news
Агляд
У Давосе збіраецца сусветная эліта. На якія глабальныя пытанні будуць шукаць адказы?
Форум праходзіць на самым складаным геапалітычным і геаэканамічным фоне за апошнія дзесяцігоддзі.
15.01.202420:30

У Швейцарскім Давосе 15 студзеня стартаваў Сусветны эканамічны форум (СЭФ). Палітыкі з больш як 60 краінаў, бізнесмены і грамадскія дзеячы сабраліся, каб абмеркаваць глабальныя пагрозы і выклікі. Сярод ключавых тэм – канфлікты на Блізкім Усходзе і ва Украіне, штучны інтэлект, беднасць і змены клімату.

Людзі праходзяць міма лагатыпа Сусветнага эканамічнага форуму ў Давосе, Швейцарыя. 14 студзеня 2024 года.
Фота: Lian Yi / Xinhua / East News

Сусветны эканамічны форум праходзіць з 1971 года як пляцоўка для публічных і закрытых дыскусіяў сусветных лідараў, кіраўнікоў вядучых міжнародных арганізацый, бізнесменаў. Тэмай СЭФ-2024 стала «Аднаўленне даверу» з мэтай вяртання калектыўнай дзейнасці сусветных лідараў падчас глабальных выклікаў і ўмацавання фундаментальных прынцыпаў празрыстасці, паслядоўнасці і падсправаздачнасці.

Як зазначыў прэзідэнт форуму Бэрге Брэндэ, цяперашняя сесія ў Давосе «праходзіць на самым складаным геапалітычным і геаэканамічным фоне за апошнія дзесяцігоддзі». Ён спадзяецца, што ў выніку СЭФ атрымаецца палепшыць стасункі, каб разам «максімальна выкарыстоўваць тэхнічны прагрэс у прамысловасці, навуцы і грамадстве».

Парадак форуму сканцэнтраваны на чатырох ключавых напрамках. Першы з іх прысвечаны абмеркаванню шляхоў вырашэння крызісаў бяспекі, што ўзніклі праз войны на Блізкім Усходзе і ва Украіне. У другім будзе весціся пра стварэнне працоўных месцаў у краінах, дзе захоўваецца высокі ўзровень беспрацоўя, у тым ліку праз наступствы пандэміі каронавірусу, пра арыентацыю на чалавека і перадухіленне «ўцечкі мазгоў».

Таксама на СЭФ абмяркуюць тэхналагічныя дасягненні (5/6G і квантавыя вылічэнні) і рызыкі развіцця штучнага інтэлекту ды шляхі яго выкарыстання для грамадскай выгады. Не абмінуць на форуме і праблемы клімату, аховы прыроды і энергіі.

Хто будзе на форуме

Сярод удзельнікаў Давоскага форуму – больш як 60 кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў, 40 міністраў замежных справаў, прадстаўнікі асноўных міжнародных арганізацыяў, каля 300 грамадскіх дзеячаў і 1000 кампаніяў. Сярод удзельнікаў – лідары еўрапейскіх, арабскіх, афрыканскіх, азіяцкіх і лацінаамерыканскіх краінаў.

Актывісты збіраюцца ў Давосе напярэдадні 54-га штогадовага пасяджэння Сусветнага эканамічнага форуму. Давос, Швейцарыя. 11 студзеня 2024 года.
Фота: Arnd Wiegmann / AFP / East News

Ад ЗША ў Давос прыедуць дзяржсакратар Энтані Блінкен і дарадца ў пытаннях нацыянальнай бяспекі Джэйк Саліван. Кітай у Давосе прадставіць прэмʼер-міністр Лі Цян. Таксама чакаецца візіт прэзідэнта Ізраілю ды лідараў Катара і Абʼяднаных Арабскіх Эміратаў, якія прадстаўляюць інтарэсы «Хамасу».

Апроч таго, удзел у форуме возьмуць кіраўнікі Еўрапейскай камісіі, NATO, Арганізацыі аб’яднаных нацыяў, Сусветнай арганізацыі здароўя, Міжнароднага валютнага фонду, Сусветнага банку і Сусветнай гандлёвай арганізацыі.

Прадстаўнікоў Расеі на Давосе не будзе. Іх на форум не запрашаюць з 2022 года. Не прыедуць і прадстаўнікі Турцыі – уладам краіны не спадабалася пазіцыя арганізатараў наконт канфлікту паміж Ізраілем і «Хамасам», піша Bloomberg.

Беларуская пытанне

Беларусь на СЭФ будзе прадстаўляць абраная прэзідэнтка Святлана Ціханоўская. Мэта яе візіту – «знайсці новых саюзнікаў для дэмакратычнай Беларусі, сустрэцца з палітыкамі высокага ўзроўню, а таксама выступаць за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі і рэгіёне».

Палітык двойчы выступіць у афіцыйнай праграме Форума:

  • на панэлі высокага ўзроўню «Абараняючы Адзіны фронт Еўропы» разам з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, прэзідэнткай Вугоршчыны Каталін Новак, прэмʼер-міністрам Харватыі Андрэем Пленкавічам і кіраўніком МЗС Украіны Дмытром Кулэбам.
  • на панэлі пра свабоду слова «Куды рухаецца свабода слова?» сумесна з прадстаўнікамі вядучых міжнародных медыяў.

Таксама Ціханоўская возьме ўдзел у дыскусіях:

  • аб дэмакратыі на панэлі «Факты і выдумкі: будучыня дэмакратыі» у Бельгійскім доме
  • аб сітуацыі ў Беларусі ў Грэчаскім Доме, аб Украіне і Беларусі ў панэлі CNBC.

Беларуская лідарка плануе правесці серыю сустрэч з прадстаўнікамі прыватнага сектару і тэхналагічных кампаніяў, у тым ліку «Google», наведаць дыскусію высокага ўзроўню пра будучыню Еўропы на штогадовых сходах IGWEL і вячэру жанчын-лідарак, даць інтэрвʼю розным міжнародным медыям (AP, «Reuters», «Deutsche Welle», «Skynews»).

Украіна будзе шукаць падтрымання

Украінская дэлегацыя будзе прысутнічаць у Давосе на чале з прэзідэнтам Уладзімірам Зяленскім. Тут у яго запланаваныя сустрэчы з прадстаўнікамі ЕЗ і NATO – «каб падтрымаць дынаміку нашай еўраатлантычнай інтэграцыі» ды з лідарамі дзяржаваў і буйным бізнесам – «каб узмацніць абаронную і эканамічную ўстойлівасць Украіны».

Міністр замежных спраў Швейцарыі Ігнaц’ё Кассіс вітае прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага пасля яго прыбыцця ў аэрапорт Цюрыха ў Клотэне для ўдзелу ў Сусветным эканамічным форуме ў Давосе, Швейцарыя. 15 студзеня 2024 года.
Фота: Alessandro Della Valle / Pool / AFP / East News

«Таксама буду казаць пра вяртанне выкрадзеных дзяцей, санкцыі і пошук механізмаў для выкарыстання замарожаных расейскіх актываў, супрацу ў гуманітарным размінаванні, фінансавым падтрыманні і аднаўленні Украіны», – адзначыў Зяленскі ў «X».

Медыі пісалі, што амерыканскія партнёры плануюць абмеркаваць з Зяленскім на форуме ў Давосе план далейшага вядзення вайны. Прычынай гэтага абмеркавання, паводле крыніц «Bloomberg», зʼяўляюцца спрэчкі і праблемы, якія ў апошні час узніклі паміж Вашынгтонам і Кіевам.

У прыватнасці, застаюцца заблакаванымі больш як 110 млрд долараў еўрапейскай і амерыканскай дапамогі, а контрнаступ ЗСУ ў 2023 годзе не змог забяспечыць сурʼёзнага прарыву. Таксама ў Вашынгтоне занепакоеныя рознагалоссямі паміж Зяленскім і галоўнакамандуючым ЗСУ Валерыем Залужным.

Уздымаць пытанні вайны ва Украіне ды бяспекі ў Еўропе плануе і прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда:

«Буду заклікаць узмацніць усходні фланг NATO. Я абмяркую гэта з нашымі саюзнікамі. Я лічу гэта сваёй найвялікшай задачай».

Перспектывы цьмяныя, задачы цяжкія

Пакуль жа магчымасці развязання збройных канфліктаў не бачныя. Як піша «Bloomberg», сустрэча паводле ўкраінскай «формулы міру», што напярэдадні форуму прайшла ў Давосе на ўзроўні дарадцаў у пытаннях нацыянальнай бяспецы, не змагла пазначыць «дакладны шлях наперад».

«Некаторыя краіны лічаць, што сустрэча на ўзроўні лідараў, на якую спадзяецца Украіна, будзе заўчаснай, у той час як іншыя жадаюць неадкладна ўцягнуць Расею ў гэты працэс», – адзначае выданне.

«Financial Times» агулам піша, што ў мірных перамовах адносна Украіны «больш перамоваў, чым міру». І ва ўмовах вайны ў Сектары Газа і пагрозы яе пашырэння на Блізкі Усход, «Кіеў і яго прыхільнікі адчайна спрабуюць прыцягнуць увагу да канфлікту і працягваюць нагадваць іншым краінам, што Украіна, не Расея спрабуе казаць пра мір», адзначае FT.

Ёсць пытанне і адносна эканамічных перспектываў. Напярэдадні форуму арганізатары СЭФ правялі апытанне вядучых эканамістаў, якое паказала, што наступны год для сусветнай эканомікі будзе «няўстойлівым». Як заяўляецца, яе чакае год слабых перспектываў росту і нявызначанасці, выкліканай геапалітычнымі разладамі, жорсткімі ўмовамі фінансавання і разбуральным уздзеяннем штучнага інтэлекту, піша «Reuters».

Эканамісты чакаюць, што штучны інтэлект акажа нераўнамерны ўплыў на сусветную эканоміку: значна павысіць прадукцыйнасць у краінах з высокімі даходамі ў наступныя пяць гадоў, чаго не скажаш пра краіны з нізкімі даходамі.

Таксама даследаванне якасці эканамічнага росту ў 107 эканоміках свету паказала, што рост большасці краін не зʼяўляецца ні экалагічна ўстойлівым, ні сацыяльна інклюзіўным. З гэтай нагоды СЭФ нават запускае кампанію, каб вызначыць новы падыход да эканамічнага росту і дапамагчы палітыкам збалансаваць яго з сацыяльнымі, экалагічнымі і іншымі прыярытэтамі.

Адной з ключавых падзей на форуме стане закрытая сустрэча 17 студзеня кіраўнікоў сферы фінансавых паслуг. Яны ў прыватнасці, будуць шукаць адказ на тое, як не даць экстрэмальным умовам надвор’я і дэзынфармацыи справакаваць глабальны крызіс у бліжэйшыя пару гадоў, піша «Reuters».

Пакуль жа ў Давосе пратэстуюць экалагічныя і сацыяльныя актывісты, якія абвінавачваюць эліту СЭФ у небяспечным самазаспакаенні з нагоды кліматычных рызык і няроўнасці. Тым больш, што як сцвярджае апублікаванае напярэдадні форуму даследаванне групы «Oxfam», сукупны стан пяці найбагацейшых людзей свету з 2020 года павялічыўся больш чым удвая і склаў 869 мільярдаў долараў, у той час як пяць мільярдаў чалавек сталі бяднейшымі.

Макар Мыш belsat.eu