Колькасць забітых ад ракетнага абстрэлу жылога дому ў Дняпры вырасла да 35 асобаў


Колькасць ахвяраў ракетнага ўдару, нанесенага расейскімі войскамі па жылым доме ва ўкраінскім Дняпры, дасягнула 35 асобаў. Лёс яшчэ 35 невядомы. Ратавальная аперацыя трывае больш за 40 гадзінаў. Пра гэта паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай АВА Валянцін Рэзнічэнка.

Ратавальная аперацыя на месцы трапляння ракеты ў жылы дом трывае больш за 40 гадзінаў. Фота з тэлеграм-каналу Валянціна Рэзнічэнкі / Telegram/ dnipropetrovskaODA

Кіраўнік Днепрапятроўскай абласной вайсковай адміністрацыі Валянцін Рэзнічэнка паведаміў у сваім тэлеграм-канале, што станам на раніцу панядзелка 16 студзеня колькасць асобаў, забітых у выніку ракетнага абстрэлу расейскімі войскамі дому ў Дняпры, вырасла да 35 асобаў.

«Ужо амаль 40 гадзінаў ідзе ратавальна-пошукавая аперацыя ў Дняпры. Уначы ратавальнікі дасталі з-пад завалаў разбуранага расейскаю ракетаю шматпавярховіка яшчэ некалькі загінулых. Цяпер варожая атака забрала жыцці 35 жыхароў дому. Сярод іх двое дзяцей», – напісаў Валянцін Рэзнічэнка.

Рэзнічэнка таксама паведаміў, што 39 асобаў выратаваныя. Сярод пацярпелых 75 асобаў атрымалі раненні, з іх 14 – дзеці.

«Лёс яшчэ 35 жыхароў дому невядомы. Пошук людзей пад заваламі працягваецца», – падкрэсліў кіраўнік АВА.

Раней паведамлялася, што ў выніку абстрэлу акупантамі дому ў Дняпры загінулі 30 асобаў.

Нагадаем, што 14 студзеня расейскія войскі чарговы раз нанеслі масаваны ракетны ўдар па населеных пунктах Украіны.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў