«Мегавыбарчы год 2024». Святлана Ціханоўская выступіла на сайд-івэнце Сусветнага эканамічнага форуму


У першы дзень Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе 16 студзеня Святлана Ціханоўская выступіла на сайд-івэнце аб Беларусі, які арганізавала дэлегацыя Грэцыі. Дыскусійная панэль мела назву – «Мегавыбарчы год 2024: дэмакратыя на ростанях».

Святлана Ціханоўская на сайд-івэнце падчас Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

Выступ Ціханоўскай стаў кульмінацыяй першага дня праграмы павільёну. Мерапрыемства было прысвечанае сітуацыі з дэмакратыяй у свеце і Беларусі.

У прамове беларуская лідарка акцэнтавала ўвагу на выкліках, з якімі сутыкаецца дэмакратыя, а таксама на электаральных кампаніях, якія адбудуцца ў 2024 годзе ва ўсім свеце, у тым ліку ў ЗША, Вялікай Брытаніі, Індыі. Ціханоўская распавяла пра колькасць палітвязняў у Беларусі і ўмовы іх утрымання, а таксама спробы Расеі паглынуць нашую краіну.

«Вось ужо трыццаць гадоў у Беларусі не было свабодных выбараў. Абяцаючы аднавіць так званую «стабільнасць», дыктатар знішчыў парламент, незалежныя суды і СМІ. Маю краіну ператварылі ў паліцэйскую дзяржаву, дзе выбары сталі рытуалам без сэнсу і рэальнага выбару», – падкрэсліла лідарка.

Агляд
У Давосе збіраецца сусветная эліта. На якія глабальныя пытанні будуць шукаць адказы?
2024.01.15 20:30

Таксама адбылася дыскусія з удзелам дарадцы Святланы Ціханоўскай ў эканамічных рэформах і віцэ-прэзідэнтам АВВА Алесем Аляхновічам, юрысткай Ганнай Маціеўскай і прадстаўніком НАУ Паўлам Берштавым. Мадэраваў дыскусію рэдактар Forbes Рэт Паўэр. Размова ішла пра залежнасць паміж дэмакратыяй і эканамічнымі паказнікамі краіны. Аляхновіч патлумачыў, чаму дыктатура не спрыяе дабрабыту людзей:

«У свеце амаль няма багатых краінаў, якія былі б дыктатурамі. Таму не выпадкова, што вынікам трыццаці гадоў кіравання Лукашэнкі стала тое, што Беларусь цяпер адна з самых бедных краінаў Еўропы. Толькі ў выніку дэмакратычных зменаў мы зможам пачаць эканамічныя рэформы, каб нарэшце забяспечыць годны ўзровень жыцця для беларусаў».

Павел Берштаў нагадаў пра персанальную адказнасьць прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць грамадзянаў Беларусі, а таксама пра вынікі дзейнасці дэмакратычных сілаў у гэтым кірунку. Ганна Маціеўская звярнула ўвагу на важнасць незалежнай судовай сістэмы для эканамічнага развіцця – у новай Беларусі гэта будзе адна з ключавых рэформаў. Гэтая дыскусія прыцягнула шмат увагі – Грэцкі дом быў цалкам запоўнены людзьмі, а сама панэль доўжылася больш за запланаваны час.

Hавiны
Стварэнне Фонду падтрымкі палітвязняў абмяркуе Святлана Ціханоўская са спікеркаю Еўрапарламенту
2024.01.13 14:54

Падчас Форуму Ціханоўская таксама сустрэлася з прэзідэнтам Фландрыі Янам Ямбанам. Размова ішла пра працяг працы місіі ў Бруселі, удзел Святланы Ціханоўскай у сустрэчы еўрапейскіх міністраў культуры ў траўні 2024 года, пра падтрыманне рэзалюцыяў Еўрапарламенту, у тым ліку – аб легалізацыі беларусаў за мяжой. Цяпер Бельгія старшынюе ў Еўрапейскім Звязе, а Фландрыя ёсць адной з дзвюх правінцыяў Бельгіі (за выключэннем Бруселю) і адказвае за шэраг кірункаў у межах старшынёўства Бельгіі ў ЕЗ.

Адбылася таксама сустрэча з фінансістам Білам Браўдэрам, адным з ініцыятараў Акту Магніцкага, прадстаўніком кампаніі Palantir Джэймі Флаем (ён жа – былы дырэктар радыё «Свабода»).

Галоўны дзень працы Святланы Ціханоўскай у Давосе – 17 студзеня, калі запланаваныя адразу два выступы ў асноўнай праграме Форуму з удзелам прэзідэнтаў і прэм’ераў.

Сусветны эканамічны форуме праходзіць у швейцарскім горадзе Давос 15–18 студзеня 2024 года.

Аб’ектыў
Беларусь і Украіна прымаюць удзел у форуме ў Давосе
2024.01.15 21:09

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў