раёне.
Фота: nevolf / Telegram

Таксама быў затрыманы грамадзянін Беларусі Віталь Уласюк 1970 года нараджэння, жыхар Берасця. Выданне «Медиазона» са спасылкай на «BELPOL» паведамляе, што Уласюк нарадзіўся ў Туркменістане, а ў Беларусі жыў на вуліцы Вулькаўскай у Берасці. Раней служыў у вайсковай частцы 65263 у Баранавічах. Апошнім часам працаваў у кампаніі, што спецыялізавалася на мантажных працах.

У КДБ сцвярджаюць, што выбуховыя прыстасаванні, знойдзеныя ў затрыманых, прызначаліся для ўчынення тэрактаў на тэрыторыі Расеі і Беларусі. Аперацыяй нібыта была арганізаваная Службай бяспекі Украіны, супрацоўнікі якой сумесна з Дзяржаўнай пагранічнай службай Украіны папярэдне правялі даразведку мясцовасці.

У дачыненні да затрыманых распачатыя крымінальныя справы па арт.13 і арт.289 («Падрыхтоўка да акту тэрарызму»), арт.358-1 («Агентурная дзейнасць») КК.

Праўладныя каналы апублікавалі таксама фота затрыманых. На іх украінцы і беларус стаяць на каленях з рукамі за галавой, а побач з імі – узброеныя сілавікі. На зямлі перад затрыманымі раскладзены, імаверны, іх рэчы.

Нагадаем, раней пра «чэкісцкую ваенную аперацыю» у Лельчыцкім раёне заявіў Аляксандр Лукашэнка. «Толькі сёння затрымалі некалькі дыверсантаў на ўкраінскай мяжы. З дапамогаю дронаў балотамі некаторыя з украінскіх грамадзянаў перапаўзалі на нашую мяжу, перакідвалі выбухоўку для ўчынення дыверсіяў перадусім на тэрыторыі Расеі і Беларусі», – распавёў ён.

Спікер Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Андрэй Дэмчанка назваў абсурднай заяву самаабвешчанага кіраўніка Беларусі пра «контртэрарыстычную аперацыю» на мяжы з Украінаю. «Лукашэнка працягвае гуляць на баку тэрарыстычнай Расеі. Сённяшнія ягоныя словы – чарговае пацвярджэнне гэтаму. У нас яны, вядома, могуць выклікаць усмешку, але для сваёй унутранай аўдыторыі яму трэба рабіць такія заклікі, каб хоць і беспадстаўна, але зазначаць, што з Украіны ідзе пагроза», – заявіў ён. «Лукашэнкаўскі абсурд не спыняецца», – падкрэсліў Дэмчанка.

Каментар
Па БТ сказалі, Украіна рыхтавала забойствы чыноўнікаў і прапагандыстаў у Беларусі. Сур’ёзна?
2024.01.19 20:52

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў