Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным форуме


Святлана Ціханоўская бярэ ўдзел у Сусветным эканамічным форуме, што праходзіць у Давосе 15–18 студзеня. Мэта ейнага візіту – знайсці новых саюзнікаў для дэмакратычнай Беларусі, сустрэцца з палітыкамі высокага ўзроўню, а таксама выступаць за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі і рэгіёне, паведамляе прэс-служба Офісу Ціханоўскай. 

Святлана Ціханоўская
Святлана Ціханоўская выступае з прамовай перад медыямі падчас візіту ў Сейм і Сенат Рэспублікі Польшча. Варшава, Польшча. 9 студзеня 2024 года.
Фота: Таццяна Верамеева / Белсат

Святлана Ціханоўская выступіць на панэлі высокага ўзроўню «Абарона Адзінага фронту Еўропы» разам з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, прэзідэнткай Вугоршчыны Каталін Новак, прэм’ер-міністрам Харватыі Андрэем Плэнкавічам і міністрам замежных справаў Украіны Дмытром Кулэбам. Акрамя таго, запланаваны ўдзел Ціханоўскай у панэльнай дыскусіі аб свабодзе слова.

Таксама запланаваныя сустрэчы з прэмʼер-міністрам Нідэрландаў Маркам Рутэ і міністрам-прэзідэнтам Фландрыі Янам Ямбанам, прадстаўнікамі бізнес-супольнасці і тэхналагічных кампаніяў, у тым ліку «Google».

Акрамя асноўных падзеяў, Святлана Ціханоўская далучыцца да панэляў, прысвечаных дэмакратыі і яе будучыні, а таксама падзеліцца сваймі думкамі аб Украіне і Беларусі на панэлі CNBC.

Ася Саковіч belsat.eu

Стужка навінаў